Мужчына з жывоцікам апасліва азірнуўся на партнёршу. Чарнявая не слухала. Забыўшыся аб усім на свеце, не без какецтва і тонкай грацыі, абцягвала капрон на зграбным каленцы. Яе штампаваная напарніца трымалася за бурштынавыя пацеркі ды некага выглядала. Можна апавядаць далей.
Ніколі не паверыш! Слухай! Там ваш шафёр — дзябёлы хлопец у джынсах — аблапіў, шэльма, прыёмшчыцу ды — цалу-уе!!
Разбавёны таўсцячок пастараўся разгледзець у сябра такую ж самую зацікаўленасць. Але той, расставіўшы на падаконнік бляшанкі з кількай, паклаўшы на паперу хлеб, як бы цягнуў час і думаў пра іншае. Надта сур'ёзны адкаркаваў бутэльку «цынандалі», паставіў на святло, здзівіўся:
Аж гарыць, хале-ера!..
Слу-ухай, Ка-азік! — вяртаў яго сябар да навіны.— Лячу да цябе ў цэх, а паміж сценак з тэлевізараў — той, з капузай чорных валасоў на галаве, цалуе вашу Дануту, уяўляеш?! Хі-хі-хі-хі!.. Ён высачэзны, гэтая каратышка прыўстала на пальчыкі, аблапіла за шыю ды ўся да яго аж прыліпла! Хі-хі-хі-хі!.. А я, замест таго каб праляцець міма, разгубіўся ды кідаю: «Дзіндобры, Данута Антонаўна!» Хі-хі-хі-хі!.. Шчэ здуру і пытаюся: «Мой Казік у сябе, я яго застану?» Хі-хі-хі-хі!.. О-ох, цы-ырк!..— выцер ён слёзы.— Але, скажы ты, і зносу гэтай бабе няма!.. Сколькі ёй, гадоў за сорак, напэўна?!.
У чарнявую прыёмшчыцу з поўным і ружовым целам Казімір быў безнадзейна закаханы. Разліваючы ў шклянкі чырвоную вадкасць, са штучнай абыякавасцю ён сказаў:
Траіх радзіла. Старэйшаму прыйшла павестка да войска, а сама шчэ — як спелая ружа. А гэты гіцаль толькі што ў нас з'явіўся, і ўжо бачыш?! — не то паскардзіўся, не то паціху загаварыў сам з сабой Казімір.
Чорт, чаму так на свеце ўсё несправядліва?!. Ну, Эдзік, бяры сваю, не цягні! Наліў табе поўную — як вока! Як ты ёю чокацца будзеш?!.
У Казікавым тоне сябар адчуў нешта няладнае. Эдвард вінавата глянуў на Казіміра ды ўзяў асцярожна шклянку. Іхнія партнёршы віно не пілі — вытанчаным і кволым модніцам каньяк падавай, ром ды шампанскае. Але па даўняй завядзёнцы дзвюма шклянкамі чокнуліся з імі ў тоўстае шкло.
Ну, дык за нашага Юрыка!..
Хай яму зямелька пухам будзе!..
У-ух-х!..
Закусваючы, абодва задумаліся. Успаміны пайшлі даўнія, непрыемныя.
Калі з гарадскога цэнтра паднімацца па Віленскай вуліцы, адразу за Гараднічанкай на самым касагоры перад вінзаводам — драўляны домік. У ім калісьці жыла сям'я Карпюкоў з-пад Гайнаўкі. З адзіным сынам гайнаўчаніна, з Юрыкам, абодва мужчыны сябравалі. Трагедыя здарылася, калі хлопчыкі мелі па адзінаццаць гадоў.
Возера, што і цяпер блішчыць у канцы вуліцы Каліноўскага, калі ехаць на Пышкі, тады было паўнаводнае. Летнім днём сорак другога года сябры ў ім доўга плёхаліся, ловячы карасёў, ды не заўважылі, што паступіў каменданнкі час. Дабіраючыся дамоў, трапілі на вочы патрулям. Немцы не павалаклі іх у камендатуру — вырашылі штрафнікоў пакараць на месцы, але так, каб абарыгены і дзесятаму заказалі, як парушаць «новы парадак». Яны пусцілі ў ход прыклады. Аднаму хлопчыку насадзілі сінякоў.
Другому — звярнулі шыю. Прыклад трэцяга салдата перабіў малому Карпюку пазваночнік!
Юрык мучыўся гадоў з дваццаць. Знайшлася нават удава, што выйшла за Карпюка замуж. Толькі дзяцей яны не мелі: ніжэй пояса ў інваліда ўсё амярцвела. Юрык не ўставаў з ложка.
Памянуўшы яго, мужчыны захмялелі. Моўчкі закусвалі, яны ж надта захацелі выказаць свой жаль, а побач былі пакорныя слухачкі — зусім староннія, таіцца перад імі няма патрэбы.
Лысаваты пачаў здалёк.
Ай, добра, Казік, што цябе застаў! Жонка зарплату заграбастала, ледзь паспеў чырвонец перакласці. Дамоў не панясеш, бо куды ты яго схаваеш, зараза, усе твае кішэні ведае — трэ неадкладна пусціць грошы ў дзела. Пачаў перабіраць падзеі і спахапіўся — гадавіна ж сёння! Кірую да цябе, а паміж тэлевізарамі — прыёмшчыца з гэтым, цырк!..
О-о, не толькі кішэні — кожную тваю нітачку яны дасканала ведаюць! — Казімір адцягваў увагу на іншае.— Зрэшты, ім, бедным, таксама не соладка. У маёй кабеты вены ўздуліся...
Што ты іх бароніш, Ка-азік?!. Я са сваёй насмерць пасварыўся! Зяця майго ведаеш? Учора жонка з дачкой зноў пасылалі да Віктара забіраць чамадан з Фэліным дабром, а мне разумей — разводзяцца. I ўжо каторы раз!.. Цырк!..
Эдвард паспяшыў растлумачыць партнёршам, якія, здавалася, праявілі нарэшце да размовы абодвух мужчын цікавасць:
Віктар — залаты хлопец, але ж дома нават не пікні пра гэта — дачка з жонкай вочы выдзеруць! Паслухайце вы толькі! На дзень нараджэння купіў яму электронны гадзіннік. Шафёру хранометр такі — знаходка. Ідзе — секунда ў секунду, накручваць не трэ, а трасі яго і кідай — як хочаш! То што вы думаеце? Як уз'елася на мяне дачка, а з-за чаго? Праявіў вольнасць — яе не спытаўся! Жонка адразу — падтакваць! Каб немаведама што выкінула дачка, мая баба зараз жа заступіцца — цырк!..
Читать дальше