— Халера.
Сапега ўз’ятрыўся:
— Ну што, будзеце, вашыя мосці, мне яшчэ вочы зацярушваць?
Ватман трымаў рамфею ў руцэ, як быццам яна была бомбай з запаленым кнотам, вось толькі ў які бок яе кінуць?
Саламея кінулася наперад, адштурхнуўшы мужа, упала на калені, перажагналася:
— Вашыя мосці, гэтая святая рэч ахоўвала стагоддзямі нашу зямлю! Яна не павінна пакідаць свайго месца! Падумайце, вашыя мосці, заклікаю імем Госпада нашага Ісуса Хрыста, нельга з-за такой святыні ўсчыняць грэх братазабойства і славалюбства! Няхай і надалей яна захоўваецца ў Полацку! А каб не патрапіла рэліквія ў варожыя рукі, дазвольце, мы вернем яе на месца і шлях закрыем так, што ніхто болей не аднойдзе!
Радзівіл задумліва пагладзіў сівыя вусы:
— Нешта ў гэтым ёсць, рыбанька… Ні вашым, ні нашым, але роднай зямлі…
— Рамфею прынёс наш слуга! Значыць, яна наша! — крыкнула Алена Багінская, штурхнуўшы брата ў спіну. Той нахмурыўся.
— Сапраўды, давай яе сюды, Ватман!
— Ні з месца! — крыкнуў Сапега. — Ваша мосць падмануў мяне падступна, забраўшы гэтую кабету, якую я выратаваў ад несправядлівага суда яго мосці, брата вялікага гетмана, ды яшчэ ваша мосць падстроіў выгляд, быццам яна скочыла з вакна ў рэчку і ўтапілася. І ўвогуле, яго мосць князь Багінскі зараз павінен быць, здаецца, у Цюрыху? Музыцыраванню вучыцца, ці не так? Раз таемна вярнуўся, значыць, рыхтуе закалот. Я патрабую, каб князь Багінскі перадаў рамфею мне!
Два здаровыя паюкі, што стаялі за спінай ваяводы, напалову выцягнулі шаблі.
— Я таксама магу прыпомніць, што гэтая кабета была арыштаваная жаўнерамі майго брата за скалечанне ягонага слугі, і прад’явіць свае правы на рамфею, — грозна рыкнуў Радзівіл, і ўсе змоўклі. — Вашае шчасце, што ў Гераніма ныркі прыхапіла. Так што яму зараз нават да кароны не дацягнуцца, калі б яе і за аршын ад яго паклалі. А то б тут шастапёры ўжо кракавяк па галовах выстуквалі ды гарматы брахалі. Таямніца, таямніца… Каб не верны суддзя Юдыцкі, які пазнаў, што адзін з гэтай банды жывы, мы б і не ведалі пра вашыя змовы. Але ж даведаліся! А раптам дойдзе і да караля? Яго каралеўская мосць таксама не будзе супраць завалодаць такім трафеем. А як да Вены дойдзе? Тады — дзе рамфея апынецца?
— Можа быць, Божым судом усё вырашыць? — прапанавала пані Алена. — Кожны з прэтэндэнтаў выставіць байца…
— А вы, вядома, свайго Ватмана! — злосна прамовіў Сапега. — Ён хоць і пашкуматаны цяпер, але ўкладзе любога. Несправядліва.
Ватман не стаў больш радасным ад звесткі, што яго могуць выставіць на двубой.
Сонца схавалася за абрысам Сафіі, і храм здаваўся караблём з двума мачтамі, на які мог сесці любы, але дапялі прыйсці толькі адзінкі, вось яны цяпер і адплывуць услед за сонцам у свет святла, а тут застануцца грэшнікі смакаваць імгненні пагібелі. Абраксас ірваўся ў розныя бакі сваёй супрацьлеглай натуры, кукарэкаў, сычэў і сцябаўся, і ніхто не ведаў, чым гэта скончыцца.
Сойм перанеслі з вуліцы ў апусцелы дом Івана Рэніча. Каб не было спрэчак с рамфеяй, яе даверылі трымаць Саламеі, патомнай захавальніцы. Святыню паклалі ў самы прыгожы куфэрак, які маглі знайсці, з чырвонага разнога дрэва, няўважна вытрасшы з яго нечыя каралі ды сыкгнеты. Натуральна, што пані Лёднік ахоўваў цэлы набор жаўнераў — ад кожнай партыі.
Пакуль магнаты займаліся стратэгічнымі справамі, дакладней, крычалі адно на аднаго за зачыненымі дзвярыма, Ватман стамлёна прысеў на лаўку, прыкладаючы да раны на баку хлеб з павутой, найлепшы сродак для зажыўлення. Лёднік дык проста знясілена ўлёгся на падлогу, і Саламея лекавала ягоныя раны такім самым хлебам, намагаючыся не глядзець на белавалосага мужчыну, якога амаль забіла. А Вырвіч круціў у руках хустачку Паланэйкі, нібыта ў роздуме, і краем вока сачыў, ці заўважае гэта гаспадыня хустачкі, якая была тут жа. Куфэрак з чырвонага дрэва стаяў на століку пад распяццем, у куце. Тры жаўнеры на варце з цікаўнасцю паглядалі на яго, гадаючы, што за каштоўнасці там могуць знаходзіцца.
— Ты казаў, Герман, я жывучы… Куды мне да цябе! — парушыў зацятае маўчанне Лёднік, не адплюшчваючы вачэй. Ватман ашчэрыў зубы ва ўсмешцы.
— Каб я дазволіў забіць сябе бабе? Хутчэй Вавель у зямлю праваліцца.
— Ды як жа ты выбраўся? — шчыра пацікавіўся Вырвіч, пабачыўшы, што Ватман пакуль не збіраецца кідацца на іх, каб дабіць.
— А як два пальцы ў рот сунуць, — найміт пазяхнуў і зручней выцягнуў ногі — лаўка была для яго занадта нізкай. — Прорва выявілася не такой… прорвістай. Калі за вамі зачыніліся дзверы, пліта, на якой я ляжаў, паднялася. Ляжаў, ляжаў, ачуняў… Гляджу — і рамфея тут жа. Вось толькі красунькі маёй няма.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу