— Я веру, што ты многае ўдасканаліў, сябар мой. Але яшчэ сто пяцьдзясят год таму, пры ангельскім каралі Якабе, галандзец Карнэліус Дрэбель катаў у Тэмзе ўсіх жадаючых на сваёй падводнай пасудзіне. Нават кароль плаваў... Казалі, Дрэбель пабудаваў урэшце падводны карабель, у якім магло змясціцца дваццаць чатыры чалавекі і які апускаўся на пяцьдзясят сажняў ад паверхні...
— Хопіць і чатырох метраў! — раздражнёна кінуў Пфальцман — відаць, ягоная канструкцыя глыбей не сягала.
— А рухавік, падобна, звычайныя вёслы, як у Дрэбеля? — задумліва прамовіў Баўтрамей, азіраючы вадзянога змея, быццам каня на кірмашы.
Пфальцман надзьмуўся, падобна гаспадару, дачку якога абмяркоўвае прыдзірлівая радня жаніха: і ходзіць крыва, і сама крыкліва.
— Пакуль іншага не прыдумаў ніхто. Пад вадой паравы рухавік не прыстасуеш. Затое вёслы рухаюцца аўтаматычна, дастаткова двух чалавек круціць падважнікі. І сістэма пагружэння незвычайная — я прыдумаў адмысловую помпу... У баласныя цыстэрны вада прасочваецца скрозь алавяныя пласціны з маленькімі адтулінамі... Ну, сам зараз убачыш.
Значыць, іх пусцяць унутр вадзянога змея! Нягледзячы на прыкрыя абставіны, вочы Полацкага Фаўста фанатычна загарэліся, дый Пранцішу цікава было аж да віску.
Між тым на беразе падземнага возера гуў невялікі порт. У прыцемку, які разганялі ліхтары ды паходні на адмысловых слупах, можна было разгледзець, як грувасціліся горамі мяхі, высіліся складзеныя бярвенні, шнырылі рабочыя з гружанымі калёсцамі. Проста над падводным караблём навісала канструкцыя, падобная да партавога крана: з жалезнай бэлькі спускаўся таўшчэзны ланцуг з крукам.
А яшчэ вакол стаяла ўзброеная варта.
Вырвіч падумаў, што недарэмна мужыкі глядзяць так ненавісна і са страхам, бо гэта ўвязвалася з расповедамі шматняка Грынькі пра ахвяры вадзянога змея: напэўна ж, тых няшчасных, якіх сагналі сюды дзеля чорнай работы, трымалі, як на катарзе, нікуды не выпускаючы, каб захаваць таямніцу.
Пфальцман падаў знак, і мужыкі, што рапаравалі драўляныя перакладзіны, таропка вызвалілі шлях.
Масткі пружынілі пад нагамі, быццам злаваліся, што іх турбуюць.
Услед за Якубам Пфальцманам шпегі асцярожна зайшлі, прыгнуўшыся, у вадзянога змея. Вырвіч заўважыў краем вока, як мужыкі плююцца ды хрысцяцца ім услед. Павевы Асветніцтва тут сустракалі шчыльна зачыненымі шыбамі.
Унутры змея было не дужа прасторна, амаль як у Жалезнай Чарапасе, у якой калісьці ездзілі па Слуцку, палохаючы месцічаў. Але, па сцверджанні Пфальцмана, сюды шчымілася каманда ў шэсць чалавек. У святле ліхтара бачылася, што сцены і знутры не з дрэва, а металічныя, і Вырвіч мог прысягнуць, што Пфальцман прыдумаў адмысловы сплаў.
А вось і гарматы... Падобна, што яны прыцэльваліся з дапамогай гэтай трубы са шклом. Лёднік калісьці распавядаў Вырвічу, яшчэ студыёзусу, пра камеру-абскуру, вядомую ў часы Арыстоцеля, і як з дапамогай сістэм люстраў шалбер Доктар Дзі дэманстраваў вогненны меч, што нібыта ўсё разразаў, як масла. Так што дзеянне трубы, якая паказвала ўсё, што адбываецца наверсе, Вырвіча не здзівіла.
Пасярэдзіне змея грувасцілася прылада, падобная да алхімічнага тыгля — атанора, з перагоннымі кубамі ды колбамі. Лёднік ледзь носам па тых колбах не вадзіў, тады выпрастаўся і са здзіўленнем папытаўся ў сябра:
— Ты што, награваеш салетру і такім чынам здабываеш кісларод?
Пфальцман важна хітнуў галавой.
— Менавіта так. Нам трэба, каб падводны карабель мог праплысці пад вадой як мага далей. У мінулым годзе, пакуль не перапыніліся на зіму, здавольваліся парай гадзін — больш без усплыцця каманда не вытрымлівае. Але ягоная вялікасць мае важныя планы на маё вынаходніцтва, дзвюх гадзін мала. Вось і... эксперыментую. Праўда, сістэма недасканалая, пачалі няшчасныя выпадкі здарацца...
Дык вось адкуль пасінелыя трупы на насілках! Сплылі падводныя мараходы на вадзяным зміі ў чысцец... Задыхнуліся ды атруціліся...
— Ты што, людзей адпраўляў пад ваду дыхаць неправераным рэчывам?
Лёднік быў угневаны, а Пфальцман толькі няўважна паціснуў плячыма. І
Пранціш зразумеў, што гэты бяскрыўдны з выгляду чалавечак такі самы, што і заснавальнікі Таварыства прагрэсіўнай медыцыны з Манпелье. І дзеля навукі можа ўмарыць не аднаго няшчаснага...
— Няўдачы — неабходныя этапы на шляху да добрага выніку, хіба не ведаеш, — пацвердзіў высновы драгуна гер Якуб.
— Нават калі гэтыя этапы — людскія жыцці? Калі ты навучыўся па трупах да вышынь навукі караскацца?
Читать дальше