На памяць чамусьці прыйшло, што кожны новы зялёнадалінскі старшыня, прыняўшы калгас, пачынаў сваю службу з таго, што абавязкова прыязджаў сюды ды прыкідваў — як ачысціць палетак ад перашкоды для машын. Зробіць, бывала, дакладны абмер каменя, прыкіне ва ўме яго кубатуру, вылічыць вагу і зноў пераканаецца, што ніякая яму вядомая тэхніка аграмадзіны не зрушыць нават з месца. Што рабіць? — ламае галаву чалавек. Пасылаць сюды падрыўнікоў з аманалам? Шкада гробіць такога прыгажуна...
Канчалася тым, што кожны старшыня толькі ўздыхаў ды і пакідаў камень у спакоі. Ад такіх успамінаў Лаўрэн нават хітра ўсміхнуўся. Стаяў доўга і глядзеў.
Трактарысты бурачнае поле плугамі не пагрэйзалі, узаралі не абы чорным паверх, а з любоўю да зямлі: на адпаведную глыбіню і як пад лінеечку — баразёнка ў баразёнку. Усім сваім мужыцкім нутром Лаўрэн адчуў, як і на гэтым палетку добра ўгноена ды выраблена зямля. Плённая, вялікая праца вяршылася якраз у ёй. Цяпер гэтая зямля — бы разведзенае ў дзяжы цеста з першагатунковай мукі перад калядамі — брыняла і дыхала, жыла і бруіла, з-за чаго мільярды бязгучных сняжынак, ледзь далятаючы да яе, імгненна раставалі. Над полем узнімаўся лёгкі і прыемны парок, бытта пасля цёплага дожджыку летам на лузе лёгка дыміць ён над каровамі.
Ці з-за таго, што Лаўрэн аж пяць месяцаў жыў на паркеце ды кожныя чатыры дні прымаў ванну, ці па іншай прычыне, толькі хутар цяпер уражання на яго не зрабіў.
Не было на што глядзець.
Голыя ліпы з разлезлым бусліным гняздом. Пацямнелая ад моху дахоўка з недарэчным надпісам «1935», які з жоўтага за гады стаў цёмна-карычневым. З коміна курыўся ляніва дымок. Заядла брахаў чужым голасам сабака. Лазілі стракатыя куры. Хтосьці з вядром ішоў да хлява...
Дом, ліпы, плот, хлеўчыкі — хутар як хутар, якіх над Нёманам — сотні. Пра тое, колькі там было перажыта ім са сваімі, бытта — ні слядочка.
Чамусьці ўпершыню Лаўрэн убачыў, што яго драўляная хата складзена з крывога бярвення, і ўспомніў — на першагатунковае дрэва не хапіла грошай: ляснік Шмігельскі, вядома, быў лайдаком, але сачыў строга, што мужык вязе з лесу. Зараз не мог зразумець — чаму сцен хоць не ашаляваў? I часу меў дастаткова, і шалёўка знайшлася б!.. Дом здаўся старым, прымітыўным ды аслізлым ад вільгаці з расталага снегу ды старой гнілі. Усёй сваёй спіной, усім целам ад пят да галавы выразна адчуў, як зараз стыне там халадзіна і сырасць — на кухні, у баковачцы, у вялікай хаце, у сенях і свірне. Што тыя печы — палі ў іх не палі, а хата яго так і будзе зімаваць, поўная сырасці і халадзіны. Да сярэдзіны вясны так працягнецца, да самага вялікадня...
Ды і жылі цяпер пад тым дахам зусім незнаёмыя людзі. Ну, прыпрэцца да іх і што скажа? Як тым людзям глядзець будзеш у вочы?! Напэўна, там усё перасяленцамі спляндравана, перароблена і перайначана. Толькі жанчынам уласціва ўсё захоўваць ды перада-ваць, а чужая гаспадыня — чужы дом і дыхае ўжо сваім духам. Прыезджыя завялі прытулак паводле ўласнага густу, а ў яго, Лаўрэна, прытулку ўжо ніколі не будзе — круці не круці, а нічога не выкруціш. Усё, што за тым роўненькім плотам ён перажыў, цяпер для яго замкнёна на сем спускаў — не варта старое чапаць. Нагадаўся сумны выпадак.
На яго ліпе з даўняга часу гняздзілася пара буслоў. Самец сваёй палавіне быў надзвычай верны і стараўся для яе, бы разумны чалавек. Калі ў спёку самка выседжвала маладых, бусел прывалакваў дабычу, вывальваў яе з горла на ражны перад сваёй палавінай — на, падмацуйся, нябога. Накарміўшы жонку, расхіляў над ёй буданчыкам чорныя крылы ды на сваю кабету зважліва, рытмічна і далікатна ганяў ветрык. Гледзячы на яго старанні, аж уміленне чалавека брала. Складзенымі ў два вялізныя зігзагі крыламі ганяць ён мог гэтак паветра некалькі гадзін — адкуль столькі цярпення і сілы бралася ў вутлай птушкі з доўгімі тоненькімі костачкамі.
У той год, як памерла Ніна, самку якісьці гіцаль на балоце забіў — стрэльбаў цяпер па хатах колькі хочаш, і бабахаць з іх рукі многім аж свярбяць.
Самец з тыдзень не знаходзіў сабе месца. То кружыўся над хута-рам, то падаў на гняздо, апускаў дзюбу ды прывабна клекатаў, клека-таў і клекатаў. То, бытта напалоханы раптоўна нечым, акурат яго хто кальнуў у бок, усхопліваўся з гнязда, даваў над вёскай круга, але за-раз жа вяртаўся зноў. А потым унь там, над поплавам, набраў вышы-ню ды з усяго маху грымнуўся аб зямлю, пераўтварыўшыся адразу ў камячок чорна-белага пер'я, з якога шыльцамі вытыркаліся тыя ж паламаныя костачкі ды чырвоная дзюба, а таксама галянястыя ногі.
Читать дальше