Побач грукаў галандзер, машына, якая дзёрла анучы на нітачкі. Крапала вада праз сеткі, у якіх фармавалася папера, а гатовыя аркушы на верхняй галерэі залы, дзе сядзела кампанія, сохлі, развешаныя на наваскаваным конскім воласе, нібы бялізна. У кожным аркушы хаваўся вадзяны цмок.
— На ягамосць падскарбія чараўнікі працуюць! — кобальд Грынька не сумняваўся ні на макуліну. — Гавораць не па-нашаму, не хрысцяцца. А з мануфактуры на дзяцінцы, што з боку Дамаўхая, рачулка такая, Яздой яшчэ завуць, часам нешта як зараве, як зафырчыць! Жалеззе ляскае... Варта вакол, янычары з ятаганамі ды венгрыкі з арбалетамі, нібы вакол царскай кароны пільнуюць. А адзін, галоўны чарадзей, малы такі, пузаты, валасы мукой абсыпаныя, мае вока суроклівае! Я такое вока заўсё-ёды пазнаю!
Шматняк важна паківаў карэлым пальцам.
— Мяне брат з Падолля навучыў. У чарадзея вока скача! Туды-сюды, бо нячысцік у ім жывець. Неяк пачалася ў братавым сяле маравая язва. Пайшлі ноччу хросным ходам, як належыць, а ў полі суседскі шляхцюк блукае, з аброццю ў руцэ. Кажа — коні ўцяклі. А вока так і скача! Людзі й скемілі, што панок і ёсць хвароба! Праўда, як ні білі — не прызнаўся, але вырашылі спаліць. Нават святар пагадзіўся, паспавядаў язву. А ў іх быў адзін пан, знаўца, як з ведзьмакамі абыходзіцца.
Грынька ажывіўся, нібыта сам прысутнічаў пры богаўгоднай справе.
— Той пан, Лабуцкі яго завуць, узяў рэмень са свежай скуры, абкруціў галаву хваробы, уклаўшы яму ў вушы каменьчыкі. Рот замазалі гноем, а вочы — анучай, абмазанай дзёгцем. Тады ўсцягнулі язву на вогнішча з сарака вазоў дроваў ды дваццаці вазоў саломы ды спалілі, і адзежу з дому ягонага прынеслі ды ў агонь пакідалі. І ніхто больш у вёсцы не захварэў!
Брат паляўнічага на ведзьмаў пераможна агледзеў грамаду. Пранціш адчуў, што яго зараз званітуе. Іх з Лёднікам неаднойчы вінавацілі ў вядзьмарстве — і вось які канец мог напаткаць, не паглядзелі б пераляканыя мужыкі ні на кляйноды шляхецкія, ні на дыпломы доктарскія. Сканалі б у агні, з гноем у роце і дзёгцем у вачох...
— Пакуль у гэтым краі не з’явіцца дастаткова медыкаў, пакуль не адчыняцца для беднякоў бальніцы — будзе вось такое дзікунства! — гнеўна кінуў Лёднік. — А я заміж таго, каб займацца медыцынскай адукацыяй...
— Ты ў гэтым свеце ніхто, доктар, — з насмешкай, густа замяшанай на нянавісці, абарваў яго наваспечаны граф Пянткоўскі. — І чым табе займацца — вырашае той, у каго ў руках нітачкі, на якіх ты навязаны.
— Пан Ватман ніты майго лёсу дакладна не ўтрымае!
Старыя ворагі счапіліся, праўда, пакуль на словах «ушчыплівых, няўчсцівых, добрай славе датклівых», як пішуць у судовых кнігах. Шматняк, скарыстаўшыся тым, што паны страцілі да яго інтарэс, апусціў калматую галаву на стол і захроп, як кобальд, што скакаў да раніцы вакол свайго скарбу.
Пранціш з дапамогай усяго свайго дыпламатычнага рэсурсу неяк суцішыў спадароў. Ён і сам рады быў бы секануць па нахабнай пысе найміта, але на млыне поўна ягоных жаўнераў, такіх жа спрактыкаваных дарагіх забойцаў. І шляхецкае слова Багінскаму дадзена, а ў Полацку могуць пакрыўдзіць Саламею з дзецьмі... Дый... Ну самому сабе прызнацца сорамна, самавітаму шляхціцу, як вярэдзіць хлапечая цікавасць да новай таямніцы. А раптам зноў файная прыгода!
— Ну што ж, — задумліва прагаварыў Ватман. — Калі Тызенгаўз і праўда рыхтуе таемную зброю, дык шукаць яе трэба на той самай загадкавай мануфактуры, якую зладзілі ля дзяцінца... Праўда, мне даносілі, яна зусім невялікая, незразумела нават, куды столькі жалеззя ў яе наскладалі.
— Вы што, верыце ўсяму, што наплёў гэты небарака? — насмешна папытаўся Пранціш.
— Ён усяго толькі дадаў яшчэ кроплю мядку ў тыя соты, што напоўненыя іншымі, — паэтычна выказаўся Ватман, і Вырвіч падумаў, што хутчэй параўнаў бы збор шпегаўскай інфармацыі не з працаю пчол, а з гадзюкамі, якія спаўзаюцца, каб дадаць яшчэ кроплю яду ў кубак злога чарадзея.
— Пачалася ўся гэтая містыка мінулым летам, — неахвотна пачаў распавядаць Ватман. — Невядома адкуль чатыры разы абстралялі снарадамі раздзелы Касакоўскага. Вакол на некалькі міль — роўнядзь, ні рэдута, ні лясочку, і раптам — снарады. А тры разы дасталося расейцам, якія таксама не маглі даўмецца. Поле, балота, рэчка... Гарматы схаваць няма дзе. Галоўнае — ні грукату, ні дыму. А бомба як з неба бэнц — і дваццаць чалавек выкасіла. Зімой было ціха, а нядаўна — зноў... То ў нас снарад з неба зваліцца, то ў расейцаў. Адна выснова — у Тызенгаўза з’явілася зброя, якая можа шпурляць ядры найменш на тры мілі. Бо нават гарматы-адзінарогі больш як на дзве мілі не стрэляць...
Читать дальше