Выяўляецца, і ён некалі без памяці кахаў адну фею, якая паўтара гады дарыла яго платанічнай ласкай. Потым ён з жахам даведаўся што ўвесь час, покуль ён марыў аб ёй ды ўздыхаў, а яна строіла яму вочкі, нягодніца жыла з абармотам-капітанам рачнога парахода. Толькі ж каму гэта цікава ды якую з гэтага факта выведзеш ідэю?..
А скончыў суровы крытык маналог так:
— На, Аляксей, свой опус і нікому больш не паказвай. Адпраў-ляйся ў сваё Гродна ды паспрабуй зрабіць нам нешта на тэму надзённую — бясспрэчна, пісаць ты, старык (гэтае слоўца тады якраз уваходзіла ў моду), можаш!
Між іншым, калі потым «Дануту» адзначылі ў друку і пачалі апо-весць перавыдаваць, рэцэнзент, хоць і з неахвотай, аднак прызнаў, што ў творы тады не разабраўся. Затое цяпер, калі займеў ён шмат тытулаў, на поўным сур'ёзе пры мне заявіў, што ўдачу аўтара ён заўважыў тады самы першы. Але няхай гэта будзе на яго сумленні.
6
Такім чынам, у першай рэдакцыі аповесць маю раскрыты-кавалі. На ватных нагах павалокся я на вакзал і некалькі тыдняў у Гродне не знаходзіў сабе месца. Героі з «Дануты» ў сне мне жаліліся. Ідучы куды-небудзь, як з жывымі, я гутарыў з імі і бытта бы суцяшаў іх. Бачыў кожнага выразна і не мог ад іх адмовіцца аніяк. Найбольш — ад Дануты.
«Ну і што, калі яна дачка буржуазнага генерала— паненка ж загінула за вялікую справу! А Барташэвіч які файны хлапец?!. Рэцэнзент сам цагляны опус!..»
Дарэчы, галоўны герой аповесці б'ецца з эндэкамі, калі ў зале Снядэцкіх выступае Максім Танк. Раздзелы гэтыя не выдуманыя. Мне самому дасталося тады «на арэхі». Потым на вёску прыслалі бацьку ад хірурга рахунак на 15 злотых — недзе і цяпер яшчэ ляжыць у мяне квіток аб уплаце. Давай пашлю рукапіс Танку, няўжо не крануць яго тыя родныя яму мясціны? »
Другі раз запакаваў я твор ды адправіўся на пошту.
Дакладна праз тры дні ад Танка прыйшла паштоўка. Яўген Іванавіч не толькі віншаваў мяне з удачай — «Полымя» бралася аповесць друкаваць.
Далей не ўсё пайшло так гладка.
Перад самай здачай у набор пачалося ў аддзеле. Рэдактар, бачы-це, сам пісаў раманы са станоўчымі героямі, з надзённымі тэмамі, і ніхто гэтага подзвігу чамусьці не заўважае, а тут нейкі аўтар з правінцыі намаляваў буржуазную фіфачку, хлапца ні тое ні сёе, і яму такая ўвага! Дзе ж справядлівасць?!.
Дзякуй богу, усё абышлося. Са скрыпам, з вялікай неахвотай, аднак рукапіс у друк ён здаў.
7
Калі «Данута» ўжо выйшла і па-руску, я адразу паехаў у Вільнюс, каб сваю кніжку падараваць прататыпу. Шчыра кажучы, ішоў я па знаёмых мясцінах і хваляваўся, як малы. Мяне нават разбіралі дрыготкі. Адначасна было і цікава — якая цяпер Ядзя?..
У Вільнюсе мяне напаткала вялікае расчараванне. Адразу пасля вайны Пішчыкі пераехалі жыць у Польшчу. Дзе цяпер жыла пані Ядзя, ніхто сказаць не мог.
Да сённяшняга дня «Данута» мела каля дзесяці публікацый, аповесць перакладзена на іншыя мовы, выдавалася і за мяжой. Многа чытачоў прыслала свае водгукі. Пісьмы былі двух гатункаў. У адных — людзі звярталіся да аўтара і выказвалі свае адносіны да твора.
Іншыя ж на канвертах пісалі так:
«г. Гродна, аблана. Інспектару Янку Барташэвічу (свайго героя пад канец аповесці я «змясціў» на працу інспектарам)».
Інспектар па кадрах М. П. Кузняцова пісьмы такія збірала ў пакеты ды адпраўляла мне на кватэру — маўляў, разбірайся з імі сам, бо інспектара такога ў нас няма.
Чаго толькі не было ў тых пісьмах! Нейкая кабета з-пад Кобрына пісала:
«Дарагі тав. Барташэвіч! Вы столькі перажылі, і хоць маеце жонку, а засталіся адны. Сумую вельмі адна і я, хоць і замужам. Давайце пачнем перапісвацца...»
Другая пісала:
«Калі ласка, прышліце, дарагі Янка Барташэвіч (даруйце, не ведаю, як Вас па бацьку!), мне фота сваёй Дануты. Я павешу яго над ложкам і буду заўсёды глядзець на яе вобраз — устаючы і кладучыся...»
А настаўніцы са Смаргоншчыны катэгарычна патрабавалі:
«Вырашылі мы зрабіць экскурсію ў Вільнюс ды пакласці на Дануціну магілку кветкі. Выязджаем сваім аўтобусам 5 ліпеня ў 6 гадзін раніцы. Просім Вас, дарагі тав. Барташэвіч, к нам далучыцца. Калі ўжо не зможаце з намі паехаць, то тэрмінова напішыце нам, прынамсі, дзе яе магіла...»
У Маскве на ВЛК ад выкладчыкаў я пачуў, што ў Англіі ёсць горад, у якім каля старэнькага тэатра стаяць унікальныя два помнікі. Ім па трыста гадоў, да іх водзяць турыстаў (шкада, не запісаў назвы горада!). У XVII стагоддзі для мясцовага гарнізона ставілі там Шэкспіра. Калі на сцэне Атэла пачаў душыць Дэздэмону, адзін салдат закрычаў, каб раўнівец адстаў ад жанчыны. Гэта, вядома, не памагала. Тады абураны салдат ускінуў лук, нацягнуў цеціву ды пра-шыў артысту сэрца стралой. Салдата пакаралі. Аднак помнік паставілі і яму — як ідэальнаму гледачу.
Читать дальше