Лаўрэн не паспеў на гэта нічога сяброўцы адказаць, бо ля клеткі з белымі мядзведзямі раптам пачуўся плач дзіцяці. Там грозна закрычаў дырэктар:
Чыё тут малое блытаецца, дзе яго маці?
Сонька з Лаўрэнам спыніліся як укопаныя. Абое зірнулі адзін на аднаго з недаўменнем. А дырэктар крычаў:
Хто пусціў такога падшыванца да драпежных звяроў? З глузду ён з'ехаў ці яму не церпіцца дзіця страціць? А куды падзявалася нашая Касіла, чаму не трымаецца сваго рабочага месца, што ў нас за анархія такая?
Сонька ўстрапянулася:
Бо-ожа літасці-івы, ах, людко-ове, што ж мы з табой нарабі-ілі?! Лаўрэ-эн, ці не твой унук гэто аж туды запёр? — закрычала ўжо зусім сіпла.— Во-о-ой, Барыс Ляксандравіч, бягу-у! Адно на хвіліну, Барыс Ляксандравіч, адышла — земляка спаткала!
Толькі цяпер устрапянуўся і Лаўрэн — Ігара няма!
Што за ліха, куды ж хлопчык падзеўся? Як жа так, гэтага верталёта толькі што трымаў за руку! Моцна трымаў, бо галэпус усё намагаўся вырвацца і турзаўся ва ўсе бакі. Як жа Ігар умудрыўся выслізгнуць і калі?
Ад страху Лаўрэн амярцвеў, не ведаючы, што і рабіць.
Заплаканага хлопчыка неўзабаве прынесла прысмірнелая, вінаватая Сонька, прыгаворваючы:
А во, во, Ігарочак, супакойса ўжэ. I дзед твой цябе во чакае — да свае мамуські зара пойдзеш! Сціхні, дурненькі, не будзь такім плаксуном! Не хліпай ужэ, будзе! Ну, паплакаў і — хопіць!..
БОЙКІ УНУК, I ШТО З ГЭТАГА ВЫЙШЛА
1
Калі дзед з малым прывалакліся з горада, дома засталі гасцей. Да іх завітаў Павел, а з рэйса вярнуўся сам гаспадар. Мужчыны сядзелі перад распячатанай бутэлькай «Сталічнай». Кіра падавала на стол закусь.
— Нарэ-эшце і нашыя валацу-угі з'явіліса, а мы ўжэ праз міліцыю збіраліса вас шукаць! — закрычаў узрадаваны Уладзік. Па яго голасу Лаўрэн адразу вызначыў — сын паспеў ужо добра выпіць і быў, што называюць, «вясёлы з пахмелу».
Калі ўсе павіталіся, Кіра загадала:
Мыйце рукі і вы, хутчэй!
Неўзабаве дзед з унукам вярнуліся з ваннай. Нявестка закамандавала зноў:
А цяпер — сядайце вячэраць! Света, хадзі, дачушка, і ты! — кінула ў дзіцячы пакой.
Праз хвіліну:
Ігар, табе малака ці кефіру?
Нічога не хацу, мамацка.
Мусіш!
А-ай!..
Я сказала — будзеш!
— Ігар, Ігар, слухайся яе! — накрычаў бацька.
Маці стукнула перад малым дзвюма шклянкамі:
На, сам выбірай!
Калі за сталом усе размясціліся, Уладзік з ненатуральным бляскам у вачах пацікавіўся:
Ну, мае Маркевічы — стары і малы, дзе ж вы прападалі аж столькі часу і што рабілі, выкладувайце!
Лаўрэн не назаляўся, бо добра ведаў — пытанне скіравана да Ігара. Што ж, хай Уладзік цешыцца сабе наследнікам, гэта нават добра. Яму затое вельмі не падабалася, што ў сыноў без бутэлькі не бывала аніякай размовы.
Бацьку не раз трывожыла, што ніколі не бачыў у іхніх руках кніжкі, часопіса, ні якіх-небудзь шахмат ці шашак, як у іншых, а толькі — чаркі, чаркі і чаркі. Ніякіх іншых мысляў не мелі, толькі каб выпіць. Бо тады ў абодвух адно і развязваліся языкі. Бывала, калі яшчэ дома пачынаў пра гэта бумболіць, Нінка адразу затыкала яму рот: маўляў, дарослыя, як сабе хочуць, хай гэтак сабе і жывуць, справа іхняя, а ты, стары чорт, не ў сваю — носа не сунь.
Бытта бацьку гэта не датычыла.
Аднак Лаўрэн мусіў падпарадкавацца. Паступова прызвычаіўся на ўсё глядзець і маўчаць, бы нямко, чакаючы з трывогай, што з гэтага атрымаецца, хоць змірыцца так і не змог. Праўда, у душы для сыноў знаходзіў апраўданне.
«А калі ім было заразіцца цягай да тых самых кніжак і часопісаў, шахмат? Пры панскай Польшчы нават Павел не паспеў павучыцца ніводнай зімы. Не цэлы рок пахадзілі да школы ўдвух з Уладзікам, бо Мікалай только што нарадзіўса,— за «першымі Саветамі»[ 24 24 Пэўная частка вяскоўцаў былой Заходняй Беларусі так называе перыяд 1939-1941 гг.
]. А немцы прыйшлі, і ўжэ ніхто нават не чуў пра тую школу. Пасля акупацыі абодва крыху паегдзілі на равэрах у сямігодку да Эйсмантаў. Але ж не дай бог, якія ў пасляваенную разруху настаўнікі былі — хіба ж яны маглі чаму дзяцей навучыць, даць чаго-небудзь святоваго, зразумець дасціпных хлопчыкаў, якіх некуды цягнуло, якім усё трэ было ведаць, бачыць ды шчэ паспрабаваць на зуб? Бедныя мае хлопцы адбывалі тады якуюсьці паншчыну, покуль не засаромеліса ды тае «вучобы» не кінулі. К таму часу пераросткамі пасталі, у школе смяяліея з іх нават малыя, у той час калі ўсюды патрабаваліся працавітыя рукі. Адно потым па тры гады пабылі ў гэтым горадзе ў вучылішчы «фэзэо», як тады школы такія называліса. Але ж чаму тут іх вучылі ў той час? Паказвалі, як разбіраць, як складваць ды рамантаваць маторы, як круціць абаранку і мяняць скаты, ды шчэ якія бываюць тыпы дарог, бензін, масла, бо нагвалт патрэбны былі ўсюды шафёры.
Читать дальше