— Не, дзед, цяпер якраз і пагаворым.
— Я сваё ўсё ўжо сказаў... Мо лішняе што,— дзед прыжмурыў вока,— дык вось пута, адсып назад.
— Дзед Дзям'ян,— пачаў Мацвей і замоўк. Дзед Дзям'ян счакаў і загаварыў сам:
— Я дзед ужо сто гадкоў. I бачу, няма чаго табе сказаць, калі было б што, сказаў бы. А так няма чаго.
— Ёсць,— уздыхнуў Мацвей.— Ёсць. Толькі спазніўся ты са сваёй навукай.— I столькі суму было ў голасе ўнука, што дзед страпянуўся, паглядзеў у вочы Мацвею, бы свярдзельцамі ўпіўся. I свярдзельцы гэтыя, чым больш ён прыглядаўся да ўнука, рабіліся ўсё больш трывожнымі, цвярдзелі і халадзелі, і вось толькі шчылінка, кропка засталася на твары дзеда Дзям'яна ад вачэй, халодная, што лёд. I гэтая кропка вымушала да адказу.
— Твая праўда, дзед,— сказаў Мацвей.— Няма чаго мне табе сказаць. Ну чаго ты, дзед, дні на два раней не ўзяўся вучыць мяне гэтым сваім путам? Так добра колісь яно дапамагала мне.
Дзед Дзям'ян нарэшце адвёў вочы ад унука, схіліў галаву:
— Дзень-два раней таксама было позна ўжо. Тут гады згублены... Але я табе, Мацвей, не суддзя. Путам магу, яшчэ магу, але... I ніхто, помні гэта, табе не суддзя. Судзіць сябе ты будзеш сам. А каменем кінуць у цябе — не крыўдуй. Гэта ж ты сам у сябе кінуў яго. Ведай аб гэтым, ведай, камень ужо ляціць. Бачу я яго. Да гэтай хвіліны не бачыў, а зараз бачу. Прабач мне, што на цябе, ляжачага ўжо, руку падняў. Прабач.
— Нічога, дзед, я яшчэ не ляжачы.
— Ляжачы, ляжачы... Да ўчарашняга дня...
Учора, адразу пасля нарады, Шахрай склікаў планёрку.
— Як з зямлёй? — напорыста пачаў ён з Мацвея, з яго ўчастка, бы і не ён толькі што хадзіў з Мацвеем па гэтым участку, усё бачыў і чуў і малінай нават паласаваўся.
Мацвею даводзілася ўдзельнічаць у такіх планёрках і. раней, і ён прывык да гэтага напору, да пругкай і вірлівай плыні такіх планёрак і да таго, што на іх адно трэба гаварыць, а два трымаць у галаве. I таму ад прамога адказу ўхіліўся:
— Робім.
— Я ведаю, што робіце. Сам бачыў. Будзе зямля? Будуць зданы восенню пад ворыва плошчы?
— Да восені відна будзе.
— Я цябе, начальніка ўпраўлення, пытаю: здасі семсот шэсцьдзесят тры гектары пад хлеб?
— Будзе відна. Я вам казаў, што паўтары тысячы...
— Ты мне без «што», ты мне пра зацверджаныя рэспублікай гектары цвёрда і пэўна адкажы,— зноў, як і ў Храпчыпе, перабіў Мацвея Шахрай, не даў яму выказацца, адвёў яго ў бок ад асноўнага.— Ты хто там, у сваім БМУ, начальнік ці цёця Дуня — прыбіральшчыца?
— У мяне прыбіралынчыцы няма. Няма ніводнай цёці Дуні ў Княжборы.
— Кіньце, таварыш Роўда, вы не на калгасным сходзе, а на планёрцы.— Трохі ніжэй, стомлена: — Трэба здаць.
— Трэба — дык здадзім. З гэтага б і пачыналі.
Шахрай нечакана ўсміхнуўся, пазіраючы на яго, усміхнуўся і сакратар абкома. Не вельмі даўно такая ж размова, вытрыманая прыкладна ў тым жа тоне і ў тых жа словах, адбылася і з Шахраем, толькі не тут. «Будзе хлеб Палесся?» —насядалі на Шахрая. «Відна будзе».— «А вы, таварыш Шахрай, не кіраўнік ужо болей?» — «Пакуль кіраўнік».— «Дык будзе хлеб Палееся?» — «Відна будзе».— «Патрэбен хлеб Палесся. Краіна чакае. Трэба».— «Трэба дык будзе...»
Мацвей нічога не ведаў аб гэтай размове і з прыкрасцю думаў, чаго гэта яны з Шахраем ходзяць усё вакол ды вакол, перад кім б'юць хвастамі, як бы робяць нешта недазволенае, злачыннае. I быў ён ужо не вельмі шчырым у гэтай сваёй прыкрасці, бо ведаў: з гэтай хвіліны ён ужо сапраўды ў змове з Шахраем. Яму яшчэ заставаўся час, пакуль ішла планёрка, пакуль прысутнічаў на ёй сакратар абкома, падняцца і. парушыць гэтую тайна заключаную паміж ім і Шахраем змову, але ён не падняўся. А пасля планёркі змова тайная, да іх агульнага задавальнення і згоды, стала яўнай.
...— Што ў цябе з водапрыёмнікам, Мацвей? — Ён быў адзін па адзін з Шахраем. I Шахрай як бы прасіў у яго прабачэння.
— Самі бачылі. Увогуле мы напагатове.
— Бачыў. I ўсё ж, калі — шчыра?
— Шчыра, Алег Віктаравіч, з водапрыёмнікам шчыра. А з...
— Ведаю, пачакай. Плаціны, дамбы?
— Хужэй.
— Але не затопіць іх?
— Відна будзе.
— Планёрка скончылася.
— З плошчамі ўправімся, будзем сціплымі, падрыхтуем не паўтары тысячы, а тысячу дзвесце гектараў. з вашай дапамогай вырвем і плаціны, і дамбы да маразоў. Культуртэхніку ўжо трэба...
— Пачакай з культуртэхнікай. Дамбам, плацінам патрэбен час, каб уляжацца... Ты ж не горай за мяне ведаеш, усё даруецца, калі будуць плошчы, але затопіць іх, затопіць людзей...
— Каб неяк утрэсці з вадасховішчам.
Читать дальше