Шчэ як Фэля пачынала толькі курыць, я аблаяў, а маці, замест таго каб мяне падтрымаць, з кіпцюрамі: «Ты чаго да дзіцяці ле-езеш, сама ведае. што ро-обіць!» I во ўчора ляглі вечарам на канапу ды паміж сабой — бу-бу-бу-бу! А тады мне — ідзі па чамаданы. Ну, схадзіў. Выпілі з Віктарам чарку, другую. Пагутарылі, як людзі, пра жыццё... Я разумею яго: тры гады распісаныя, а патомства — ніякага! Есць усё несалёнае, цукру — ні ў рот, адкуль дзіцяці быць — ад нікатыну ды кавы? Фэля ад усяго гэтага — адна скура ды косці, а хіба ў машчах зародзіцца табе новае жыццё?..
I от так разыдуцца на тыдзень, каб потым зноў!.. Усё гэта можна прадбачыць і не паўтараць тых самых глупстваў! Але ж адна і другая — дурныя, уладалюбівыя ды, як графіні, амбітныя — слова праўды не скажы!
I тут разжалены Эдвард яшчэ болей прыстаў да пасця-рожаных партнёрш:
Жыццё гэта, па-вашаму?
Чалавек закрануў балючую для абодвух струну. Ды хіба — для абодвух? Нават каб і Віктар тут быў, і ён паўтарыў бы ўсё за цесцем, напэўна — слова ў слова.
Мужчыны паспешліва высушылі шклянкі ды адчулі раптам, якія яны ўтраіх нешчаслівыя, колькі даводзіцца ім кожны дзень дома цярпець. Яшчэ адчулі, якую вялізную асалоду дае мужчынская салідарнасць. Яны, парэшце, могуць уволю выгаварыцца, знайшоўшы спагадлівых, сардэчных слухачак. Эх, каб жанкі ведалі, з кім яны тут,— усе тры аж пазелянелі б ад злосці. Так ім, заразам, і трэба. Бо ўжо сабе вырашылі: мужы — памыйныя вёдры для іх. Бачыш ты?
Казімір не любіў адкрываць душу, але цяпер нават і ён пачаў выкладваць свае беды. Гэтаксама няма ладу з жонкай. I яго Яніна не можа цярпець словы праўды. Смех! Калі ажанілі старэйшага, яна ноччу спрабавала сцягнуць з нявесткі коўдру, каб накрыць свайго Тадэвуша, а катлету на абед смажыла сыну асобна — на масле, Казімір пачаў Яніну дакараць, а тая дурніца — у плач, маўляў, што з яго за бацька і ёй за памочнік — спрыяе больш чужому чалавеку.
Меншы прывалок аднекуль новенькі веласіпед, ездзіў адзін дзень, другі. Казімір жахнуўся — ці не крадзены, ды выцяў Франака па попе. Яніна адразу ў крык: навошта мардуеш дзіця, цяпер чэсна ніхто не жыве. Чулі вы такое?!. Ледзь удалося паперці Франака са знаходкай назад. Падпарадкаваўся, бо яшчэ малы.
Што з яго будзе пры такой маці, калі вырасце?
Хіба ў наш час ты, бацька, можаш яму быць аўтарытэтам?
Цяпер, Эдзік, мала, каб у дзяцей былі бацькі. Шчэ трэ, каб яны былі кімсьці. Адно тады яно будзе цябе цярпець ды паважаць. А хто я для сваіх сыноў? Звычайны майстра невысокага разраду з тэлеатэлье, а ты для сваёй Фэлі — задрыпаны слесар я «Рамбыттэхнікі», варты жалю халтуршчык. I такімі да смерці застанёмся. Толькі, ведаеш, маладыя недзе маюць рацыю, што стараюцца адразу жыць сваім розумам. Мы з табой многа выйгралі, слухаючы ва ўсім мацярок? I чаму ён ва ўсім слухацца, скажы, павінен? Вазьмі майго Франака. Шчэ горкае дзіця, а колькі кніжак перачытаў, колькі ведае, чаго мне і не снілася. А загаворыць ужо Тадэвуш са сваімі сябрамі-інжынерамі, то я сяджу — бы на турэцкай казані. У нас у каго дыплом, той схему тэлевізараў чытае, як газету. Такі табе мігам разбярэ ды складзе нават японскі каляровы, і палучку атрымлівае за мяне ў два разы больш, і дома — аўтарытэт!
Казімір уздыхнуў:
— Вядома, і я, напэўна, так змог бы, калі б вучыўся!.. Напэўна, змог бы і ты!..
Налілі, перакулілі шклянкі зноў ды перад маўклівымі слухачкамі пачалі скардзіцца на сваё дзяцінства.
Раслі без бацькоў. Мацяркі абодвух — фанатычныя каталічкі з-пад Сапоцкіна — у часы пана Пілсудскага прыехалі ў горад служыць ды нажылі іх з салдатамі. Пасля апошняй вайны абедзве не вылазілі з касцёла ды ўсё чакалі перамен — то прыходу Мікалайчыка, то Андрэса, то Чэрчыля, то амерыканцаў...
Рэдка знойдзеш мацярок, якія б з-за сваёй цемры аж так нашкодзілі родным дзецям. Замест таго каб абодвух выпраўляць у школу, адна і другая сапацкінка хавалі сыноў ад усенавуча ды пасылалі ў фарны касцёл на службу «міністрантам». Калі ксёндз на лацінскай мове спраўляў малебен, хлопчыкі ў кароткіх белых балахончыках, са званочкамі, суправаджалі яго, а мацяркі з пярэдніх лавак замілавана глядзелі на сваіх анёльчыкаў. Перад самай смерцю падабралі ім нават нявест. Шчэ прасачылі, каб і шлюб адбываўся па ўсіх правілах веры.
Колькі потым абодва змянілі работ, ганяючыся за доўгім рублём!.. I вось праходзіць жыццё, а чаго дасягнулі?
Спахапіўшыся раптам, ці не зашмат нагаварылі, мужчыны глянулі на сваіх партнёрш.
Усё ў парадку, дарэмна непакоіліся.
Читать дальше