Пфальцман пазіраў на Лёдніка недаўменна, як дзіця, якому патлумачылі, што кацяня млее зусім не ад шчасця, калі яго доўга ціскаць:
— Я ж нікога назнарок не забіваю. Наадварот, стараюся наладзіць бяспеку. Спадзяюся, ты ў гэтым дапаможаш... У механіцы я лепшы, але ў хіміі табе роўных мала.
Вынаходнік ляпнуў даланёй па бліскучым баку тыгля, быццам той быў неслухмяным дзіцем.
— Не магу даўмецца, што не так, чаму час ад часу настае атручванне. З кароткіх паходаў карабель вяртаецца без перашкодаў. А як толькі больш за дзве гадзіны апарат працуе — бяда... Прычым у лабараторных умовах — усё нармальна.
Лёднік сцяў зубы — праблема бязвінных ахвяраў у імя навукі была для яго асабліва балючай, ведаў за сабой грэх, і пачаў засяроджана вывучаць апарат для выпрацоўкі з салетры кіслароду. Пранціш разумеў, што ад таго, ці разбярэцца доктар з непаладкамі, залежалі іх жыцці. Было неахвота паміраць у тоўшчы халоднай веснавой вады, зняволенымі ў жалезнай бочцы, задыхацца, сінець... І добра, калі пахаваюць па-хрысціянску, а можна ж і на дне застацца навечна разам з клятым зміем... У канвенце Менскага езуіцкага калегіума шкаляры расказвалі адзін аднаму па начах легенду пра цмока, які жыў у пячоры менскай Высокай гары. Яго забіў жаніх прыгажуні, прызначанай у ахвяру пачварыне, але й сам быў смяротна паранены. Рыцара ў крышталёвай труне апусцілі на дно Свіслачы разам з забітым цмокам. І з моста, што ў Татарскім Канцы, можна пабачыць праз зеленаватую свіслацкую ваду рэбры таго цмока і бляск труны...
Пранціш з сябрам-гарбунком па мянушцы Вараня таксама бегалі глядзець таго цмока і крышталёвую труну, і, здаецца, штось угадвалі праз міглівую плынь. А раптам у гэтай легендзе адлюстравана трагічная гісторыя пра выпрабаванне першай падводнай лодкі на нашай зямлі? Прыдумаў у часы князя Глеба Менскага мясцовы ўмелец падводны човен, разам з ім патануў, ды так і застаўся на тваністым дне, у сваім чоўне, што ператварыўся ў саркафаг...
Пранціш змрочна пастукаў кулаком у жалезнае чэрава вадзянога змея, злавесна загуло рэха.
— Колькі людзей, гер Пфальцман, вы страцілі падчас эксперыментаў?
Чарадзей з суроклівым вокам паморшчыўся, быццам Пранціш груба пару-
шыў правілы паводзінаў у шляхецкім таварыстве. Нягжэчнае пытанне...
— Не больш за тузін, пан Вырвіч. Самае прыкрае — пацярпелі найбольш дасведчаныя. Так што вы якраз дарэчы з’явіліся.
Лёднік змрочна маўчаў, зазіраючы ў перагонныя кубы, і не выказваў палкага жадання адправіцца ў падарожжа.
— А ты, Баўтрамеюс, змяніўся, я гляджу. Заўсёды ж першы кідаўся ў незвычайныя доследы, сам прасіўся паўдзельнічаць, да механізмаў любых ірваўся, як курэц да табакі. Відаць, адышоў ты апошнім часам ад навукі, перагарэў...
За фальшыва-спачувальным тонам немчука разлівалася вядро атруты.
Лёднік на пад’юджванне не паддаўся, як не чуў, абнюхваў сабе ды абмацваў прыладу, а потым уладна прамовіў:
— Мне трэба правесці дасканалыя лабараторныя даследаванні тае сумесі, якую ты выкарыстоўваеш для атрымання кіслароду, Якуб. Мяркую, памылка менавіта ў прапорцыях ды якасці рэчываў. Хаця б тыдзень папрацаваць з рэагентамі...
Круглы твар Пфальцмана зноў выпраменьваў задаволенасць жыццём.
— Лабараторыя наверсе, калі ласка. Але пан Тызенгаўз прызначыў выпрабаванні пазаўтраму, так што ў вас, сябры мае, адзін дзень на падрыхтоўку. Уражанні ад плавання, абяцаю, будуць незабыўныя!
Вось у гэтым Вырвіч не сумняваўся. Галоўнае, каб тыя ўражанні былі не апошнімі ў ягоным жыцці.
Дарэмна Лёднік абураўся, што так мала часу — усё было вырашана за іх... З’едлівыя прапановы Вырвіча падзяліць з імі гонар падарожжа Пфальцман рашуча адмёў — нават занерваваўся... Ясна, больш за ўсё на свеце баіцца, што яго змусяць выпрабаваць сваю душагубку на сабе. Таму адправіць на смерць каго заўгодна, абы не самому...
На беразе чорнага возера, якое ніколі не люстравала сонца, узброеныя жаўнеры пільна назіралі за тройцай даследчыкаў. Жалезны змей, таемная зброя караля Рэчы Паспалітай, ахоўваўся, як скарбніца. Рэха крокаў па драўляных мастках гублялася пад цёмнымі зводамі.
— І як такая вялізная пячора ўтварылася? — вырвалася ў Пранціша.
— У гэтай мясцовасці лінія сутыкнення зямных пластоў, — ахвотна патлумачыў Пфальцман. — Кожнае стагоддзе — моцныя землятрусы. У вашай краіне такія толькі тут здараліся. Вось падчас аднаго з такіх землятрусаў, ды з дапамогай падземных вод і ўтварыліся пустоты. Мясцовыя жыхары пра іх здаўна ведалі. Мой мясцовы памочнік Зыдар — на жаль, ён... стаўся сёння ахвярай навукі, запэўніваў, што гэтыя пячоры скарыстоўвалі ўладары Турава як асабістае сховішча. Таму й трымалі ўваход у яго ў таямніцы. Зыдар казаў, што тут існуе легенда пра калодзеж нейкага вашага князя...
Читать дальше