Тут Ігар і ўспомніў — уразіць іх мае чым яшчэ.
А дзед, калі падышла да нас тоўстая цёця, каля белага мядзведзя мяне пакінуў! I я ад яго пабег і пасунуў да белага мядзведзя руку — о-о, так! А белы мядзведзь мяне нюхаў! О, як носам рабіў, так!
Лаўрэн не вытрываў:
Ай, што ты там, малое, трэліш? Шчэ мо скажаш — і лізаў цябе нават!
Ігар сваёй фантазіі даў поўную волю:
I лізаў!
Во-во!
Пра-аўда! А ты не ба-ачыў, бо ўсё з той цёцяй абнімаўся! А мядзведзь мяне ўсё нюхаў, нюхаў і ліза-аў! А прыбег потым стары дзядзя і закрычаў: «Хто пусціў такога хлопчыка да звяроў, яны могуць гэтага хлопчыка з'есці! Дзе хлопчыкава мама?!» А нашу мамку называў дурною і шчэ якось!.. Тоўстая цёця потым на рукі мяне ўзяла, занесла дзеду і сказала: «Ты, хлопчык, не плач, мядзведзі цябе есці не будуць!» Але я ўсё роўна плакаў...
— Шчэ адна новасць! — сумеўся Уладзік.
А ў жонку яго бытта смальнуў пярун:
О, так я і ведала, што гэтым усё мусіць скончыцца! Я даўно пра гэта ведала! Я так і чакала чаго-небудзь такога! Сэрца маё бяду ўвесь час так і вартавала! Кожную хвіліну вартавала! — Маладзіца помсліва бразнула посудам: — Вядома, хіба ж цяпер ён табе глядзець будзе за ўнукам, калі ў галаву яго заселі амуры?!. Хіба ж яму цяпер да гэтага!.. Шчэ якая-небудзь заразная баба трапілася! Яшчэ мо з якой экземай, каростай, а ў нас жа — дзеці! Альбо — шарлатанка! I за што мне такое?! Ты тут старайся ды выкаблучвайся дзень і ноч, у будні і нядзелі, як на гарачай патэльні!.. Ты тут выкладвай усю сябе з раніцы да глыбокай ночы, цягні і цягні свае жылы, каб яму... Каб ім тут... Каб яны... I во, маеш за свае старанні... То ў пральную машыну залез, то — да звяроў, а гэтаму што?!. А яму — усё роўна!..
Кіра расплакалася і пабегла ў свой пакой.
Над хлопчыкам у сям'і дрыжэлі ды трэсліся. Лаўрэн разумеў — цяпер яму ніколі прамашкі ке даруюць. I правільна зробяць. Мужыцкае адчуванне справядлівасці прызвычаіла чалавека змалку праўдзе глядзець у вочы, чорнае называць чорным, белае — белым, а кошку — кошкай.
Усё здараецца — яшчэ як. Унь пры сваёй мацеры ўнук гуляў з сястрой у касманаўтаў, залез у пральную машыну, а выбрацца з яе не змог — мусілі суседа клікаць. У звярынцы, вядома, клеткі агароджаны тоўстымі прэнтамі. Яшчэ і абцягнуты двайной сеткай для страхоўкі — праз ячэйкі можна прасунуць хіба што мезенец. Але ж гэта не мела значэння — драпежная Багіра ўсё ж такі выбралася і адтуль! У звярынцы, як каля агню, не меў права ані на секунду забываць пра гэта ды выпускаць малога з рук. Унука яму даверылі.
Лаўрэн і сам цяпер не разумеў, як тады магло атрымацца,— зда-ецца, пра малога памятаў увесь час і трымаў яго гэтак моцна за руку. Напэўна, адно: здарылася ўсё з-за халернай Сонькі Касілы — тут Кіра праўду кажа. Каб не яна, спакойна паўзіраліся б на звяроў ды пайшлі б.
«Во, Лаўрэне, час які настаў, га? Бацька сынам ужэ непатрэбен, а сыны — бацьку. Бацька гібей — хоць жывым лезь у магілу. I трэба ж было якраз налезці на гэтую сіпатую масалянскую рапуху, каб яна раганула, каб яна! Столькі яе не бачыў, абышлоса б без яе і на гэты раз! Цьфу, каб ты здохла! З-за гэтай тоўстай рэзгіны і бедны Шпакоў Васіль на той свет заўчасна адышоў! Напэўно, з-за яе! Хто б тады ведаў, хто такая Бельская — з Аўгустова ды з Аўгустова, а да горада таго — аж сто кіламетраў, каму хацеласа б туды ісці з роспытамі. Так — не! Вярнуласа, зараза, са служанства ў Масаляны і давай трубіць пра Зюту падрабязно ды шчэ — на ўсю вёску, пра тое, што было, чаго і быць не магло!..»
Зямлячка Лаўрэну здалася ўжо да таго агіднай, што цяпер брыдзіўся б, здаецца, і ўзірацца на яе.
Нядобро выпускаць такого галэпуса з рук... Нельга выпускаць і на хвілю ў тым звярынцы такіх... Сам ведаю, нашто напамінаць мне... Але, дальбо, і не заўважыў нават, як гэты верталёт у мяне выслізгнуўса з рук ды матануў адразу да каліткі... I калі ён файтнуў — потым аніяк у толк не мог узяць!
О-о, такія шурцы вё-орткія! — стараўся як-небудзь згладзіць сітуацыю Павел.— Шчэ помню, як сам быў малы. Так і стараўса даць дзёру ад бацькоў да Нёмна, так і цягнуло мяне туды, бы магнітам! О-о, сколькі раз мяне ўжэ аж каля самай... I што было б, каб яны абое не спускалі тады з нас вока?
Павел пачаў загібаць пальцы:
Макараў Толік кіёчкам калбаціў, калбаціў у мачуліску, дзе каноплю мочаць, галава ад вады закружыласа, ён баўтануў з берага і не выплыў — раз! У Касавокай Хвядоры ўнучак воко выпараў сабе — два! Канцавого Волеся дзеўчынка адно выбегла на агароды, а надворная свіння пальчык — хэп! — і адкусіла. Тры! А ў Мяньках? Сабэсеў хлопчык пляваў, пляваў у калодзеж — вельмі, бачыце, цікаво было яму, як кругі разыходзяцца! — занадто перахіліўса цераз зруб і — плюх туды! Маці прыйшла па ваду, апусціла парожняе вядро і крычыць мужыку, які шмараваў колы ў воза: «Юлек, а ці не наш індык зваліўса ў калодзеж, глянь ідзі!» А гэто...
Читать дальше