— Не трэба псаваць,— адхіліў руку сакратара абкома стары,— Пройдзе. Самі пацяклі, самі і высахнуць... Брыгадзір мяне набіў,— сказаў стары і змоўк. Зацята маўчалі, чакалі працягу і госці.
— Мне буракі тыя вывезці трэ было. Папрасіў у брыгадзіра коніка, дык ён як і не чуе. Другі раз да яго — тое ж самае. З пляшкаю да яго па таго коніка трэ падыходзіць. А дзе я той пляшкі кожны раз напасуся? Ах, п'янчуга ты, я кажу яму... А ён мяне дубцом.
— Балюча? — спытаў Шахрай.
— Не. Толькі лепей, калі насмерць...
— Калі ж гэта было?— нешта прыкідваючы, са здзіўленнем спытаў старога Мацвей.— Цяпер жа лета, а буракі, калі тое, восенню ж.
— А восенню і было.
—І з той пары?..
— I з той пары, пэўна, да скону ўжо.
— Садзімся, едзем,— кінуўся раптам да машыны сакратар абкома. Шафёр хацеў быў выруліць з вёскі і павярнуў ужо, але сакратар абкома загадаў ехаць зноў у вёску, да праўлення.
— Пакуль я не знайду таго брыгадзіра, жывы не буду.
Брыгадзіра яны так і не знайшлі. I цяпер, кіруючыся да свайго вагончыка, што ў адзіноце стаяў за аселіцаю Княжбора, Мацвей думаў: можа, і лепей, што не знайшлі. Хто яго ведае, як бы павёў з ім сакратар абкома, а Мацвей бы пагутарыў з ім, так бы пагутарыў, што не паднялася б болей у брыгадзіра рука не толькі на старога, а і па сваіх дзяцей. Сёння ж боль і адчай, што апанавалі яго ўчора, аціхлі. Больш таго, на адлегласці, пасля ўчарашняй ночы, сённяшняй раніцы, на пачатку клопатнага дня стары, што плакаў учора, адышоў як бы ўбок, быў заслонены тым, чым неабходна было яму займацца зараз, вось гэтую хвіліну і месяцы, месяцы, калі не гады. I расслабленне, шкадаванне тут толькі лішнія. Яму трэба трымаць сябе ў руках, калі ён хоча стварыць такую ж гаспадарку, што бачыў учора. Не здолее, не справіцца, не створыць — яго ж таксама не вельмі хто пашкадуе. Гэта далі адчуць яму ўчора і сакратар абкома, і Шахрай. Шахрай развязаў яму рукі, моўчкі, але блаславіў яго і сакратар абкома. Не, не толькі ў ролі суправаджаючага ўчора ездзіў ён разам з ім па Палессі. Шахрай спрабаваў падаць яго ўдзел у гэтай паездцы як нейкую сваю міласць, як міласць начальства. Мо было і гэта, але галоўнае ў іншым — яго ўзялі наўмысна ў гэтую паездку, каб паказаць, чаго ён можа дасягнуць, чым ён, уласна кажучы, займаецца, чаго дамагаецца і што будуе — будучыню яго Княжбора.
Дзядок у гэтай паездцы быў ужо звыш праграмы. Тое- сёе і яшчэ было звыш праграмы. Але тое-сёе тычылася толькі. душы Мацвея, а душа яго ў разлік нікім не прымалася. Хаця як ты тут з пэўнасцю можаш меркаваць аб далёкіх захадах начальства, таго ж Шахрая, мо менавіта таму Мацвею і. дазвалялася ўчора гаварыць нешта крышачку лішняе, пра тую ж голую бабу, што ўвесь час мыецца і мыецца, і яшчэ тое-сёе лішняе. Без гэтага лішняга сёння ж таксама немагчыма, трэба час ад часу выпускаць пару, каб не было выбуху. Вось і дазвалялася яму выпускаць гэтую пару, гэткі здаровы скептыцызм дазваляўся яму пры настройванні, і ў першую чаргу настройванні, вачыма на грандыёзнасць таго, што адбывалася і працягвае адбывацца на Палессі. I гэта было на самай справе грандыёзна і па размаху, і па здзяйсненні, і... Але гэтае «і» ўзнікла пазней. Намнога пазней. А да таго былі праца і дарога.
Яны ўжо ўсе трое стаміліся ад той дарогі. А кіраваліся яны ва ўзорна-паказальны, пабудаваны на меліярыраванай зямлі саўгас. Шафёр Шахрая быў з новенькіх і дарогу ведаў не вельмі, увесь час баяўся заблудзіцца. Дарог мноства, а арыенціраў амаль ніякіх. Усё тая ж ніва, усё тое ж поле былі перад іх вачыма. I здавалася, што глядзіш ты на гэтае поле не знізу, не з акна машыны, а зверху, з ілюмінатара самалёта, такое яно было правільнае, акуратнае, расчэрчанае на квадрацікі і прамавугольнікі сеткаю меліярацыйных канаў і Каналаў, насыпных дарог, дамб. Між гэтага поля бруілася рэчка, некалі вялікая і паўнаводная, а цяпер чымсьці. няўлоўна нагадвала бляклую слязінку старога. Гразкія берагі яе былі закуты ў бетон, абкладзены бетоннымі плітамі, да арматуры гэтых пліт дзе-нідзе ланцугамі былі прымкнуты чорныя ад веку свайго чаўны. I чаўны гэтыя як разумелі, да чаго ж недарэчныя і нават мо смешныя яны тут, на гэтай прамой, як струна, бляклай рэчцы, сярод белых бетонных пліт, ціснуліся да пліт, бы імкнуліся выкінуцца на бераг. I тугою агортвала сэрца, і хацелася хутчэй адвесці вочы і не бачыць і;х. Але і наперадзе было тое ж самае, да аскоміны аднастайнае, хаця бачылі яны ўсё гэта ўпершыню. Пад прамым вуглом, як па загаду, паварочвала рэчка. А арыенціра, які ім далі і якога трэба было трымацца, каб павярнуць направа, усё не было і не было. Такім арыенцірам павінна было служыць дрэва, адно-адзінае на гэтай дарозе, як растлумачыў шафёру ўсё той жа стары: яно адно ў полі ліпіць, больш няма. Але і гэтае дрэва згубілася ў аднастайнасці палёў, і ім, пэўна, трэба было радавацца. А не радавалася. Душа прасіла лесу. Мо б яна і маўчала, не прасіла яго, калі б ведала, што лясоў тут ніколі не было.
Читать дальше