I во круцяць сабе тыя абаранкі — укалуваюць, як самі кажуць, па гадоў ужэ з пятнаццаць.
Пашанцавала адно самаму меншаму, Мікалаю.
Той паскрэбак мацнейшы быў у памяці — хлопцам надто памятлівым быў, а час яму спрыяў. Колька таму і дзесяцігодку файно скончыў — з медалём нават! Потым адолеў марское вучылішча і даслужыўса аж да капітана. Першы з Зялёнай Даліны, каму выпала правіць марскім караблём. I плавае па свеце недзе ў вялікай пашане. Калі меншы пры Нінцы прывёз у Зялёную Даліну сваю Іну бацькам паказуваць, то свяціўса ўвесь, бы тое сонца на небе. Блішчэлі на ім не толькі залатыя пагоны ды корцік з раменьчыкамі пры боку — уся вёска да яго гарнуласа і велічала Мікалаем Лаўрэнавічам ці — таварышам капітанам. Адны перад аднымі беглі да яго, каб хоць перакінуцца слоўцам. Але ж там і паўзірацца было на каго, і паслухаць, і пагаварыць з кім, а бацькам — з-за каго ганарыцца.
Толькі меншы, бывало, і кароў пасучы, кніжкі чытаў. А ў школу ці са школы ідучы, не выпускаў яе з рук. Часамі і мацеры што-небудзь слёзнае ды жаласлівае прачытваў. Налаўчыўса глытаць іх, жэўжык, па дарозе і ў дождж, і ў завею, і вечарам, і днём. З Нінай не маглі сына аніяк адвадзіць ад гэтай хваробы. Абое з жонкай баяліса, каб што на мазгі хлопцу не ўпало, каб не аслеп, не дай божа, з-за гэтаго ці на якую сухоту не захварэў.
Унь у якое дзело тое чытанне выліласа.
Спачатку загарэўса выдумваннем розных гісторыяў, іх нават газеты змяшчалі, па радыё іх чыталі. Тады яму параілі — каб стаць сапраўдным пісьменнікам, аднае школы і кніжак мало, трэбо жыццё добро спазнаць і людзей. Колік адправіўса ў далёкі край і там во — спазнае. Яму добро і бацькам гонар...»
Ну, Ігар, мы чакаем, што нам скажаш! — падагнаў малога бацька.
Сын перастаў пускаць у кефір бурбалкі і нарэшце заявіў:
А ў заапарку стаяў новы трактар!
О-о, дак вы нават паспелі дайсці туды?!— узрадаваўся бацька.
Вы — што?! — Кіра ўся аж устрапянулася.— А пантэра, што бегае?!
Не бойса, яе даўно злавілі і міліцыя адбой дала! — супакоіў Уладзік.
Хібо што...
Значыць, у звярынцы былі?
Ат, плёнталіса, плёнталіса па парку дый забрылі — ці доўга нам? — удакладніў Лаўрэн, ужо асмялелы, што паход іхні сыну спадабаўся.— Білет мне адно дзесяць капеек каштуе, малому — зусім без грошай... Шкада, хлеба не набралі зубрам...
Хвалю! Вельмі, тату, добра зрабілі! Малому надто карысно! I, кажаш, сын, трактара там бачыў?
Ага. Чырвонага.
Для гэтага, пляменнічак, і ў заапарк не трэба было хадзіць! — пасмяяўся Павел.
Жонка яго была бяздзетная, і ён братавым малым уміляўся, бы сваім.
Але ты, Уладзік, глянь адно, не быў бы то хлопец — першым чынам — што яму ў вочы ўпало, га? Тэхніка!
О-о! Ён у мяне ўжэ даўно ўсе маркі машын разлічвае! Дый не толькі хлопец гэтым цікавіцца! Учора, разумееш, раскалупаў памідор відэльцам і крычыць да Кіры: «Мама-а, ты казала, у ім вітамін многа, а дзе яны?!» Ха-ха-ха-ха! Гэты народзец такое заўважае ўсё-о! Калі ашчэ рабіў на гарадскім маршруце, любіў за імі назіраць. Адарвуцца ад мамаў ды цікуюць праз шкло да цябе ў шафёрку! На прыпынку націскаеш кнопачкі, каб паадчыняць людзям дзверы, а гэтыя з зайздрасцю сочаць за тваімі рукамі ды кантрольныя агеньчыкі вачанятамі аж пажыраюць. У кожнага на вуме адно — дапусцілі б туды яго!.. Ну, ну, кажы нам, што ў заапарку шчэ было, Ігар? — павёў допыт ужо надта горды бацька.
— Шчэ малпа курыла.
Во хуліганка, што ўздумала!
А потым прыйшоў дзядзя і курыць папяросу ёй не даў.
Забраў курыва?
Ага.
I правільна дзядзя зрабіў — нельга ёй курыць.
Ага. У цёцяў ад курэння вусы вырастаюць.
Правільна! Во, як ты сам добра ўсё ведаеш! Ну, і далей што там было?
Тоўстая цёця.
— Тоўстая?
— Угу.
I што ж яна рабіла?
Крычала вельмі на дзядзю.
Ы-ы-ых, крычала?
Ага. I венікам біла.
Адразу — венікам?
Ага! Так — па галаве! Дзядзя руку наставіў, а яна яму па руцэ — бум-м!
Ну-у?! А за што?
Бо малпе курыць даваў. А дзед наш цёцю абнімаў, бо ўжэ будзе з той цёцяй жаніцца.
Каб пад акном у Маркевічаў выбухнула нават бомба, уражанне, мабыць, было б не меншае. Толькі на тварыку адной Святланкі адмалявалася радаснае здзіўленне. Яна шчаслівымі вачыма зірнула на дзеда. Затое ў дарослых ад жаху павыцягваліся твары, і ўсім адразу адняло мову.
Адчуваючы, што дарослым зрабіў якуюсьці непрыемнасць, хлопчык захацеў паправіцца:
У той цёці грошай много... I адзенне... I качкі на рэчцы ў яе плаваюць...
Вінаваты Лаўрэн пастараўся сыноў супакоіць:
Читать дальше