— Тураў калодзеж, ці што? — удакладніў Вырвіч.
— Магчыма, — адмахнуўся Пфальцман, якому было начхаць на мясцовыя звычаі і імёны мясцовых князькоў. — Дык вось, у легендзе расказваецца пра калодзеж з некалькімі днамі, пад апошнім з якіх схаваныя сусветныя воды. І праўда, уваход сюды і быў замаскіраваны пад калодзеж. І дно мелася не адзінае. Пліта паварочвалася, вада адводзілася ўбок, і адкрывалася лесвіца сюды. А мы выкапалі асобны ўваход, шырокі, каб завозіць матэрыялы, і пабудавалі над ім мануфактуру.
Лёднік уважліва азіраўся наўкол.
— Сапраўдная пячора Цыклопа... А як карабель трапляе ў раку?
— З возера — падводны праліў проста ў Прыпяць.
Пфальцман няспешна дастаў з кішэні залатую табакерку з вензелем Станіслава Аўгуста, ухапіў табакі, уцягнуў носам, са смакам чхнуў, абцёрся карункавай хусткай.
— Праліў перакрываецца металічнымі кратамі, так што мы ў бяспецы. Але ў Прыпяць вы не паплывеце. Усяго толькі пратрываеце пад вадой на месцы некалькі гадзін, каб праверыць, як працуе ачышчальнік паветра. Карабель будзе пачэплены на ланцуг, калі што — мы вас выцягнем.
Вось табе маеш... А Вырвіч пачаў было планаваць, як яны з Лёднікам уцякуць разам з Жалезным змеем, як калісьці з’ехалі са Слуцкага замка на Жалезнай чарапасе. Не дурныя гаспадары, каб дапусціць такую магчымасць...
— А колькі сажняў тут да дна ў самым глыбокім месцы? — удакладніў Лёднік.
— А хто яго ведае! — светлыя вочы Пфальцмана пазіралі бязвінна, як у патомнага гіцаля. — Ля таго берага, відаць, расколіна ўтварылася падчас землятрусу. Але вы не хвалюйцеся, у тую дзірку апускацца не трэба, дый карабель не вытрымае. Будзеце тут, ля берага, там неглыбока.
Па дарозе наверх вочы шпегам не завязвалі. Навошта? Аховы хапала, выпускаць іх ніхто не збіраўся. Затое лабараторыя ў фальшывай мануфактуры абсталяваная — універсітэт пазайздросціць... Доктар адразу забразгаў рэтортамі-колбамі, правяраючы наяўнасць інгрэдыентаў, усё раскрытыкаваў, паслаў па рэчывы і інструменты, якіх яму не хапала... Ягоныя жаданні выконвалі бегма, быццам шчодра сыпалі Курцы-Рабцы адборнае зерне ў чаканні залатога яйка.
У той жа мануфактуры шпегам адвялі куточак, дзе пасяліцца, больш падобны да турэмнай камеры. Нешта апошнім часам такая абстановачка падазрона зрабілася традыцыяй. І зноў шаблі адабралі... Толькі кляты Альбукасісаў шлем пакінулі, які доктар, не пачырванеўшы, выдаў за старажытную астралябію, каторая, як гаворыцца, сама ўсё мерае, было б што мераць.
— Самы час уцякаць з гэтай пячоры Цыклопа, але ж не дадуць, — прашаптаў Пранціш Лёдніку, калі яны на нейкі час засталіся ў сваім пакоі самнасам. Шаптаў — бо маглі падслухоўваць. Чорны Доктар толькі хмыкнуў:
— Адзінае выйсце — удала правесці выпрабаванне, каб зразумелі, што мы патрэбныя... А там будзе відаць...
Вырвіч кінуў на тапчан патрапаную шапку, у якой яго адправілі шпегаваць на князя Багінскага — насіў ён горшыя, насіў лепшыя, аблезлым собалем шляхціца-шарачка не здзівіць, а нашчадка Палямона — не прынізіць.
— А як ты думаеш, што было ў лісце, які Ватман нам падсунуў? Вунь Тызенгаўз як узрадваўся! А там, напэўна ж, фальшывыя звесткі пра канфедэрацкія войскі... Выкрыюць — і капцы нам...
— Самая добрая мана — тая, дзе ёсць дамешак праўды... — Лёднік стамлёна ўлёгся на свой ложак, заплюшчыўшы вочы — адбіты бок яшчэ балеў. —
І я ніколькі не здзіўлюся, калі дзеля таго, каб Тызенгаўз нам паверыў, адправяць на гібель пару дзясяткаў няшчасных канфедэратаў, уся віна якіх толькі ў тым, што вайскаводцам не шкада імі ахвяраваць.
— Думаеш, і сутычка на дарозе была не выпадковай? — Вырвіч усеўся на другі тапчан.
— Калі мы маем справу з Ватманам, у супадзенні і выпадковасці я адмаўляюся верыць, — горка прагаварыў Лёднік. — Думаю, ён адправіў за намі атрад з загадам схапіць здраднікаў, гэта значыць, нас, і адначасова хтось па ягонай волі папярэдзіў Тызенгаўза, што трэба ратаваць перабежчыкаў з каштоўнымі звесткамі. Усё праўдападобна, вось таму мы тут, а не ў вязніцы, як ворагі. Хоць не ведаю, у чым у нашым выпадку розніца.
Дзесьці за сцяной забразгаў метал аб метал — магчыма, кавалі рабрыну для Жалезнага Змея, а можа, ланцугі для яго ж.
— Чакай... Але ж нас лёгка маглі забіць альбо параніць! — уразіўся Вырвіч. — Тыя канфедэраты не прыкідваліся, яны й праўда лічылі нас здрайцамі і былі злыя, як харты.
— Ну, альбо Ватман высока цэніць нашыя баявыя здольнасці і ўпэўнены, што мы зможам сябе абараніць... — хмыкнуў доктар, — альбо — і гэта больш верагодна — ён нічога не меў супраць таго, каб нас і праўда добра прыклалі. Мая смерць прынесла б яму столькі радасці, што ён мог неяк дамовіцца са сваім прафесійным гонарам, калі заданне правалілася б.
Читать дальше