Ой, трэ мне тэрмінова прывесці сябе ў парадак! Так тут з імі засядзелася, мама мія!..
Пануры дзядок, які ўвесь час не прамовіў ані слова, бытта чакаў сігналу. Усхапіўся, пабалансіраваў на хісткіх адседжаных нагах, злавіў раўнавагу ды буркнуў сабе пад нос:
— Цьфу, як мне абрыдла гэтая селяві!..
Цяпер ўжо некалькі пенсіянераў крэкнулі, узняліся з лавак ды таксама патупалі за Вераб'ём і настаўніцай у горад.
Лаўрэн гэтулькі меў сказаць і пра Васілька, і пра тое, што гаварылі пад навесам іншыя, але з-за сваёй нерашучасці ды нейкай далікатнасці такую магчымасць правароніў. За слабасць гэтую, за комплекс непаўнацэннасці забітага вяскоўца, які ў сабе насіў, чалавека зараз разабрала на сябе злосць.
Падняўся з лаўкі і ён.
ПРА ДРАЎЛЯНЫЯ ВОСІ Ў ТРАЛЕЙБУСАХ. ПРА ГАТУНКІ КАПУСТЫ. ПРА КАРОЎ, КАБЫЛ, АВЕЧАК I ПАРАСЯТ
1
Толькі Лаўрэн вылез з-пад навесаў, як у твар яго пачаў ляпіць той самы цяжкі, мокры і абрыдлы снег, а сырасць агарнула да шпіку касцей. Ад разлезлай снежнай кашы асфальт зрабіўся слізкі, бытта намылены, і нельга было на яго цвёрда ставіць нагу. Лаўрэну адразу расхацелася куды-кольвек валачыся. Ён спыніўся, разважаючы, што рабіць, патаптаўся ў нерашучасці пару мінут.
Тут і ўбачыў свата.
Згорблены, у асеннім макруткім палітэчку, Кірын бацька валокся з вялізным пустым рукзаком у руцэ. Ад разгубленасці Лаўрэну адняло нават мову.
Ані крыху не здзівіўшыся спатканню, сват адразу сваяку вываліў скаргу:
Лаўрэ-эн, ты разумееш, нейкі алкаш ужо ўсё-ўсё тут падабраў! Да адной-адзінюсенькай пасудзіны вызбіраў — падчыстую, гад, сабраў! Каб ён здох, халера!
У вайну Трафім гарэў у танку, таму ўся скура на яго твары была ў такіх шрамах, што, узглянуўшы на яго, паміма волі чалавек са спачуваннем думаў пра такое калецтва. Працаваў ён у гасцініцы швейцарам. У свабодны час лазіў па вядомых сабе мясцінах у горадзе і збіраў пустыя бутэлькі. Грошы за посуд клаў на кніжку — збіраўся купіць «Запарожца».
Напоўнены сваёй бядой, што здавалася вялізнай, як сусвет, Лаўрэн, выслухаўшы сваяка, аж здзівіўся — маюць жа людзі клопат. Буркнуў:
А чаму бутэлек нельга тут збіраць кожнаму? Тут жа не хутар твой — горад!
З-за вывернутага франтавым агнём века Лаўрэна ўпікнула слязлівае вока.
Перад тым як адысці, Кірын бацька заявіў з абурэннем:
Шчэ і сваяк! Скажаш таксама! Гэта — мая зона, якое мае права тут шураваць другі хто?!
Лаўрэн яшчэ крыху нерашуча патаптаўся, затым цяжка ўздыхнуў і неахвотна павярнуў назад. Пад навесам непрыкметна апусціўся на лаўку зноў.
2
Старыя, што так горача абмяркоўвалі Вераб'ёвы вершы, надта ж стаміліся ды папрыціхалі. Лаўрэну выразна стала чуваць, як на самай крайняй лаўцы, дзе жанчыны дагэтуль гутарылі ўвесь час пра штосьці сваё, як бы ў заключэнне тэмы адна кабеціна пачала ўгаворваць другую:
Кінь убівацца! Думаеш, адно твая такая? Даўно сказано — лепш чорт у хату, ніжлі — іншая нівестка! I не маўчы! Такое табе выкінула, а ты — маўчаць!
Прыйдзе час, выскажуса.
Мі-ілая ты ма-я-а! Паслу-ухай ты мяне-е, чалавека быва-алаго! Добрыя аладкі з пятэльні! Калі ўжэ выстынуць, то зусім-зусім не тое! Грэй іх потым ці не грэй — адна халера! Найсамперш вазьмі сябе ў рукі! Адразу! А вернешса зара дадому — зараз жа ёй аб'яві: хопіць здзекувацца!
Яе сяброўка — дакладна гэтак, як гаварылі ў Зялёнай Даліне, баранілася:
— Думаеш, цярпець стану? А нігды-нігдачкі! Ты шчэ мяне не ведаеш! О-о, мяне толькі!.. Ты не думай, што я баюса — нікого цяпер не баюса, от! Ужэ збіраласа пра гэто абоім сказаць і сама, але выпадку не было!
Бо дурная будзеш, калі здачы не дасі!
Усё, усё-о, во табе свенты крыж — ва імя ойца і сына і духа свентэго, амэн!
— Ну, то дзякуй богаві, што цябе нарэшце злосць разабрала, цяпер ты за сябе пастаіш!
З суседніх лавак даляцела роўная плынь іншай гутаркі:
...I гэтаго золата з брыльянтамі — паўнюткі склеп, дальбух! Па самыя вокны дарагого дабра ў ім навалено! Біжутэрыя ўся жарам гарыць, калі свечку запаліш — аж ззяе! Царкоўнымі літарамі пра яе ў старых кніжках напісано. I ўнукі, і праўнукі пра яе ведалі, але хітрыя ксяндзы з панамі нікого не падпускалі да склепа. Як хто разнюхае пра скарб, так яго розныя змеі з павукамі і адпалохаюць. А такі малады вучоны пра ўсё вычытаў у царкоўных кніжках ды пачаў да склепа дабірацца. Але яго забілі! Маладо-ого вучо-онаго і файнаго хлопца — забілі! А потым — забілі кінжалам і другога... Страх, якая файная кніжка. А называецца — «Альшанскі замак». У іншай — пра тое, як памешчыкі чучалы на коней садзілі і дурных мужыкоў палохалі, каб на паляванні ніхто таму каралю, Стаху, не перашкаджаў. Таксамо файная і яна...
Читать дальше