Князь Багінскі з сумнай фізіяноміяй паглядаў некуды ў шэра-блакітнае, як модны камзол, беларускае неба, перадаверыўшы тлумачыцца сваім сёстрам. А тлумачыць было трэба. Таму што побач стаяў полацкі ваявода Аляксандр Сапега, на гэты раз не ў парыку і камзоле, а ў спрадвечным сармацкім строі — парчовы жупан, чырвоны кунтуш з саеты з залатымі галунамі, шапка з аграфам — і нават прытупваў ад гневу чырвонымі ботамі па тонкім снежным покрыве. Яшчэ адзін заўважны персанаж сцэны, сівавусы магутны шляхціц у гарнастаевай дылеі паўзверх залатога жупану, з булавой пры баку яшчэ больш ускладняў расстаноўку сілаў, таму што быў гэта сам вялікі гетман Міхал Казімір Радзівіл па мянушцы Рыбанька. Натуральна, кожны з магнатаў быў не сам-адзін, хаця пакуль і без войскаў і вялікай світы. Гэткі прыватны сойм на заднім двары полацкага аптэкара.
— Дзе рамфея, шаноўныя нябожчыкі? — Аляксандр Сапега сціснуў руку на дзяржальне шаблі так, што пальцы збялелі, і, магчыма, быў на валасіну ад таго, каб зрабіць Саламею, Лёдніка ды Вырвіча нябожчыкамі не фальшывымі, а сапраўднымі.
— Няма ніякай рамфеі, ваша княская мосць! — злосна патлумачыла Алена з Багінскіх, якая стала за плячом брата, нібы рыхтуючыся падперці яго, як непахісная калона. — Гэтая дзеўка ўвалілася ў пограб, патрапіла ў старыя сутарэнні. Вы што, бачыце тут якія-небудзь скарбы?
— Не тлуміце мне галаву, вашамосць, — адрэзаў Сапега. — Мы ўсе ведаем, за чым вы пасылалі гэтую кабету. Але вы не маеце права забіраць святыню сабе!
— Чаму гэта не маем права, ваша мосць? — атрутным голасам папыталася пані Алена. — Наш род не горшы ад вашага!
— Пане-браце, — густым уладным голасам прамовіў Радзівіл. — І сёстры… — ён кінуў насмешны позірк на княгіню. — Давайце не будзем высвятляць, чый род магутнейшы. Мы з’явіліся на мірныя перамовы. Мы хочам даведацца праўду… Ці ёсць у Полацку дзіда Отана, і калі ёсць, у чыіх руках ёй належыць знаходзіцца.
— Вядома, у руках святога касцёлу! — ветліва абвесціў усмешлівы пан у чорным строі, рэктар езуіцкага калегіюму, які, падобна, валодаў здольнасцю непрыкметна прысутнічаць там, дзе трэба, як і належала прадстаўніку знакамітага шпегаўскага ордэну. — Мы павінны перадаць святыню ў Рым.
— Няхай дазволена мне будзе падаць голас, вашыя мосці, але рамфея была ад пачатку перададзена праваслаўнаму храму! — азваўся хударлявы немалады шляхціц са світы Казіміра Рыбанькі, ягоныя вочы аж гарэлі праведным гневам. — Яе мусяць захоўваць праваслаўныя ліцвіны! Хопіць адбіраць у нас апошняе!
Нібыта каб астудзіць гарачыя галовы, ударылі званы — на Сафіі, у Багаяўленскім храме, на званіцы храма святога Стафана… Людзі пачалі хрысціцца, шаптаць малітвы. Твары трохі палагаднелі.
— Панове, вы дзеліце скуру ваўка, які яшчэ спакойна вые на поўню, — прамовіў Радзівіл. — Мае браты, Марцін ды Геранім, звіхнутыя на цудах і духах, могуць колькі заўгодна ў іх верыць… Цуды — гэта на тэатральнай сцэне, пра іх мая жонка-нябожчыца п’ескі пісала. А мне даклалі, што дзіда Отана, яна ж — дзіда святога Маўрыкія, захоўваецца сабе спакойна ў Вене, ніхто ў ейнай сапраўднасці не сумняецца, і ахоўваюць яе аўстрыякі так, што толькі вайной здабыць. Дзе вашая… рамфея? Гэта вы гэнай бандзе даручылі яе здабываць? Якая Слуцак чараўніцтвам ледзь на каменьчыкі на разнесла, калі верыць майму брату? Кабеце хоць спадніцу апраніце, далібог, сарамацішча!
Вось цяпер усе позіркі скіраваліся на выпаўзняў з сутарэнняў, упэцканых і пабітых, як пасля баталіі. Вырвіч паклаў руку на дзяржальна Гіпацэнтаўра, ступіў наперад, укленчыў і прачула прамовіў:
— Вашыя мосці, панове, спадзяемся на літасць Вашых велікадушных сэрцаў і Боскую міласць. Даю шляхецкае слова, што мы не вынеслі з сутарэнняў ніякае святыні, толькі нашыя грэшныя душы, якія Гасподзь дазволіў нам зберагчы ў страшэнных выпрабаваннях…
— Я ж сказаў — рамфеі ў іх няма! — пакрыўджана заявіў Міхал Багінскі, нават на крык сарваўся. — Няма ніякай рамфеі!
— Вось яна, мой князь! — пачуўся раптам гучны хрыпаты голас, і з пограба вывалілася, пахіснуўшыся, велізарная застрашлівая постаць.
— Хал-лера… — мармытнуў Лёднік і скасавурыўся на жонку, якая закрыла твар рукамі.
Але гэта была не халера. А ў гэтых абставінах значна горшае з’явішча. Пранціш ускочыў на ногі і схапіўся за Гіпацэнтаўра. Езуіт пачаў уголас чытаць малітву супраць нячыстага духа. А скрываўлены і брудны прыхадзень, які з задаволенай усмешкай на збітым твары працягваў гаспадару жалезны наканечнік дзіды, абвёў бяздоннымі вачыма, якія патроху пачыналі прывыкаць да дзённага святла, пейзаж з фігурамі, ацаніў стратэгічную абстаноўку, перастаў усміхацца і змог вымавіць толькі адно, але дзіўна сугучнае выснове доктара:
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу