А ў Акадэмію хацелася — Лёднік абяцаў, што там знойдуцца вучоныя механікі не горшыя ад Пфальцмана. Пранцішу карцела самому паспрабаваць зладзіць машыну, яшчэ лепшую за жалезную чарапаху, якая б ездзіла хутка і далёка. Філасофія таксама была не самай нецікавай навукай, як раней думаў Вырвіч. А астраномія! Паглядзець на зоркі ў тэлескоп, пабачыць рух каметаў! Так, цяперашні Вырвіч дужа адрозніваўся ад таго шкаляра, які паўгады таму зрабіў неверагодна выгадную пакупку за мядзяны шэлег.
Лейба выцер слёзы і адступіў да весніцаў. Полацак лена прачынаўся, дзівячыся цішыні раніцы, якую ніхто не паспеў зганьбіць крыкамі, стрэламі і лаянкай. Малады фурман, які чакаў ля новенькай брычкі сваіх гаспадароў, у чарговы раз абыйшоў экіпаж, паправіў наладаваныя куфры, шматзначна зірнуў на неба: развіднела зусім, ці не час у дарогу?
— Ну што, рушым? — Пранціш, які ўжо сядзеў конна, нецярпліва азіраўся, ледзь стрымліваючы свайго — уласнага! — каня, белаплямістага дрыгканта, што так і рваўся паляцець у далёкія далі, дзе чакаюць новыя авантуры і подзьвігі.
І яны рушылі па дарозе з Полацку на Вільню.
2011
Шэлег — дробная мядзяная манета, роўная адной трэці меднага гроша.
Гуз — дыямент, якім упрыгожвалі шляхецкую шапку.
Кумпан — блізкі сябар.
Гіцаль — памочнік ката, слова ўжывалася як лаянка.
Фартуна — улюбёны вобраз куртуазнай літаратуры, удача.
Сармацкі касцюм — традыцыйны шляхецкі ўбор, складаўся з жупана, кунтуша, пояса ўсходняга тыпу, шапкі з футрам. У Рэчы Паспалітай яго насілі паралельна з нямецкім (французскім) строем еўрапейскага ўзору, але прыхільнікі традыцый «чужую моду» не ўхвалялі.
Банда — так у XVIII стагоддзі называлі каманду, гурт.
Трыбунал — галоўны суд ВКЛ.
Дысідэнты — так у Рэчы Паспалітай называлі вернікаў-хрысціянаў, якія не належалі да каталіцкага веравызнання: прыхільнікаў арыянства, кальвінізму, лютэранства, сацыян, анабаптыстаў, квакераў, менанітаў, а пасля Берасцейскай уніі 1596 года і праваслаўных.
Казакі — не толькі сацыяльная супольнасць, але таксама і від лёгкай кавалерыі.
Маршалак — вялікі маршалак кіраваў вялікакняскім дваром і сенатам, павятовы — ачольваў мясцовы ўрад, вёў павятовы соймік, трыбунальскі — кіраваў судовымі паседжаннямі.
Янычары — від войскаў у ВКЛ.
Ліберум вета (liberum veto) — права кожнага шляхціца адмяніць рашэнне любога сойму альбо забараніць ягоную працу.
Амарат — сардэчны сябар, каханак.
Канфідэнт — давераная асоба.
Карусель — прыдворны рыцарскі турнір.
Магістрат — гарадская рада.
Ліхвяр — пазычаў грошы і жыў з атрыманых працэнтаў.
Харугва — рота шляхецкай кавалерыі, у якой было ад 30 да 200 чалавек.
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу