Людміла Рублеўская
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Раман прыгодніцкі і фантасмагарычны
Медны шэлег [1] Шэлег — дробная мядзяная манета, роўная адной трэці меднага гроша.
— гэта вам не срэбны грош… І тым болей не чырвоны талер.
Але каб вызначыць, куды далей рушыць з гэтага няўтульнага раздарожжа, дзе толькі і ёсць што тры асіны, пахілены драўляны крыж ды вялізная, як саксонскі ложак караля Аўгуста, і бяздонная, як кішэні ягоных амаратаў, лужына, дык і мядзяк прыдасца.
Пранцысь — учорашні навучэнец Менскага езуіцкага калегіюму, а сёння — прайдзісвет, галадранец, валацуга, галыганец ды як яго там яшчэ ўшаноўвала гандлярка булкамі на Ніжнім рынку, і што наперадзе — невядома, бо ў васемнаццаць гадоў нават святы Францішак Асізскі меў у галаве вецер, а ў руках — чарку віна…
Праўда, віном, салодкім і спакусным, нібы яблык у руцэ прабабулі Евы, як відаць, пачаставацца Пранцысю выпадзе яшчэ не хутка… Маем на ўвазе — за ўласны кошт.
Але дзе-небудзь ды знойдзецца халяўны келіх для не дужа моцнага, але ладнага блакітнавокага шкаляра з усмешлівымі вуснамі і ўпартым русявым чубам…
Дзе?
Пранцысь падкінуў шэлег уверх. Шэлег вярнуўся назад нібыта неахвотна, некалькі разоў перакруціўшыся ў паветры — ясная справа, кампаніі, нават такой жа мядзянай, у торбе гаспадара яму не прадбачылася. Баявіты вершнік з мечам на цьмяным твары манеты скакаў у бок Валожына. А можа, Варшавы… Ці Дрэздэна…
А чаму б шкаляру, які дасканала авалодаў кухоннай лацінкай, не дайсці да Дрэздэна ці нават Рыма? Паўсюль знойдзецца таўсманная гандлярка булкамі, якая час ад часу страчвае пільнасць дзеля вельмі карыснага для разгону флегмы і спальвання лішняй жоўці перабрэху з суседкамі па кірмашы, і ўжо, ясная справа, не здольная дагнаць жвавага, як вадкае срэбра, нашчадка згалелага шляхецкага роду Вырвічаў герба «Гіпацэнтаўр» — на якім некалькі стагоддзяў кентаўр з сімпатычным, дужа рахманым тварам замахваецца мячом на ўласны хвост, што ператварыўся ў ікластага цмока. Бацька, пан Даніла Вырвіч, а ён часам прыпадабняўся пасля карчмы пабітаму цмоку, казаў, выява на іхнім гербе азначае, што ў кожным хаваецца і анёл, і пакорлівая жывёла, і драпежны звер, і трэба заўсёды мець пры сабе бліскучы меч шляхецкай годнасці ды адвагі, каб застацца чалавекам…
Асіны мілажальна зашаргацелі вузкімі лістамі, нібыта касцельныя дэвоткі заскавыталі ў спіну: ой, прападзе, скруціць голаў, загубіць душу сваю грэшную неслух чубаты…
А Пранцысь перахрысціўся на пахілены крыж з парэшткамі аброчнага рушніка, гадоў дваццаць таму вытканага зляканай, што не павядуць да шлюбу, альбо што не вернецца са слаўнага каралеўскага войска ейны чалавек, ткаляй… Паправіў на галаве шляхецкую шапку з сапраўдным, хаця й паедзеным моллю собалем і жаўтаватым дыяментавым гузам [2] Гуз — дыямент, якім упрыгожвалі шляхецкую шапку.
— адзінае, што старэйшы пан Вырвіч змог падарыць сыну-студыёзусу, акрамя пацямнелага ад часу прадзедавага залатога сыкгнету ды шаблі з выгравіраваным на дзяржальне гербам «Гіпацэнтаўр». Старанна начышчаны Гіпацэнтаўр быў ганебна пакінуты ў канвенце — інтэрнаце калегіюма падчас тэрміновай рэтырацыі… Пранціш здушыў горкі ўздых пры ўспаміне пра страчаную шляхецкую зброю і рушыў — туды, куды вецер дзьме, лятуць першыя восеньскія лісты і аблокі і птушкі Сімург і мроі недавучаных шкаляроў езуіцкага калегіюма.
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
ЯК ПРАНЦЫСЬ КУПІЎ АЛХІМІКА.
Карэта была шыкоўнай — і бруднай. Бруднай, як мужыцкі скураны поршань. З-за наліплай гразі нельга было разгледзець нават герб на дзверцы карэты. А коні сытыя, імклівыя… Бруд фантанамі з-пад капытоў… Эх, калі б тут кустоў’е на ўзбочыне, ды прыцемак, ды коні трохі замарудзіліся…Тут бы Пранцысь і прычапіўся да экіпажу, і, з дапамогай святога Франтасія, даехаў бы хоць да Каменнай Горкі. Але было светла, а фурман злосна пазіраў па баках, як пугач у пошуках неасцярожлівай мышы. Пранцысь тужліва глядзеў услед карэце, калі раптам… Няўжо святы Франтасій паспрыяў? — фурман, пачуўшы вокліч гаспадара, нацягнуў лейцы… Карэта спынілася. Але мудры шкаляр не спяшаўся падбегчы — мала што заманецца панам? Можа, злосць на кім спагнаць захацелася… Ведама, шляхціц да шляхціца павінен звяртацца «пане браце», як да роўні, незалежна, ці ты магнат, ці «шарачок», у якога нямашака ніводнага прыгоннага. Але насамрэч шыты золатам кунтуш аблезламу собалю не роўня. З братамі Валадковічамі, кумпанамі [3] Кумпан — блізкі сябар.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу