— Іменна сын? — спытаў амаль пераможаны імі Мацвей, пераможаны іх упэўненасцю, іх самасцю.— А калі дачка?
— Дачкі не можа быць,— адказала дзяўчына.— Усё разлічана.
— А раптам? — невядома чаму настойваў Мацвей.
— У нас раптам немагчыма,— вымавілі ён і яна амаль што хорам.
— Добра,— сказаў Мацвей, ён ужо стаміўся ад гэтай кароткай, але такой акрэсленай і выразнай гутаркі. Ён і яна былі ўсё ж мацней за яго, лепш ведалі, што ім трэба, хаця і маладзей за яго. Нейкіх шэсць-сем гадоў розніцы, і ўжо незразумелыя яму, гэтак жа, як і Надзька з Брытанам. Лепшыя ці горшыя — ён не мог зразумець, як не мог уявіць сабе, як бы выглядала іх самасць, каб апынуліся яны на яго месцы. Але было ўсё ж у іх глухой кругавой абароне і слабае месца, ён адчуваў яго, але ніяк не мог намацаць. I намацаў, калі ўжо развітваўся з імі.
— Хвілінку, хвілінку,— спыніў ён іх. Валерык, баксёр-першаразраднік, і яго жонка-самбістка здзівіліся. Мацвей усміхнуўся іх здзіўленню: зараз, зараз ён падловіць іх: — Слухайце, а як гэта вы самі рашылі пажаніцца? Тут жа яшчэ нешта патрэбна, ну хоць бы такая дробязь, як каханне.
— А мы кахаем адно аднаго,— адбіла і гэты яго захад дзяўчына.— Мы вучыліся ў адной школе і ў адным класе. У школе і пакахалі адно аднаго. А ў інстытуце рашылі: жэнімся.
I яны пайшлі. Мацвей быў адзін. Доўга і старанна парадкаваў патрэбныя яму паперкі. Разгарнуў праект, адрэдагаваны ўчора Шахраем, доўга і пільна ўглядаўся ў тлусты і чырвоны крыж, што перакрыжаваў вадасховішча. Хапатліва згарнуў праект і засунуў яго ў стол, як мага далей і глыбей. Выйшаў на ганак, невідушчым вокам слізгануў па старым Княжборы, адвечным і нязменным. I па новым, які толькі вытыркаўся з зямлі, не праклюнуўся далей штрыхпункціраў фундаментаў і катлаванаў. Не, усё ж сустрэча з гэтымі будучымі ўрачамі, хоць і незразумелымі яму, была знамянальнаю, пешта было ў ёй, што абнадзейвала і. ўзрушала. Два-тры гады назад і думаць нечага было, што яны могуць тут з'явіцца. А сёння ён гутарыў з імі і не бачыць у гэтым нічога дзіўнага. I ён будзе працаваць на іх, няхай не менавіта на іх, але па падобных да іх, і трошкі асабіста на іх. Гэтыя зразумеюць яго, няхай дзесь і асудзяць. Павінны асудзіць, таму што ён не бог, ён памыляецца, ён ломіцца ў зачыненыя дзверы, ломіць і самі гэтыя дзверы, і наогул варочае і робіць шмат лішняга. Але лішняе гэтаксама апраўдана, няхай нават няведаннем, але апраўдана. Ніхто загадзя не можа сказаць, як трэба, хаця ўсе добра ведаюць, што больш так нельга. I ён будзе памыляцца, будзе займацца і глупствам, зыходзячы хаця б з таго, што так больш нельга. I з яго глупства і памылак акрэсліцца і вызначыцца — як усё ж трэба, як павінна быць. Ён будзе накшталт моста, ляжа касцьмі паміж «так нельга» і «так трэба». I няхай па гэтым мосце, па ім, ідуць да «так трэба» іншыя, тыя ж хірург і неўрапатолаг, Надзька са сваім рыжым кашлатым Брытанам.
Мо ён бярэ на сябе лішняе, ускладвае празмернае? Мо і так. Але хтосьці ж павінен браць на сябе і гэтае лішняе. Інакш пойдзе ж усё наадварот, да плуга і сахі. I досыць сумненняў, до самажорства... Гэтаму быў аддадзены мінулы дзень. I перад Мацвеем прамільгнуў зноў той самы дзядок, з якім ён размаўляў учора, прадстаў перад ім такім, якім ён бачыў яго, калі накідалі ўжо вёску. Брыгадзіра і. нікога з кіраўніцтва калгаса ў вёсцы яны не знайшлі. I Шахрай прапанаваў Сяргею Кузьмічу завярнуць у гэтую вёску, калі яны паедуць назад. I Сяргей Кузьміч пагадзіўся. Яны развярнуліся і пакіравалі зноў да старога. Той стаяў каля сваіх жэрдак, абціснуўшы іх гумавікамі, трымаючы павісу сякеру. Шафёр наблізіўся да яго, збавіў хуткасць, пэўна, думаў, што Сяргей Кузьміч захоча яшчэ выйсці, сказаць нешта старому. Сяргей Кузьміч ужо ўзяўся за ручку дзверцаў, але ў апошнюю хвіліну адпусціў яе.
— Не, не магу,— вымавіў ён, пі да каго не звяртаючыся.— Нечага мне яму сказаць зараз. Паганяй.
Машына як скочыла ўперад. Мацвей азірнуўся, стары ўжо прыставіў сякеру да гумавікоў, што салдат, і, як падалося Мацвею, тужлівым позіркам праводзіў машыну. I яшчэ яму падалося, што дзядок той зноў плакаў. I цяпер стары мільгануў і знік з такой жа хуткасцю, бы ён праехаў паўз яго па машыне. Быў ён адразу ж заслонены іншым, што ўжо не спалучалася са шкадаваннем, што павінна было выклікаць зусім іншае: зайздрасць, захапленне. Гледзячы па свой стары і новы Княжбор, Мацвей бачыў перад сабою той узорна-паказалыіы саўгас, да якога яны даехалі ўсё ж учора вечарам. Даехалі па асфальце, які пачынаўся кіламетры за два-тры ад вёскі ці горада, Мацвей з пэўнасцю не мог адказаць, што было перад імі. На забудове — горад, і горад шыкоўны, дамы чатырох- і пяці- павярховыя і двухпавярховыя катэджы. Але дамоў гэтых і катэджаў было небагата, і не маглі яны скласці горад.
Читать дальше