— Я сам шляхціц, вашамосць! З роду Гасціловічаў герба Далега, і нікому не дазволю абражаць сябе і сваіх паноў-братоў, з якімі на полі бойкі з’ядналіся! Не ведаю васпана і ведаць не хачу, і месца сабе здабуду сумленнай сваёй шабляй!
Кампанія зараўла, вочы загарэліся, як у ваўкоў, і штосьці тлумачыць ім было бескарысна. Самотны шляхціц у форме простага ўлана здаваўся ім лёгкай здабычай. Не засекчы — дык пацешыцца, фанабэрыю з чужынца збіць... Яны ж не ведалі, што Вырвіч меў досвед не толькі афіцэра драгунаў, але й настаўніка фехтавання. Вось толькі і прыхадні не былі шараговымі жаўнерамі... Гарабурдзіха лямантавала, шаблі звінелі, і Вырвіч, угневаны дарэшты, не збіраўся нікога шкадаваць. Вось ужо адзін, з пабітым воспай злым тварам, заціскае рану на перадплеччы...
Пралітая кроў не ахаладзіла, а толькі разгарачыла, як дармовая гарэлка.
— Бі! Сячы! Г-га! Г-га!
Напэўна, калідор перад дзвярыма, за якімі ўсё гучней нехта перхаў, ператварыўся б у залітую крывёй і заваленую целамі рознай ступені цэласнасці разніцу, але грымнуў нізкі вокліч:
— Ці-ха! Панства не можа дацярпець да поля бою? Трэба ў дамах мірных жыхароў сечы ўчыняць? Пад трыбунал захацелі?
Бойка на хвілю сунялася. Было чаго. Бо Лёднік, у кашулі навыпуск і накінутым на плечы жупане, выглядаў дакладна як адзін з чатырох вершнікаў Армагедона. Высокі, напяты, рука цвёрда сціскае шаблю, чорныя патлы звісаюць на плечы, на збялелым худым твары запалыя ад стомы цёмныя вочы, драпежны доўгі нос, вусны крывяцца жорсткай усмешкай... Дакладна не марцыпанамі пачастуе.
— Бі!
Найміты, здаецца, забыліся ўжо, з-за чаго пачалася бойка, і хацелі проста яшчэ трохі п’янкога напою з чужой смерці і болю, як бандзюкі-лестрыгоны, што шпурлялі абломкі скал у Адысееў карабель... Ну, атрымайце! Шабля Пранціша ўпілася зноў у чужое цела. Але доктар уладна схапіў Вырвіча за плячук:
— Адыдзіся! Заб’еш каго, зноў арыштуюць.
Скінуў жупан і ірвануўся наперад, арудуючы плазам шаблі, выкручваючы рукі так, што зброя адразу з абражаным звонам падала на падлогу... Круціўся, ажно шабля свістала, а голай рукой адштурхоўваў абяззброеных так, што здавалася, штурхае разгайданы звон. А калі адзін з нападнікаў адляцеў проста ад скіраванай у яго на адлегласці далані Лёдніка — а Бутрым доўга вучыўся такому ўдару ў знаёмага кітайца, — нязваныя госці ўсвядомілі: штось творыцца нязвыклае.
— Вядзьмак, пане-браце! — зароў хтось з абяззброеных і аглушаных аматараў чужога жытла. — З нячысцікам не звадзімося!
— Ды хай згарыць гэты кляты дом! — прастагнаў другі пад развітальны выспятак ад Вырвіча.
Калі дом апусцеў, Лёднік сагнуўся ад болю, трымаючыся рукой за бок, на лбе праступілі кроплі поту. Падлячыўся, называецца.
— Вось ён, сапраўдны твар вайны... — прасіпеў скрозь зубы. З-за дзвярэй пачуўся пакутлівы кашаль... А дзверы ж прыадчыненыя! Тыя гіцалі амаль іх выламалі. Вырвіч асцярожна штурхануў пашчапаную створку...
— Прашу вас, не глядзіце!
Раіна Міхалішыўна захінала аблічча тонкімі рукамі, больш падобнымі да абцягнутых костак. Голас непазнавальна змяніўся, хрыплы, сіпаты, ціхі, як травінка. І хто б мог падумаць, што такі страшны, глыбокі кашаль спараджаюць грудзі кволай маладой кабеты!
Лёднік, быццам і не здзівіўся, прысеў на край ложка, асцярожна ўзяўся за худую руку, што закрывала твар, намацаў пульс.
— Я ж папярэджваў вас, Раіна, — заставайцеся ў мяккім клімаце... Горы, кіпарысавы лес...
Пранціш з жахам глядзеў на тую, каго збіраўся назваць жонкай. І з цяжкасцю пазнаваў у гэтым змучаным стварэнні егіпецкую прынцэсу Семпенсентру, яна ж графіня Серафіна, што вытанцоўвала на гарачых вуголлях ды чаравала вогненнымі позіркамі. Вочы запалі і нібы выцвілі, русявыя валасы зліпліся ад поту... Попел, пыл і павута... Вось-вось адляціць матылёк, пакідаючы срэбны пылок ад крылаў на грубых пальцах нядаўняга шчаслівага паляўнічага.
Вырвіч раптам усвядоміў, пра што калісьці спрачаўся Скарамуш з дэ Вардам, калі аглядаў важную пацыентку. Барон не даў вучонаму рабу ўстурбаваць яе безнадзейным дыягназам і паспяшаўся справадзіць да Месмера. Няхай той адказвае, калі што...
— Чаму вы абое не сказалі мне?
Голас Лёдніка быў змрочны, але спакойны:
— Таму што спадарыня Раіна не хацела, каб вы, пан Вырвіч, ведалі, што ёй нядоўга засталося. І я спадзяюся, што васпан не распачне зараз дакоры ды пафасныя крыўды.
Раіна закашлялася, і Пранціш проста зайшоўся ад жалю і жаху, назіраючы, як выгінаецца яе худое цела, напружваюцца жылы на шыі... Лёднік дапамог кабеце адпіць адвару і мякка прамовіў:
Читать дальше