Нарэшце падыходзім да нізенькай шэрай пліты. Моўчкі чытаем на бетоне літоўскія і рускія літары:
«МЕСЦА ПАКАРАННЯ СМЕРЦЮ КАСТУСЯ КАЛІНОЎСКАГА,
10-ІІІ-1864 г.»
Лаканічная інфармацыя стварае эфект няўмольнай верагод-насці. Адчуванне позы імгненна знікае. У застылым паветры ўжо мрояцца злавесны дробат вайсковых барабанаў, затоенае дыханне ды напружаная ўвага шматтысячнага натоўпу, якому юны рэвалюцыянер-дэмакрат кідае крылатую фразу. Ужо здаецца, што нават гэтыя сытыя груганы сядзяць тут на таполі з таго самага дня, а пясчынкі, якія па дарозе да шыбеніцы тапталі дужыя ногі дваццацішасцігадовага хлапца, хапаюць за душу, крычаць:
«Глядзіце, глядзіце! Ён тут загінуў, а вы — значна старэйшыя — красуецеся, радуецеся жыццём, строіце сабе планы!»
Прысмірнелыя, задумваемся. Не ведаю, як «Курмяліс», бо я падумаць меў аб чым. Каліноўскі родам з Мастаўлян — пяць кіламетраў ад майго Страшава. У той вёсцы памяшчаўся наш прыход, у Мастаўлянах пахаваны ўсе мае продкі...
* * *
Напалоханы паўстаннем царскі ўрад яшчэ доўга загадваў старастам ганяць мужыкоў, і яны высякалі на дзвесце сажон густы лес паабапал чыгункі Беласток — Баранавічы: і за маёй памяці ўздоўж пуці каля нас сасоннік рос малады.
Вакол страшаўскога поля ляжаць урочышчы Шалашоўка, Стоіска і Стойбішча — так названыя людзьмі мясціны, дзе паўстанцы левага і правага напрамкаў стаялі лагерам. Пасучы кароў, мы капаліся там у мху, чарназёме і купінах — шукалі шабель, пік, шампалоў ды потым вымахвалі імі, уяўляючы сябе героямі.
У той самай «Шалашоўцы», «Стойбішчы» і «Стоіску» табарыўся і мой атрад. Адно цяпер магу па-сапраўднаму ацаніць, якімі шчаслівымі выдаліся нам тыя мясціны. Мясцовасць навокал была напічкана немцамі — у бункерах на пуці, шашы, станцыях і паўстанках; у Гарадку, Валілах, Міхалове і Крынках. Гітлераўцы напалі на атрад толькі адзіны раз. I тады вітаў над намі апякунчы дух слаўнага земляка. Салдатам удалося нават падкрасціся да атрада ўпрытык, а загінуў адно шаснаццацігадовы Сашка Янкевіч са Скраблякоў.
Запаветныя мясціны людзі таксама называюць і цяпер. Там грэбаюцца новыя пакаленні хлопчыкаў, шукаючы заадно ўжо і слядоў Вялікай Айчыннай вайны.
Пра паўстанцаў наслухаўся я ад старых. Маю дзіцячую душу ўражалі неверагодныя дэталі, але ж страшаўскія дзяды яшчэ добра памяталі выгляд, цяпло рук і клопаты тых людзей, чаму ж мне не верыць сваім людзям? Знаёмячыся цяпер з артыкулам іншага вучонага пра тую эпоху, так і хочацца сказаць аўтару: ой, братка, усё тады было, мабыць, куды больш складана!
Пакаёўка страшаўскога пана Златніцкага была яго і наложніцай. Калі зацяжарала, выдалі замуж за майго прадзеда. Бабуля пра лёс сваёй маці апавядала нам гэтак:
«Сам Златніцкі надта ўжэ быў ласы да дзевак. Каб утрымаць мужа дома, жонка падбірала яму пакаёвак: так і трапілі ў панскія пакоі мама. Жызню яны мелі там — не дай бог! Вернецца, бывало, пан з паляванняў, і ты, Гэля, звалакай з яго боты, тады гэтымі чобатамі Златніцкі цябе — па гарбе! Шчэ мусіш усміхацца — у пана такая забава. Пакорміш і кладзіся з ім у ложак, грэй яго ды цярпі здзек, пра які ўжэ вам, дзеці, і язык не паварочваецца ў мяне перадаваць».
Панскія коні і быдла маглі зайсці на мужыцкія загоны, але пасмела б карова селяніна ступіць гэтак на панскае! Тады нельга было знайсці памешчыка, які б не судзіўся з вясковымі.
Таму вёска да памешчыкаў і паноў таіла закаранелыя крыўды, лютую варожасць.
Паўстанне рыхтавала свядомая інтэлігенцыя ды памешчыкавыя сыны. Пераважна былі яны студэнтамі ці толькі што скончылі вучобу. Супроць сябе загаворшчыкі мелі сілы магутнай імперыі, дзе па словах Леніна «...народныя масы спалі яшчэ непрабудным сном...». Загавор-шчыкаў было мала, ды і тыя адразу падзяліліся на два скрайнія блокі — «чырвоных» з праграмай радыкальных рэформ і — «белых», што так і не маглі падняцца вышэй лозунга: «Польска ад можа да можа». Ідэйныя спрэчкі паміж паўстанцамі адбываліся ў штабах і кабінетах, простыя людзі ў іх не надта разбіраліся.
Да ўсяго, загаворшчыкі выбралі неадпаведны час. Цар нядаўна знёс прыгон, і на вёсцы чакалі «парцэляцыі» грунтаў. Сяляне адразу западозрылі: паўстанне рыхтуюць памешчыкі, бо хочуць, злыдні, вярнуць ранейшыя парадкі. Замест еднасці паміж паўстанцамі і народам узнікла ледзяная сцяна варожасці. Які гэта дало вынік, вучням цяпер апавядаюць на ўроках гісторыі, а я праілюструю страшаўскімі прыкладамі.
Дзед нашага суседа — Шымановага Санькі — перад смерцю пад сакрэтам прызнаўся ўнуку, як знішчыў двух «злыдняў-паўстанцаў».
Читать дальше