Не ўгаварыўшы бабку, Анатоль Паўлавіч завесіў бажнічку. Скасавурылася Марчыха, падцяла губы: «Запнуў-такі! А-я-я-й, i не грэх!»
На другі дзень перанесла абразы да сябе i паставіла ў куце на лаве. Анатоль Паўлавіч часта раеказваў, як «перамог» бабку, i смяяўся.
Цяпер ён нешта дапісаў, прайшоўся па настаўніцкай.
— Вы не вельмі перажывайце, Вера Рыгораўна. Я вось толькі думаю, як вы справіцеся з касцюмамі i дэкарацыямі. У нас жа нічога няма. Хацелася б хоць прыблізна нешта людскае зрабіць. Можа, варта папрасіць нашага заўхоза. Ну, Аляксея Іванавіча. Ён чалавек бывалы, у горадзе жыў, многае ўмее.
— Праўда, папрасіце, Анатоль Паўлавіч.
Выйшаўшы ca школы, Вера азірнулася. На замёрзлых шыбах асветленага акна калыхаўся схілены цень дырэктара.
А сяло прапахла лазневым духам: цягнула адсырэлым дымам i распаранымі венікамі. У сутонні відно было, як з нізенькай лазні выскоквалі босыя, у адных сподніках, распараныя мужчыны і, не спяшаючыся, ішлі па хрусткім міезе. У Аляксеевым двары ў прыліплай да цела доўгай кашулі, з распушчанымі падшэрхлымі валасамі Ленка спакойна перабірала навіны з суседкаю, якую запыніла па дарозе да студні. Ад такога відовішча Веру навылёт праціналі дрыжыкі: у боціках i лёгкім гарадскім паліто i так ніколі не было горача.
За сцяною стагнала i крактала распараная Трахімаўна. Пачуўшы, як бразнулі дзверы, гукнула:
— Ідзі, Верачка, парыцца. Газнічка на акне, i вады поўненькая балея. Калі горача, можаш прачыніць дзверы. Ara, там жа табе абноўку прынеслі. Памерай. Ну, змей, i адпаяў жа Архіп. Ідзі, ідзі. О-ох, i ўхвасталася — усе костачкі заходзяцца.
— Дзякуй, Трахімаўна. Схаджу.— I ўбачыла каля ложка новенькія зграбненькія валёначкі, з абцасікамі i шчыгульнымі кірпатымі наскамі. Яны пахлі прыпаленай воўнай, a гладкія, абсмаленыя, каб не калмацілася поўсць, халяўкі аж рыпелі. Падняла валёначкі i разгубілася: «Гэта ўжо занадта! Не, аддам назад! Вось чаму ён пытаў пра памер абутку!.. Узяць — значыць, быць нечым абавязанай, залежнай. Не, не, не вазьму». Але валёначкі былі такія лёгенькія i прыгожыя, такія неабходныя ёй, што закарцела памераць, a калі адчула ўтульную цеплыню, не захацелася здымаць.
Яна прайшлася па пакоі, паставіла на падлозе люстэрка i пакруцілася перад ім. Нават прыгожа! «Ну, што ж, заплачу колькі трэба i буду насіць. Ён проста паклапаціўся, каб не мерзла, i заказаў свайму гаспадару-пімакату напавер. Што тут, нарэшце, такога? Звычайная людская ўвага».
Веры было прыемна ад гэтай увагі, як i кожнаму, хто адчуе клопат пра сябе. I зноў захацелася ўбачыць Аляксея, але ведала, што ён сёння не прыйдзе. У «лазневыя» дні звычайна чужыя не хадзілі да суседзяў, бо з парнага пекла выскоквалі ў адных кашулях, пілі чай i астывалі неапранутыя. A Трахімаўна хвасталася так, што ледзьве ўпаўзала ў хату, клалася на кашму пасярод падлогі, стагнала i вохкала ад задавальнення, пакуль не засынала.
Хоць i страшна было лезці ў напаленае да трэску i шыпення пекла, Вера распранулася, накінула паліто, узаткнула на босыя ногі халодныя боты i пайшла ў лазню. Перад дзвярыма стаяла некалькі жэрдак, прыкіданых бульбоўнікам. За імі распраналіся i сігалі ў гарачы сухі дух з рэзкім пахам дыму i напаленага да чырвані жалеззя. Пры трапяткім святле газнічкі Вера адважылася ўзлезці на палок i асцярожна пахвастацца духмяным бярозавым венікам. Прыемна ныла i казытала цела, гарэлі вушы i рукі, адчувалася лёгкасць шчымлівай стомы, тоненькія малаточкі звінелі ў скронях. Хацелася папялёхкацца ў вадзе, але яе было мала. Сібіракі ў асноўным парыліся i ў канцы абліваліся адным-двума карцамі вады, а то выскоквалі, качаліся ў сумёце i зноў лезлі на палок.
Пасля лазні на палавіне Трахімаўны Вера піла завараны маліннікам чай. Хімка худою, падобнаю на вароніну лапу, рукою трымала вялікі сподак, дзьмухала i шумна сёрбала. У яе абліччы было нешта птушынае: доўгі сухі нос звісаў у сподак, тонкія губы выцягваліся дзюбкаю, а потым распаўзаліся вузкаю шчылінаю. Яна часцей маўчала, a ў глыбока запалых вачах жыла свая неадольная думка, мабыць, туга па даўно страчанай маладосці, адчуванне адзіноты, без радасцей, без ласкі i ўцех. Вера заўсёды шкадавала яе, была ўважлівая i далікатная, спрабавала разгаварыцца, але чула толькі кароткія адказы: «Ага», «Не», «I так добра». Хімка з нейкай зайздрасцю пазірала на Веру, на яе прыгожую маладосць.
Трахімаўна астывала на кашме i з вялікай глінянай міскі сёрбала чай. Падзьмула, адставіла:
— Гарачы, змей!.. Хадзейственнік улягае за табою. Hi разу не прайшоў, каб не зіркнуць на вокны. Я-то ба-а-ачу! A пімы так ці за грошы прынёс? Ты бяры. Не збяднее. Грошай у яго мех i на кніжцы яшчэ дзержыць. 1м з Усцігавым у лазарэце багата далі. А купляць не вельмі што купіш. Куды яму тыя соценныя?
Читать дальше