Саламея ўздрыгнула, але на Ватмана вачэй не падняла.
Лёднік ветліва папытаўся:
— А горла мне будзеш пераразаць?
— Зноў загадаюць — перарэжу.
Паланэя, якая нібыта была паглынутая размовай са сваёй канфідэнткай Гануляй, перарывіста ўздыхнула і вінавата зірнула на Вырвіча. Значыць, усё-ткі ведала, што ў сутарэнні яны адпраўляліся на смерць. Што ж, хто такі ёй бедны шляхцюк… Пранціш непрыкметна скамячыў хустачку і схаваў у кішэню.
У пакой забег улан, увесь спацелы, з вырачанымі светлымі вачыма, не зважаючы на варту, закалаціў у дзверы, за якімі віраваў высокі сход.
— Ваша мосць, вялікі гетман! Маскоўцы ў горадзе! Сотні тры! На чале з Аляксеем Мельгуновым! Зайшлі з каралеўскім дазволам на кватараванне!
Магнаты выскачылі з пакоя, на хаду выцягваючы шаблі.
Сапега павярнуўся да Багінскага.
— Ты дазвол здабыў, ты пра рамфею данёс, вашамосць? Мусібыць, сябруку Рапніну распавёў?
Багінскі пачырванеў ад гневу.
— Паасцярожней са словамі, пане-браце. Я даносчыкам ніколі не быў.
Княгіня Алена, адзіная кабета патаемнай рады, злосна тузанула брата за рукаў:
— Намякнуў, відаць, што маеш, чым зацікавіць няшчасную будучую царыцу… Ці ёй самой цыдулку паслаў, каб суцешыць? Святы Антоній, дапамажы захаваць розум…
Пані, відаць, збіралася сказаць нешта яшчэ больш рэзкае, але стрымалася, успомніўшы, што ў размовы ёсць непажаданыя і небяспечныя сведкі. Езуіт ціха выпарыўся, нібы яго тут і не было. Радзівіл адрывіста папытаўся ў ваяводы полацкага:
— Ваша мосць, колькі маеце тут ваяроў?
Сапега злосна бліснуў шэрымі вачыма.
— Сто гусараў каралеўскай харугвы [19] Харугва — рота шляхецкай кавалерыі, у якой было ад 30 да 200 чалавек.
… Ды маіх людзей трыццаць. Я ж не ваяваць ехаў…
Радзівіл нахмурыўся.
— У мяне ўсяго дваццаць янычараў. Хацеў захаваць сваю паездку сюды ў таямніцы… У карэце без гербаў ехаў. Пакуль войска сюды прыгоніш…
— У мяне тут сотня чалавек, — прызнаўся Багінскі.—Па горадзе, па наваколлі раскіданыя невялікімі атрадамі. Але я не збіраюся ваяваць супраць маскоўцаў. Пане-браце, не будзем гарачыцца. Урэшце, мы ж не ведаем мэтаў Аляксея Мельгунова! Ён пры двары ніякага ўплыву не мае — ён з бліжняга кола спадчынніка, Пятра Фёдаравіча. Я проста не разумею, што ён тут робіць…
— Прыбліжаны Пятра? — змрочна гукнуў Радзівіл. — Прынца, закаханага ў Фрыдрыха, якому расейцы нядаўна пяты падсмажылі? Вось вам яшчэ адзін прэтэндэнт на рэліквію, панове — Пётр Федаравіч. Не ведаю, для сябе альбо для прускага сябра стараецца.
— Гэта зусім кепска… — прамармытаў Багінскі, да якога нібыта толькі цяпер дайшла сур’ёзнасць сітуацыі. — Калі Пётр перахапіў цыдулку да Кацярыны… Яе дакладна сашлюць!
— Пра сябе думай! — злосна прашыпела княгіня Алена. — Табе, вашамосць, нешта тлумачыць — што зорак да неба дабаўляць.
— Значыць, так… — вялікі гетман узважваў у руцэ булаву. — Дзеўку з куфэркам — у той пакой… І бараніць, як уласнае сэрца! Пораху запас сюды, пісталетаў… Ну што, пане-браце, не першы раз на полі бойкі!
Ватман лена ўстаў, распрастаў плечы і падыйшоў да гаспадара:
— Што загадае ваша мосць?
Багінскі толькі роспачна адмахнуўся:
— Што цяпер загадаеш? Біцца будзем! Вылез жа ты не ў час… І гэтых выпусціў. Паланэя чакала, каб цябе папярэдзіць, а тут яны… Эх… Я так і думаў, што дрэнна скончыцца.
Лёднік паспеў моцна пацалаваць жонку і выйшаў, пахінаючыся на хворы бок. А Паланея наблізілася да Вырвіча, які пачціва схіліўся перад магнаткай.
— Пан Вырвіч… Гэта вам.
Пранціш падняў вочы: Паланэя працягвала яму прыгожы кінжал, такога ён у руках ніколі не трымаў — персіянскай работы, з тонкай чаканкай на пазалочаных похвах, упрыгожаных смарагдамі. А на дзяржальне — вялікі дыямент. Пранціш выцягнуў з похваў лязо: яно ззяла, як люстэрка.
— Гэта каб пан Вырвіч і надалей мог сябе абараніць найлепшым чынам! — з лёгкай, не крыўднай, насмешкай прамовіла Паланэйка і хуценька збегла, не чакаючы галантнай падзякі. Пранціш здагадаўся, што гэта было такое выбачэнне за здраду Багінскіх. Ватман, які назіраў гэтую сцэну, выразна хмыкнуў, але Вырвіч не звярнуў увагі на ацалелага найміта. У душы шкаляра граў цэлы аркестр, як у Слуцкім тэатры. Харобры пан Вырвіч пабываў у сэрцы Полацка, ён прайшоў, як Тэзей, жахлівы лабірынт, яго дачакалася Чароўная Дама… А цяпер засталося здабыць славу на полі бойкі!
Нехта з янычараў Радзівіла заспяваў старажытную рыцарскую малітву святому Юр’ю, якую звычайна спявалі перад бітвай:
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу