— І васпан думае, на тураўскай мануфактуры зрабілі вялізную гармату? — мімаволі зацікавіўся Вырвіч.
— А вось гэта вы з доктарам і высветліце!
Найміт няспешна дастаў канверт, які яму на самым пачатку гасцявання на млыне перадаў мясцовы кобальд, зламаў пячатку і выклаў на стол два складзеныя аркушы. На адным — дробныя радочкі, на другім — чырвоныя і чорныя літары ўтваралі некалькі квадратаў. Ватман незадаволена схіліўся над лістамі, водзячы тоўстым пальцам па літарах і нешта мармычучы...
— Мудрая літарэя? — насцярожана падаў голас Лёднік. — І што ёю зашыфравана, нам не належыць ведаць, як баранчыкам не тлумачаць, якую страву з іх прыгатуюць?
— У палітыцы меней ведаеш, доктар, даўжэй жывеш, — павучальна прамовіў найміт, не адрываючы вачэй ад паперы. — Мог на сваім сумным досведзе пераканацца.
Лёднік сціснуў зубы. Вырвіч нібыта чуў, як лязо доктаравай шаблі ажно звінела ад нецярпення, просячыся з похваў.
— Урэшце, мы з панам Вырвічам павінны ўсвядоміць, якім чынам нам патрапіць да пана Тызенгаўза не ў выглядзе трупаў. Пан Антоній — не той чалавек, да якога можна проста так заявіцца пасля паўгода вайны на другім баку, папрасіць прабачэння і зноў увайсці ў давер. Ды ён і размаўляць з намі не стане!
Раптам шматняк прыўзняў галаву ад стала і пакрыўджана прагаварыў, гледзячы мутным позіркам на папяровыя ветразі:
— Далібог, бачыў змія! Лупіцца з вады!
На гэтым расповед скончыўся. Грынька зноў апусціў галаву на мёртвую беларускую ліпу, што не падазравала калісьці аб сваім будучым пераўтварэнні ў стальніцу. Ватман акуратна склаў лісты ў канверт і выскаліўся, што мусіла азначаць усмешку. Бяздонныя вочы адлівалі барвовым.
— Не бяры ў галаву, доктар. Рабіце, што вам сказана, і будзе вам пернік. З макам.
І калі Пранціш з Лёднікам на раніцу выехалі ў бок места, у галаве Вырвіча так і круцілася чутае калісь ад нянькі Агаты: «Еш, дурань, гэта ж з макам».
Канверт, перададзены наймітам, Вырвіч узяў сабе. Было падазрэнне ў яго, што Лёднік нават паперынай, якую трымаў у руках люты вораг, згідзіцца. І цяпер пасланне, упрыгожанае васковай пячаткай з фанабэрыстым грыфонам, магчыма, гербам навюткага графа, нібыта халадзіла за пазухай, як гадзюка.
Канверт належала аддаць таму, хто сам яго папросіць. Карацей, гулялі, як у сляпога ката.
Дарога — калатуша з гразі, па абодва бакі ад яе бясконцыя палескія балоты... Там-сям на купінах насцярожана паказваюць дзюбкі пралесачкі — ці не зарана высунуліся? У небе сінія лапіны граюць у даганялкі з шэрымі, а сонца забылася, што можна ззяць ва ўсё кола, а не толькі вызіраць сціпла ў выпадковыя шчыліны паміж аблокаў. Добра хоць, Ватман даў коней, хай і не самых ладных, не з княскае стайні, а не выпер абодвух шпегаў пехатою. Таму скрынка са шлемам Альбукасіса мірна спачывала ў адной з дарожных торбаў на баку рудога коніка, які пражыў ужо доўгі век, носячы на спіне злых істот, што знішчалі адно аднаго агнём ды сталлю, і звык да змены гаспадароў.
Непадалёк гналі свае воды Прыпяць і сціплая рэчка Тур. Вырвіч успомніў урывак з трактата Міхалона Ліцвіна, колішняга літоўскага пасла да крымскага хана, які апісваў каралю гэтую мясцовасць: «Многія рэкі называюцца залатымі, асабліва Прыпяць, якая ў адным месцы паблізу Мазыра, пры ўтоку ракі Тура, з назапашваннем свежай вады з крыніц штогод, у пачатку сакавіка, напаўняецца такім мноствам рыбы, што кінутая ў яе дзіда ўшчамляецца і стаіць строма, нібы ўторкнутая ў зямлю — так густа збіваецца там рыба.
Я б не паверыў гэтаму, калі б сам не бачыў часцяком, як адтуль бесперапынку чэрпалі рыбу і напаўнялі ёю ў адзін дзень да тысячы вазоў, што належалі прыезджым купцам, якія штогод з’язджаюцца ў гэты час».
Гэх, прамінуў залаты век любай Літвы-Беларусі, не стаіць дзіда тырчма ў рэках ад мноства рыбы, лемпарда ў пушчы ледзь знойдзеш, каб для гусара накідку зрабіць з залаціста-плямістай скуры...
Далёкае галёканне з-за спінаў змусіла азірнуцца. Расплёхваючы фантаны халоднай гразі, да шпегаў нёсся атрад з пары тузінаў вершнікаў у белых мундзірах.
— Канфедэраты, — здзівіўся Лёднік. — Можа, ягамосць Багінскі ахову нам вырашыў прыслаць?
— Альбо яшчэ штось загадаць забыўся? — прамармытаў устрывожаны Пранціш.
Але ж дзіўная дапамога да іх пасланая... Вершнікі ваяўніча гарлалі і размахвалі шаблямі. Хутка можна было разабраць воклічы з асноўным сэнсам «Смерць праклятым здрайцам!»
Пранціш на ўсялякі выпадак абвёў вачыма пляскатую мясцовасць — іншых істот на ролю праклятых здрайцаў, акрамя іх з Лёднікам, не назіралася.
Читать дальше