Бутрым першым прызнаў катастрофу.
— Уцякайма!
Коні, падараваныя Ватманам, прыпусцілі намётам, як маглі. А маглі не вельмі хутка. А тут яшчэ і свінцовыя пчолы над галавой зазумкалі... Праўда, альбо стралкі з пагоні былі касавокія, альбо хацелі не забіць, а напалохаць ды ўзяць жыўцом.
Калі пагоня нагнала ўцекачоў, тыя ўсё ж пастараліся ўступіць у перамовы... Першыя пару імгненняў. Менавіта столькі спатрэбілася, каб уцяміць, што куды ні павярні, дзіравым наверх. Паны-браты гарэлі гневам праведным і жадалі пакараць здрадніка-доктара і ягонага паплечніка харужага Вырвіча. І ясна было, што дваім — як бы яны ні валодалі фехтавальным майстэрствам — супраць двух тузінаў не выстаяць, і даручэнне князя Багінскага давядзецца выконваць іншым шпегам.
Але націск раз’юшаных канфедэратаў раптам суцішыўся. Вырвіч азірнуўся — з боку Турава набліжаўся яшчэ адзін атрад. На гэты раз кароннага войска. У жаўнераў ваяўніча тапырыліся вусы, блішчэлі аголеныя шаблі ды зляталі з вуснаў ваяўнічыя крыкі. Засталося спадзявацца, што ў новых удзельнікаў драмы іншыя задачы, чымся пасячы на кавалачкі бязроднага Баўтрамея Лёдніка ды радавітага Пранціша Вырвіча.
Канфедэраты і каралеўскія жаўнеры наляцелі адно на аднаго... І гэты вусцішны момант Пранціш Вырвіч не забудзе ніколі. Ён і Лёднік апынуліся нібыта ў воку тайфуна. Вакол віравала няўмольная, жорсткая стыхія, нянавісць сутыкалася з нянавісцю, жаданне забіць — з гэткім жа... І самае жахлівае, што і з аднаго боку, і з другога ятрыліся тыя ж самыя ліцвіны, былыя паплечнікі, шляхцюкі, з якімі можна было б сядзець за бяседным сталом або разам абараняць сваё места ад захопнікаў...
Пранціш раптам усвядоміў, што ён не цяміць, на чыім ён баку, дзе сябры, дзе ворагі, дый ці можна адрозніць? Як быццам хтось падхапіў мураша з ягонай вечнай мурашынай сцяжынкі і трымае на далані. І кузурка ўпершыню бачыць, чаго варты той мурашнік, неахайная купка ігліцы, за якую ён гатовы быў загрызці альбо быць загрызеным.
Праўда, іншага мурашніка яму не дадзена, і, выпушчаны на волю, ён зноў ухопіцца за кінутую ігліцу і пацягне да сваёй Вавілонскай вежы...
Краем вока Пранціш заўважыў, што ў Лёдніка падобныя пачуцці, і полацкі доктар з адчайна-разгубленым тварам толькі па неабходнасці адбівае ўдары, ухіляецца, як можа, ад бойкі, і ў цёмных вачах яго туга і агіда.
Каронных было больш, і хутка яны пагналі барцаў. Да Пранціша і Баўтрамея пад’ехаў шляхцюк, такі пузаты, што, здавалася, на каня навалілі капу. У вёсцы яго называлі б «лажбель». Ніжняя губа шляхцюка грэбліва адвісала, быццам бы ён увесь час казаў «Ф-фу!», але вочы былі халодныя. Жорсткія, як у даверанай асобы палацавага інтрыгана.
— Канверт, запячатаны вадзяным зміем, у каго?
Вырвіч моўчкі падаў пасланне, шляхцюк гэтак жа моўчкі, не разглядаючы, схаваў за пазуху.
— Літасціва прашу панства рушыць за мною!
Як быццам не пасярод веснавой дарогі, на якой заціхла бойка, а на асамблеі ў палацы.
Ад’язджаючы, Вырвіч усё-ткі азірнуўся: на мокрай цёмнай зямлі Тураўшчыны, якая вызвалілася ад апошняга снегу, ляжаў мёртвы ліцвін, і ў ягоных ашклянелых вачах змешвалася з крывёй адлюстраванае неба.
Тураў сустрэў пахмура, як гаспадыня, якую расштурхалі на золку нечаканыя і непажаданыя госці. Хацінкі паглядалі сонна, там-сям бачыліся сляды пажарышч... На ўзгорку за голымі дрэвамі бялела царква.
— А калісь гэты горад быў сталіцай магутнага княства, — задумліва прагаварыў Лёднік, пагойдваючыся ў сядле. — І нават спрачаўся за славу з нашым Полацкам.
У голасе палачаніна можна было расчуць паблажлівасць — ну ясна, ніколі ён не прызнае, што якоесь места магло зраўняцца з ягоным родным Полацкам.
— Тут быў шлях з варагаў у грэкі, усяго з адным волакам. Гэта значыць, толькі аднойчы трэба было перацягваць караблі па сушы. На тураўскі прастол кіеўскія князі пасылалі сыноў, якія пасля рабіліся князямі кіеўскімі. Тут шмат загадкавага, у гэтым горадзе.
Пранціш агледзеў сціплыя краявіды. Хацеў бы папрыгажэць, ды плеш замінае.
— Пакуль нічога адметнага не бачу.
Лёднік хмыкнуў.
— Не мяркуй па вопратцы, шкаляр! Я местам Тураў зацікавіўся, калі мне прынеслі дзеля кансультацыі знойдзены тут чэрап жанчыны з пяцісотгадовага пахавання. Ніхто з кансіліуму лекарскага не мог вызначыць, чаму той чэрап такой дзіўнай формы — усе швы зарослыя, як у вельмі старых, а паводле стану зубоў нябожчыца была маладой. Я дыягназаваў рэдкую хваробу, з якой аднойчы сутыкнуўся, — чалавек паступова акасценьвае, солі ў ягоным арганізме пачынаюць асядаць, пераважваць флегму і кроў... Цікава, што парэшткі знайшлі ў каменным саркафагу. Я нідзе раней на Беларусі не сустракаў, каб продкаў хавалі ў саркафагах, да таго ж з рэдкага чорнага каменя.
Читать дальше