Доўга на ферме ўспаміналі выпадак ды ганарыліся сваёй даяркай. Калі ж прыязджала якая-небудзь камісія, загадчык з той пары спатыкаць гасцей пасылаў толькі Марыю і ніколі не каяўся — гэтая няпрошаных спадарожнікаў справаджвала хутка.
Няўжо перад ім тая самая жанчына?
Тым часам сваячніца скорагаворкай сыпала:
Добро, дзеверку, ой, як файно, што ўздумаў пра мяне ды завітаў у мой дом! Бо Франак, гіцаль, каторы дзень не з'яўляецца — знік некуды, і годзе! А прыйдзе — мало толку! Як з апалу, уварвецца ў хату, кіне што-небудзь на зубы, памяняе майку, трусы ды зноў кудысь прэцца!
Раптам занепакоілася:
А ці добро табе на гэтым табурэце сядзець? Крэсло унь сабе вазьмі!
Буду ўжэ тут, якая розніца...
Рабі як сабе хочаш — будзь як у сябе дома!.. О-ой, які маладзец, што заглянуў, бо так хочацца пабачыць хоць якога сваяка, блізкаго і роднаго чалавека, хоць перакінуцца з ім слоўцам, а іх у мяне мало, і ляжы адной!
У цябе ж самы галоўны — сын!
О-ой, Лаўрэнку, пра што ты?! Ці дасі ты веры — мяне не так ён, як чужыя людзі даглядаюць, велькае ім усім дзякуй! Учора балон з газам памянялі мне газавікі. А старшыня — ах, які ён у нас людскі чалавек, каб яму бог даў здароўя! — брыкету свежаго цэлую машыну прыслаў! Заўчора з «Быткамбіната» чыстую бялізну прывязлі, то во, адразу і памяняла: ляжу на ёй, бы тая пані Вішпінгова, а згомтаную — у сцірку забралі! Даяркам палікмахера маюць прывезці, то заказала, каб і да мяне завялі!
Тут сваячка з несвядомым какецтвам пакруціла галавой ды на манер, як рабілі даваенныя гродзенскік паненкі, а Марыя ад іх пераняла, напэўна,— падбіла сабе далікатна за вушамі валасы — спачатку адной жменяй, затым — другой.
Бы той магнатцы табе патураюць! — не ўстрымаўся ад здзіўлення сваяк.
Яй-бо, патураюць! Абяцалі цілівізар яшчэ да вечара з рамонту вярнуць! Паштарка нават пенсію прывязла на ровары і выдала! А толькі што вучыцелька са школьніцамі мяне навясціла: паршуку цеста занеслі, курачак мне павыпускалі -— хай палазяць на падворку па чыстым паветры крышку ці хоць пастаяць пад акапам на адной назе, і ўсё нясціса лепш будуць! Дзяўчаткі, каб яны ўсе раслі здаровыя, печы заадно напалілі, а то да ранку сырасці надуло мне ў кожны вугал. Мела хэнць на яечню, то насмажылі на масле, добро мяне накармілі і во гэтых самых халерных грэлак наставілі — ляжы, бабо! Шчэ потым нават мокрай анучай пагвэздалі падлогу!
Падумаўшы з жахам аб сваіх ботах з граззю, Лаўрэн зірнуў уніз. Сапраўды, у памяшканні было прыбрана. Нават віднеліся свежыя сляды ад вады на дошках падлогі, ад чаго велькая хата і мела святочны выгляд. Толькі ў кутку, пад абразамі бязладна горбілася нейкае ламачча, але ў паўзмроку нельга было разабраць.
О-ой, Лаўрэ-эне, пойдзеш назад, то абавязково зірні за мой хлеўчык і правер, ці дзеці часамі не выкінулі на-сметнік скарлупіны ад яек! Шчэ куры, заразы, знойдуць, а потым яйкі свае пачнуць дзяўбці!
Ён добра памятаў, як некалі сам чытаў абедзвюм сёстрам з насценнага календара параду гаспадарам і гаспадыням — наадварот, курам скарлупіны ад яек трэба якраз і даваць, пакрышыўшы, бо інакшу дамовых птушак вапны не хопіць у арганізме, і яны тады пачынаюць несці бурхлі.
I во — маеш.
Нінка калісьці падтаквала яму, слухаючы, як чытае каляндар, але да канца дзён сваіх не магла пераадолець у сабе вясковага забабону — такая дакладна і сястра.
Ці толькі ў гэтым падобныя?
Знахароў Нінка заўсёды высмейвала, а перад смерцю і яна папрасіла прывезці рэмуцеўскую бабу Агату ды загадала сябе акрапіць свянцонай вадой перад смерцю.
Альбо ўзяць таго валуна каля могілак.
Дзед калісьці, адлупіўшы кавалак на крыж, потым яшчэ штосьці намерыўся рабіць і павыдзёўбваў у камені цэлы радок дзірачак для клінкоў. Потым штосьці яму перашкодзіла. Дзіркі паступова зацяг-нула машком. Вясковых баб часам бытта хто спецыяльна падбух-торваў. Яны з панікай пускалі пагалоску, што ноччу па валуне хадзіла сама мацер божая. Тады, дурніцы, хапалі малых, ляцелі да валуна ды маліліся, маліліся і вішчэлі. З імі разам бегла, вядома, і Нінка. Веча-рам жонцы тлумачыў, якія і ад чаго на камені гэтыя «слядочкі».
Жонка падтаквала яму, шчэ і смяялася з дурных баб, але ў нас-тупны раз паўтаралася ўсё тое самае зноў. Потым ужо прызнавалася: у сляды ніколі не верыла, але заўсёды іх баялася і не магла з сабой нічога зрабіць. Лаўрэн ёй толькі спачуваў.
Самотнаму чалавеку кепско, факт. Хлопец твой цёнгле ў дарозе, бы мае сыны, і карысць для цябе, Марыя, з яго малая. Бо, вядомо, сын — не дачка. Нінка мая, памятаю, таксамо часто пра гэто гаварыла, але так дачкі і не дачакаласа. Тады на нівестак стала надзею ўскладваць. I што думаеш? Хлопцы завялі тых жанок, нівестак у яе стало аж тры, а ўсё адно радасці не мела. Пасля чакала надто, каб унучка пабольшала ды стала памагальніцай. I тут...
Читать дальше