Зняверанасць яго, як ні дзіўна, была ўзгадавана і выпеставана з усёпаглынаючай веры і надзеі. Веры і надзеі ў сваю зямлю, у чалавека, у яго па-сапраўдпаму светлае будучае, у сябе. Веры і надзеі, што калі-небудзь ён вось так во, у светлым, замежным, мадняцкім плашчыку і ў чорным айчынным велюравым капелюшы, проста прыйдзе і сядзе па парог сваёй матчынай хаты. Да сваёй малой радзімы, з якой жыццё яго па жывым выдзерла каля двух дзесяцігоддзяў назад. I ён, блукаючы па свеце, столькі разоў бачыў яе ў сваіх снах, што бясконца паўтараліся з ночы ў ноч. Столькі сніў, трызніў ёю, што пачаў забываць гэту сваю малую радзіму. У аглухлай і адміраючай з цягам часу памяці яна паўставала не горшай і не лепшай за вялікую радзіму, за тыя мясціны, дзе ён потым вымушаны быў жыць.
Гэта — амаль Байканур, адкуль бралі разбег у космас ракеты і касманаўты. Дзе, можа, перад ім і адчыніўся космас. Космас, які меўся месціцца не на іншых светах, далёкіх, населеных інакшымі цывілізацыямі планетах, а ў тым што вакол яго і цяпер мікра і макра. Той жа самай пчале, якая гула над ім, зачараваная іскрыстым колерам яго чорнага велюравага капелюша, нібыта той капялюш быў меданосны. Нібыта са слязьмі на вачах меданосным зрабіўся і ён сам.
Гэтую пчалу і меданоснасць бацькоўскай хаты ён адкрыў толькі што. Адкрыў і заплакаў. Сам яшчэ не цямячы, чаго і чаму. Плакаць можна і трэба было куды раней. Падумаеш, што за дзіва такое — пчала. Усяго ж нейкіх гадзіну-дзве назад адбылося адкрыццё куды больш значнае, амаль Калумбава. Быў адкрыты нікому з іх невядомы раней новы мацярык. Мацярык у мацерыку. Новая Амерыка. За калючым, праўда, дротам. Зваўся ён «Запретная зона. Проход воспрещён!». Акуратныя літаркі на звычайнай дошцы, прыбітай да звычайнага, але па моцы сваёй і значнасці амаль дзяржаўнага пагранічнага слупа.
I ўцякаючы ў далячынь часоў канцлагераў і фашысцкай акупацыі — плот з калючага дроту. А па абодва бакі, як на лінейцы, што створана з калючкі,— лясы, лясы, лясы. Свабодныя і арыштаваныя, што ўсведамлялі гэту сваю арыштаванасць, панура адмаўляючы падыход вясны. Да самых грудзей зямлі прытуленыя ядлоўцы. Раней за вольху цяжарная пупышкай, што прадракала і ў зняволенасці сухое гарачае лета, бяроза. Строгая ахова, што мала-мала разумела па-руску. Пазяблыя ў пустцы Палесся паўднёвыя салдацікі. Маўклівыя, ало з вострым адчуваннем брыдоты чужой ім зямлі, пры кожным дотыку да яе, да дрэва, дроту, шаравалі адэкалонам рукі. I таму ўсё вакол было духмяным да прыкрасці, пахла парфумерыяй так, як у галантарэйнай лаўцы падчас нейкай пачварнай і таннай галактычнай распрадажы.
Распродаж укладу і ўстояў, духу, самога жыцця, што некалі кіпела тут. Прадаецца мацярык, прадаецца зямля. Пакупнікі там, за буграмі хмар, у блакіце неба, мо самі багі-айцы. I прадаўцы, пэўна, там, разам з імі па Алімпе, гандлююць зямнымі трантамі. Вось гэтым, што адмыты дажджамі і кінуты ў тло беларускіх белых пяскоў партрэтам чатыры разы герояноснага, казкамі, паданнямі, сцягамі, заклікамі. Хата пакінута, гаспадары два гады ўжо як з'ехалі, выракліся яе. I дух вакол ужо незямны, не людскі. Вось-вось, здаецца, спусціцца з неба ці вынырне з балотнай багны хтосьці ці штосьці. Марсіянска-навукападобнае і скажа: чаму зноў чалавекам пахне, прэч, прадана ўжо, маё.
Вось бы дзе і калі нема раўнуць бялужынай. Але не. Гэта адчуванне і адкрыццё было калектыўным, раскладзеным, размеркаваным пароўну на плечы кожнага. А калектыў, як вядома, вялікая сіла. Калектыву плакаць непрыстойна, змагацца і перамагаць — доля і лёс калектыву.
Апрача ўсяго, да нечага падобнага яны ўжо былі падрыхтаваны, калі можна так сказаць, калі можна да гэтага падрыхтавацца. Адзін з іх, масквіч, доктар тэхнічных навук, спачатку нават адмаўляўся сюды ехаць: «Навошта, што я, могілак не бачыў. Нагледзеўся, не хочу». У зоне ён адкрыў для сябе беларускія бела- і сінявокія пралескі, дыван, мора кветак, што цвілі з нейкім сутаргавым і нястрымным адчаем, пралесак, якіх ён ніколі не бачыў. Жудасць была схавана не ў могілках, а ў нармальным, нават будзённым чалавечым жыцці тут, больш таго, у скасаванасці, вынесенасці за дужкі чалавечага існавання самога паняцця могілак. Выгараджанасці іх у той самай зоне калючым дротам, непадступнасці для жывых. I калі хто жывы, дзед ці бабуля, узгадвалі могілкі, у самотныя старэчыя ночы прыходзілі да іх нябожчыкі іх, дакаралі, звалі да сябе, яны ішлі да іх употайкі, па-звярынаму ляснымі сцежкамі. Па-звярынаму рабілі лаз пад калючым дротам і з той жа самай патаемнасцю спяшаліся па покліч родных могілак. Дзяліліся з нябожчыкамі хто кавалкам хлеба, хто цукеркай ці яблыкам, а хто і чаркай.
Читать дальше