— Усё хацеў у вас запытаць, чаму ніколі не скардзіцеся на нашых дзяцей.
— Няма за што,— адказала Вера і, памаўчаўшы, дадала: -— Калісьці я заўпарцілася i ледзь не давяла настаўніцу да слёз. Разумею, што была вінаватая, а скарыцца не магла. Пакутавала сама, хацела папрасіць прабачэння, але не дазваляў дурны гонар. Назаўтра яна выклікала бацьку i нагаварыла, што было i чаго не было. Ну, ён, вядома, узяўся мяне па-свойму выхоўваць. На яго я не крыўдзілася, a настаўніцу ніколі больш не паважала. Не за тое, што бацькаваю рукою карала, а за слабасць. Скардзяцца толькі слабыя, няздольныя самі падзейнічаць на дзіця, зразумець яго, у самым маленькім паважаць чалавека, яго характар.
— Гэта новыя, цікавыя разважанні,— крутнуў галавою Васіль Сцяпанавіч.— A ў нас як што якое — адразу бягуць да мяне i бэсцяць гэтае беднае дзіцяня. Трэба рэагаваць. Нічога не зробіш. Угаворваеш, уздзейнічае калектыў, a іншыя бацькі яшчэ сваіх дзяцей папрукжаю «выхоўваюць».
— Разважанні мае старыя, як свет, але ў запале мы пра ix забываемся, спрабуем падняць свой аўтарытэт i трацім яго канчаткова. Калі дзеці баяцца нас — значыць, не паважаюць.
— Вас яны паважаюць i любяць.
— Пакуль няма за што. Я ж толькі другі месяц працую i стараюся ўсе канфлікты ўладжваць сама. Клас — гэта вялікая сям'я, a ў сям'і смецце за парог не выносяць.
Яны памаўчалі. Вера жмурылася ад сонца i іскрыстага снегу, ад лёгкага ветрыку, што біў у твар. Мільгалі заінелыя кусты, вывернутыя карчы здаваліся казачнымі белабародымі дзядамі ў стаўбунаватых шапках. За кустамі паказаўся доўгі драўляны мост з абвіслымі парэнчамі, рыплівым i дрогкім насцілам. Конь заківаў галавой i пайшоў павальней, грыва i поўсць на крыжы ўкрыліся марознаю сівізною, пасівелі бровы i ў Васіля Сцяпанавіча.
— Да каго вас падвезці?
— Спачатку зайду да Марыны Раманаўны. Яна пакажа., дзе хто жыве.
— Вунь яе трэцяя хата.— Васіль Сцяпанавіч крута павярнуў каня ўправа.— А мне яшчэ кіламетраў дваццаць ехаць. Даклад у Мядзведжанцы рабіць. Вы абавязкова заходзьце да нас. I часцей з добрымі весткамі. Яны важней за скаргі.
— Дзякуй. Буду заходзіць. Шчаслівай дарогі, Васіль Сцяпанавіч.
Дырэктар хвастануў каня ляйчынай, i толькі пыл закурэў з-пад палазоў.
У Барысаўшчыне не было земляных стрэх — усе хаты як званы, з тоўстага кругляка, пракідаліся i з чэсанага бруса, зрубленыя ў так званы нямецкі вугал, з маляванымі аканіцамі, з лавачкамі i гародчыкамі ад вуліцы. Яны нагадвалі знаёмыя з маленства сёлы на Гомельшчыне, з рыпучымі жураўлямі пры студнях, з прысадамі абапал дарогі. У іншых сібірскіх сёлах часам не было ані дрэўца. «А навошта яны? — здзіўлялася тая ж Трахімаўна.— Кругом урман, i так ад камароў i павутоў не адбіцца. Калі якая дзеравіна самасеем i вырасце — ссякуць, каб заядзь не заводзілася». А тут раслі галінастыя бярозы i стромкія рабіны — мабыць, як некалі там, дома.
I пад акном невялікай хаты Марыны Раманаўны на заледзянелым голлі невялічкай рабінкі пырхалі, узляталі, цвінькалі i садзіліся зноў шустрыя, з чырвонымі грудкамі, гілі. Марына ў матчынай безрукаўцы i галёшах на босую нагу выскачыла на ганак еустракаць.
— Я ўжо i не спадзявалася, што прыйдзеш. От малайчына! Дзе гэта цябе Васіль Сцяпанавіч падхапіў?
— Дзеці мяне запынілі каля вашага дома, а ён якраз з варот выязджаў i прапанаваў падвезці.
— Заходзь у хату. Ого, якія ў цябе пімікі. Відаць — Кузьмічова работа?
— Aгa.— Вера ўзялася дзеркачом абмятаць валёнкі.
Хата, перабітая дошкамі на дзве палавіны, дыхнула цяплом i нечым вельмі знаёмым. Ложак за неччу засланы недзе даўно бачанаю посцілкаю, кужэльны ручнік, вышываны чырвонымі i чорнымі ніткамі, печ з ямкаю для запалак i люстэркам, умазаным над чалом, нагадвалі далёкае i роднае.
Марыніна маці, невысокая, з прыкметамі нядаўняй прыгажосці, пры акне латала зрэбны мех. А загаварыла зусім так, як i Вера гаварыла ў маленстве. Адарвалася ад работы, выцерла фартухом табурэцік i запрасіла садзіцца.
— Скідайце пімы, няхай пагрэюцца на прыпечку,— i падала Веры атопкі, адрэзаныя ад старых валёнак.—Марынка мне казала, што новая настаўніца недзе з нашага боку прыехала. Дык гэта вы i ёсць? Далека ж вас, дзеткі, заслалі. Хоць яно цяпер па зялезнай дарозе, можа, не так i далека, a даўней колькі месяцаў дабіраліся. Тата, га, тата, колькі вы першы раз сюды ехалі?
На печы зашамацела сухая лучына, звесіў босыя ногі, а потым ускудлачаную галаву дзябёлы чырванашчокі дзед з сівой барадою.
— Звіняйце, барышня, прыдрамаў на чаране, застыў, халера, трохі з раніцы,— заракатаў густым басам дзед i спрытна шуснуў з печы.
Читать дальше