— У мяне няма з сабою лекаў, але я мог бы і без іх паспрабаваць зменшыць боль... Рукамі. Я... магу, вы ж ведаеце, Раіна.
Бутрым і праўда ўмеў рабіць адмысловы масаж, які некаторыя лічылі чараўніцтвам. Але Раіна толькі ўсміхнулася збялелымі вуснамі і прашаптала:
— Дзякую, пан Баўтрамей... Але боль — гэта часам... добра. Ён нагадвае, што ты яшчэ жывы...
Пранціш не вытрымаў і штурхануў доктара:
— Чаго сядзіш? Я здабуду табе любыя інгрэдыенты, толькі спіс складзі. Давай, ідзі, пачынай варыць мікстуры, тынктуры! Бачыш, ёй кепска!
Але той не зрушыўся з месца, горыч і стома гучалі ў голасе.
— Доктар — усяго толькі чалавек, пан Вырвіч. Павер, каб хоць найменшы шанец...
Што ён гародзіць? Лекар, які столькі разоў са смяротнага ложка людзей падымаў! Заміж каб лячыць, нешта хворай расказвае пра іх з Вырвічам прыгоды, нібыта супакойвае напалоханае начніцамі дзіця.
— А адкуль у вас, Раіна, апынулася карона Святога Альфрэда? Вы спаткаліся з Батыстам?
Раіна, слухаючы Лёдніка, не адводзіла вачэй ад Вырвіча, сумных такіх, спакойных вачэй, якія заглядалі ўжо крыху далей, чым дазволена зямному воку, і Пранцішу хацелася раўці. Усё, што ён мог, — трымаць Раіну за руку, а якія ж халодныя пальцы, і даваць сабе слова быць хоць цяпер з ёю да канца.
— Я тады прыехала за вамі ў Францыю. Вы былі ў Ліёне, але зарабіць дастаткова грошай і заняць нейкае пэўнае становішча мне выпаў шанец у Парыжы, — пачала распавядаць Міхалішыўна слабым голасам, перарываючыся на кашаль. — Вядома, пашанцавала не адразу. Даводзілася і ў балагане па дроце хадзіць, і па вуліцах з жанглёрамі... Аднойчы так застудзілася, што ўсе застарэлыя болькі й праявіліся, і я зразумела — пакацілася кола з адхону... Нядоўга мне тузацца на вяровачцы лёсу. На вуліцы й пазнала мяне Мары, сяброўка-актрыса — мы пазнаёміліся з ёй у Версалі, дзе Батыста праводзіў сеанс магіі. Запрасіла ў Камедзі Франсэз. На жаль, голас я тады ўжо амаль страціла, спяваць не магла, а іграць у спектаклях хоць субрэтак, ды танчыць — чаму не? Аднойчы ў мой пакой у пансіёне пастукаліся і аб’явілі, што па мяне прыехаў мой муж. Прызнацца, я падумала... — Раіна адвяла вочы, на запалых бледных шчоках загарэліся дзве ружовыя плямы, і Вырвіч зразумеў, што тады яна вырашыла, быццам гэта ён, ліцвінскі драгун, знайшоў збеглую нявесту.
— Але гэта аказаўся Батыста, — горка зазначыла колішняя асістэнтка мага. — У яго ж былі выпраўленыя калісьці фальшывыя дакументы аб нашым шлюбе. Закон аказаўся на ягоным баку. Мяне маглі пасадзіць у турму за адмову суправаджаць мужа. Луіджы распавёў, што карону святога Альфрэда ў Францыі выгадна прыстроіць не ўдалося, караля цікавілі больш спакусныя рэчы, чым пазбаўлены каштоўных каменняў пагнуты залаты абруч. І мой уладальнік збіраўся, як вы яму раілі, адпраўляцца ў Ангельшчыну, адкуль карона й была ў свой час скрадзеная. Ангельцы, маўляў, шануюць традыцыі, кароль Георг дакладна захоча вярнуць рэліквію ў каралеўскую скарбніцу! Мая воля да ўвагі не бралася, Луіджы замкнуў мяне ў пакоі і запэўніў, што на раніцу забярэ з сабой. Але ноччу па яго самога прыйшлі. Раніцай прыслуга знайшла яго мёртвым. Не варта было гандляваць святой рэччу, ды яшчэ ў езуітаў скрадзенай...
— Напэўна, езуіты і пастараліся? — удакладніў Пранціш. Раіна пацвердзіла:
— Думаю, яны... Бо Луіджы быў атручаны. Мясцовы доктар запэўніў, што мой так званы муж памёр ад сардэчнай хваробы, ніякіх прыкмет гвалтоўнай смерці... Але Батыста ў свой час навучыў мяне добра разбірацца ў атрутах. Ціхая хуткая смерць за пісьмовым сталом, на якім застаўся пусты келіх... Думаю, Луіджы пашанцавала. Ён усё жыццё баяўся памерці ў вязніцы.
Вырвіч падумаў, што злыдзень не дарэмна баяўся. Злачынстваў на рахунку вандроўнага мага хапала.
— Ён хоць не паспеў табе нашкодзіць пры сустрэчы? — з горыччу папытаўся Вырвіч, памятаючы, як Раіна ўвесь час прыпудрывала сінякі — вандроўны маг выхоўваў дзёрзкую рабыню, выкупленую ў Слуцкім тэатры. Пальцы актрысы ўздрыгнулі.
— Якая цяпер розніца... Затое сваёй смерцю ён учыніў мне нечаканае дабрадзейства. Я засталася шаноўнай удавой. Да таго ж, вельмі багатай удавой.
Дык вось адкуль у Раіны былі грошы! Краем вока Вырвіч заўважыў, што Лёднік далікатна выйшаў з пакоя. Вырашыў даць развітацца маладым... Але Вырвіч усё яшчэ не мог паверыць, што дайшло да развітання. Зараз Бутрым вернецца з самымі надзейнымі лекамі!
— А як жа езуіты дазволілі табе ўспадчыніць карону святога Альфрэда? — пацікавіўся Пранціш, перачакаўшы чарговы прыступ пакутлівага кашлю ў хворай.
Читать дальше