— Па вытворчасці прадукцыі планы нам не зніжаны, хоць чыстая зона мае яшчэ і свае зоны. Зоны жорсткага кантролю. Глеба забруджана. Прадукты — ужыванне абмежаванае. Насельніцтва атрымлівае па трыццаць рублёў па кожнага жыхара.
— Так званыя грабавыя?
— Можа і так, хаця не зусім згодны... Дзеці бываюць у школе на 10-12 гадзін. Арганізоўваем харчаванне на месцы. Дома? Дома таксама дапамагаем з харчаваннем. Гаспадаркі даюць малако... А як жа, і свае каровы трымаюць... Ну вось, і вы туды ж. Слухайце, што вы мяне як па допыце катуеце,— гаспадар збіўся з экскурсійна-гідаўскай гаворкі. Нейкі час сядзеў у задуменнасці, пазіраў у акно машыны па толькі што ўзаранае поле, трактары, што беглі па ім. I папраўдзе, маўчанне яго было зацята каменным, незямным, нечалавечым. Магчыма, у такой маўклівасці і напружанасці і працуюць атамныя рэактары. А ён усё ж быў чалавекам, хаця, пэўна, і апрамененым.
— Я не магу выказаць, што я перажываю, што пераношу, як жыву. Растлумачыць нічога не магу. Павінен, абавязаны гаварыць з народам. А я ж таксама народ. Езджу, гавару. Мову сваю родную люблю... Прызнаюся вам, пакласці галаву на плаху было б лягчэй. Народ мне: чаго ты да нас едзеш. Да нас павінен прыехаць той, хто можа рашаць. А той, хто можа рашаць, не едзе сюды. Прыязджаю ў вёску, іду ў самую непрыглядную хату. Сустракае старая. «Як жывяце, бабуля»,— пытаюся, «Хораша, родненькі, дзякуй табе па добрым слове».— «Карову, бачу, трымаеце, што з малаком робіце, вы ж павінны яго здаваць, а вам у магазін завозяць чыстае. Хапае малака?» — «Завозяць, яварка мой,— гаворыць,— хапае малака».— «А сваё?» — «А сваё ўсё роўна п'ю. Сама, і ўнукам даю».— «Што ж ты робіш, бабуля, ведаеш?» — «Ведаю,— адказвае.— Але як не даваць, калі ён пад рукі і напрамілы бог просіць: бабуля, я хочу цёпленькага».
Колы газіка не спынілі кружэння. Як і дагэтуль слалася пад імі дарога, стары гасцінец, густа засаджаны дзедаўскімі грушамі. Але ўсё вакол раптам апусцела і абязлюдзела, хаця і мільгалі хаты і цэлыя пасёлкі, прабягалі міма шматпавярховымі будынінамі. Жыцця не адчувалася. Прысутнасці духу людскога, што адным толькі сваім дыханнем здольны ажывіць і дрымучы лес, і самае клятае балота, прымусіць іх таксама дыхаць. Тут жа гэта дыханне людзей, хат і дрэў, здавалася, было забіта. Задушана і невідушча лупалі на дарогу вочы шматпавярхоўкі. Зрэдку, праўда, на сялянскім падворку, на сотках мільгала нешта надобнае і па чалавека. Убачыўшы ці, нават хутчэй, пачуўшы машыну, хавалася, бегла за вугал хаты, хлява. I было ў тым спалоханым і паслухмяным старэчым дыбанні штосьці да немагчымасці жаласлівае і абразлівае, ад чаго разрывалася сэрца. Мо іменна ад такога відовішча парвалася і душа акадэміка Легасава, таму што, па яго словах, так бегалі і хаваліся тут людзі ад здзічэлых зонных сабак. Людзі ад сабак. А тут жа яшчэ больш жахліва: людзі ад людзей.
— Самасёлы. Партызаны,— растлумачыў гаспадар.— Во дзе слёзы, во дзе адно толькі гора. Сацыяльна безабаронныя больш чым дзеці. Пра дзяцей хоць нехта непакоіцца. А гэтыя людзі не знайшлі і ўжо не знойдуць на зямлі месца сабе... Другая зона — зона адсялення. Тры эвакуацыі прайшлі... Выдалі эвакуацыйныя пасведчанні, развіталіся: добрай дарогі і шчасця на новым месцы, атрымаеце без чаргі і клопату гарадскія кватэры. Яны і паехалі да дзяцей: Кіеў, Мінск, Гомель. Атрымалі кватэры і сталі лішнімі, непатрэбнымі... Той-сёй з іх проста не вытрываў гарадскога жыцця. Пачалі вяртацца на старыя селішчы. А жыць тут нельга. Хаця мы і вядзём некаторыя сельгасработы. Сеем як можам, выкарыстоўваем зямлю...
Трэцяя зона, самая страшная, была як збаўленне, як падарунак і ўзнагарода за тое, што прайшлі другую.
— Зона адчужэння. Чорная зона. Зона за калючым дротам. Доступ абмежаваны. Толькі па асобных прапусках. Будзем пранікаць?
I пачалося пранікненне.
Спачатку маўклівае, патаемнае, як дэсант па варожую, акупіраваную ворагам зямлю. Першыя крокі. Ступалі на зямлю асцярожна, нібыта яна замініравана і магла выбухнуць кожную хвіліну. Прыглядаліся да кожнага куста ці дрэва, нібыта чакалі засады, аўтаматнай чаргі. На вясновую ваду, што разлілася па абодва бакі дарогі, глядзелі нібы адтуль магла вынырнуць падводная лодка. Але і вада, і лес, і дарога былі абыякавымі да чалавека. Яны не пазнавалі чалавека. Ці то паспелі ўжо забыць пра яго, ці то, наадварот, вельмі добра помнілі. Здраду яго помнілі. Як хапатліва збягаў чалавек ад гэтай зямлі, усё роўна што ў тым жахлівым сорак першым. Больш жахлівым, таму што збягалі назаўсёды. Той жа самы папрок быў стоены і ў чорных, змрочных ліках хат, якія змарнела сохлі без цеплыні чалавечага вока. Вёска не хацела, адмаўлялася прызнаць іх за людзей.
Читать дальше