Шахрай, здавалася, чакаў гэтага. I мо дарэмна асцерагаўся гаварыць раней аб вадасховішчы Мацвей. Ён усё яшчэ па нешта спадзяваўся.
— Праект з сабой?
Дарэмнымі былі ўсе спадзяванні. Так, з самага пачатку яны былі ў змове, увесь час адзін аднаго перамудрыць толькі хацелі. Шахрай яшчэ да планёркі ведаў, што праект у Мацвея з сабою, а ён ведаў, што праект гэты спатрэбіцца Шахраю, і таму прыхапіў яго з сабою. I Шахрай спытаў яго пра праект, не зірнуўшы нават на Мацвея, хуценька толькі паглядзеў на дзверы, калі Мацвей ужо разгортваў праект, не дачакаўся, пакуль разгорне поўнасцю, выхапіў са шклянкі чырвоны аловак і крыж-накрыж перакрэсліў ім вадасховішча.
— Дзякуй, плошчы будуць, Алег Віктаравіч, будзе хлеб.
— Налягай на зямлю, Мацвей. I... калі дзірку ў пінжаку.
З гэтай дзіркі ў пінжаку ўсё і пасыпалася. Словы Шахрая непрыемна ўразілі, яго нават перасмыкнула. Шахрай прыкмеціў, супакоіў:
— Пераможцаў не судзяць. Не мы з табою першыя, не мы апошнія. Не па меліярацыі ўсё гэта пачалося, не на ёй і скончыцца.
— Так усё, Алег Віктаравіч, але...
— Дагаворвай. «Але» твае значаць, што ты чысценькі, сумленны чалавек, а я нягоднік? Ці ты яшчэ некага маеш на ўвазе, на кагосьці азірнуцца хочаш, дык і сляпы ж бачыць: згодна са схемай вадасховішча павінна будавацца ў першую чаргу. А потым, потым ужо меліярацыйная сетка. I ў апошнюю чаргу — асваенне тэрыторыі. У апошнюю... А што больш патрэбна? Хлеб. Усе бачаць, што ты дзеля прыліку толькі займаешся вадасховішчам. Ні людзей, ні тэхнікі там, ды і дзе ўсяго і на ўсё напасешся. Але ўсе як вады ў рот набралі, спадзяюцца на цябе, што ты дасі хлеб. I хлебам гэтым будзеш дараваны. I яны таксама будуць дараваны за тое, што патураюць табе. Хлебам усе дараваны.
— Дараваны хлебам...
— Дараваны хлебам. Дзеля хлеба, каб даць гэты хлеб, знаходжуся і я тут, кручу, віляю, хвастом б'ю. Ты што думаеш, я нічога не разумею і сумлення ў мяне ні на капейку?..
— Дык мо лепей бы і вам, і мне сумленна сумленне сваё захоўваць?
— Вось што, Роўда, не трэба, разумееш?
— Разумею.
— Ну і добра. А я тут — яшчэ раз табе даводжу — дзеля хлеба тут сяджу. I буду сядзець, як асуджаны. I дам хлеб. Мне твой Княжбор, твае семсот шэсцьдзесят тры гектары — дробязь у той справе, якой я служу. Але нада мною сістэма, сістэма забеспячэння, планіравання, фінансіравання. Вось ва ўсім гэтым якраз і знаходзіцца твой Княжбор, і кожны рубель, што адпушчаны яму, я павінен выкарыстаць так, каб атрымалася ўжо два рублі, каб мне заўтра далі тры...
— А што вы мяне ўгаворваеце, Алег Віктаравіч? Колькі эмоцый, колькі слоў, як сапраўды сумленнем паграшылі.
— Далёка пойдзеш, Роўда.
— Ды куды ўжо толькі пусцяць.
— Ну-ну, не збіся толькі з круга.
— А што, з круга нельга збівацца? — Мацвей у тую хвіліну пераступіў ужо цераз Шахрая, той адзін на адзін з ім быў не такі ўжо мажны і самавіты, выглядаў неяк азызла, адрузла. Але недзе ўсярэдзіне гэтай азызласці і адрузласці была прыхавана і снружына, што кожнае імгненне магла распраміцца і адкінуць Мацвея, паказаць Мацвею яго месца. I гэтую здольнасць імгненна аднаўляць неабходную дыстанцыю горай за ўсё ненавідзеў зараз Мацвей у Шахраю. Здаецца, аб усім пагаварылі і дамовіліся, ва ўсім зраўняліся, але ўсё роўна няроўныя.
— Дай бог ні мне, ні табе не спазнаць, што такое сысці з круга. Збірай свае паперкі.
Спружына ў Шахраю ўсё ж спрацавала, ён як да гэтага і гэтак жа сядзеў за сталом, і ўсё ж гэта быў іншы Шахрай. I голас у яго змяніўся.
— А начальства ўпадабала цябе,— нешта, здаецца, пагражальнае было ў словах Шахрая, але ён тут жа схаваў гэтую пагрозу за ўсмешкай.— Не знікай, будзеш і ты суправаджаць начальства. Не ўсё ж толькі мне.
Што было за гэтымі словамі, Мацвей не зразумеў, ды і не вельмі імкнуўся зразумець. Адно яму было цяпер ясна: рукі ў яго развязаныя. Ён можа рабіць з Княжборам усё, што хоча. I будзе рабіць, разаб'ецца, а падрыхтуе не тысячу дзвесце, а паўтары тысячы гектараў, а мо і больш.
Ён дакажа, на што здольны. Шахрай яму цяпер не перашкода, а праект толькі паперка, а не закон яму, калі яму столькі дазволена, усё дазволена. Усё дазволена і ўсё спішацца, даруецца хлебам, калі ён дасць хлеб, плошчы пад яго. А ён, кроў з носа, дасць. I ўзнімецца ў Княжборы пшаніца, што бачыў ён учора, калі ездзіў разам з Шахраем :і Сяргеем Кузьмічом на меліяраваных гаспадарках Палесся, вырастуць у Княжборы такія ж буракі і бульба, што і на тарфяніках тых жа меліярыраваных гаспадарак.
Выехалі яны ўжо трохі і позна, Сяргей Кузьміч яшчэ зірнуў на сонца, калі яны выязджалі. Шахрай супакоіў яго.
Читать дальше