Маю патрэбу сёння
ў такіх сынах,
гэтакім дзецям рада,
якія б не толькі замкнулі
распусныя вусны
блюзнерцам,
але i сваіх —
ад найвышэйшых
да найніжэйшых,
ад архірэяў да іярэяў
разам з людзьмі,
што давераны іхняй уладзе,
як заслугоўвае кожны,—
ўшчувалі,
на шлях настаўлялі
i да жыцця вярталі.
Але
ці здолею дзе знайсці
дзяцей такіх сёння?
Ці ix з непрытомнай зямлі
уздыму?
Ці вазьму
ix з векапомнага неба?
А мо напаткаю раптам
ix у краях айчынных?
Шкада:
не ўздыму,
шкада:
не вазьму
i раптам не напаткаю.
Нікога нідзе няма,
хто б адгукнуўся на зовы.
Усе адхінуліся ад мяне,
усе насупіліся на мяне —
нібыта ніколі
я імі не мучылася
i не хварэла.
Усе ўвабраліся ў зброю,
усе паўсталі,
нібы я найпершы вораг,
i хочуць,
у што б там ні стала,
звесці
з гэтага свету
маю душу.
Няшчасная маці,
што я зрабіла такога,
што мушу
нязносныя пераследы
зносіць
ад родных сваіх сыноў?!
Што я ўчыніла такога,
што ходзіць
па пятах за мною смерць,
што цікуе
за мной небяспека?!.
Адны нядбальствам сваім
даймаюць,
другія зласлівасцю
дапякаюць,
адны сваёй жорсткасцю
ўводзяць у роспач,
другія сваёй прагавітасцю —
ў смутак.
Паадчынялі
бездані зла
i пабралі
з ягоных радовішчаў
гэтакія здабыткі.
Але паколькі
усякай справы пачатак —
слова,
i папярэднічае развага
таму, што ўчыніцца мусіць,
я выкажу ўголас
усё, што ляжыць на душы,
каб не быць
мне прадузятай у смутку
i неабачлівай у жалобе.
Належыць
у справе, такой няпростай,
дзейнічаць не з гарачкі,
рашэнні прымаць
не спехам.
Загадвае справядлівасць
i вымагае болеч,
каб я,
ва ўсім разабраўшыся дбайна,
усё ўзважыўшы пільна,
прыйшла да высновы:
адкуль у маіх сыноў
так шмат уласцівасцяў
кепскіх,
так многа заганаў
прыкрых?!
I што паслужыла
прычынай таму,
што ў дзецях
пасеялася i без меры
ўзбуяла да маці сваёй
нянавісць?!.
Яшчэ i яшчэ раз
удумацца ў гэта мушу,
перш чым навекі
у скрусе сваёй душы
адракуся ад ix;
i перш чым
у горычы свайго сэрца
аддам ix бацькоўскаму
пакаранню,
яшчэ раз да тых,
што прыклад
малодшым братам падаюць,
звярнуся
i з імі пагутару.
Можа,
убачыўшы воблік маці,
усё ж засаромеюцца,
пашкадуюць
яе пакутаў,
вытруць з вачэй яе
слёзы,
змякчыўшы
сэрцы свае ў пакоры,
i ногі яе абдымуць,
зведаўшы,
што было б
ім лепш не радзіцца,
чым трапіць
на вечнае пакаранне
у рукі
усёмагутнага бацькі.
I хоць ён здаўна
ведае мае смуткі,
аднак
да гэтага часу чакае,
споўнены літасці,
затрыманы спадзяваннем,
што яны самі,
калі парасплюшчваюць вочы
i ўгледзяць мой боль,
пакутаваць будуць.
Ды ўжо неўзабаве
выпушчу з вуснаў слоеа,
якое ім будзе прысудам,—
пакуль найлягчэйшае,
калі толькі
цяжэйшае не пераважыць.
Не думайце,
што вы ў моцы
i можна
усё вам рабіць —
у імгненне вока
зніштожацца котлішчы зла
i тыя,
што ў зле раскашоўваюцца,
i памяць пра ix
віхура
развее па свеце,
каб нават знаку
не засталося ад месца,
дзе яны бытнавалі.
«Страшная справа,—
апостал кажа,—
упасці ў рукі
Бога жывога...»
Дайду да вытокаў
іхняй варожасці,
пашукаю
прычыну непрымірымае
іхняе злосці:
ці то ад бацькі,
паводле прыродных законаў,
займелі,
ці то ад маці,
калі гадавала,
ўзялі?
Бо як добры плод
сведчыць пра добрае дрэва,
гэтак i добрыя норавы
у дзяцей
пра добрых бацькоў гавораць.
I наадварот:
бацькоўскай
злоснай натуры
звычайна прыпісваюць тое,
што асуджаецца
у нашчадках.
Але нічога такога,
што варта было б
папракнуць ці зганьбіць,
не знойдзецца ў выпадку
нашым.
Бацька —
лагодны
ціхмяны,
сціплы,
ласкавы,
пакорлівы,
добры
i паслухмяны да смерці;
маці —
пяшчотная,
чыстая,
шчырая,
ветлівая,
святая;
бацька —
мудры,
спагадлівы,
справядлівы,
шчодры,
на гнеў не паспешлівы,
міласэрны,
i калі гневаецца,
дык ненадоўга;
маці —
адданая дзецям:
яна ix мілуе,
яна ix гадуе,
яна цярплівая да крыві
i тым,
з кім злучана шлюбам,
аздоблена i абдаравана.
Таму ні бацькаў
прыродны закон,
ні матчына малако
не былі
прычынай таму, што ў дзецях
закрасавала зло...
Вы, княжаты, уладары,
судзіце
падданых,
якія давераны вам,
судом не свавольным,
а Божым,
асцерагаючыся, каб вы самі
тым жа судом
асуджаны не былі.
Не ўскладайце
на ix вялікай даніны,
ведаючы,
што дараваў
вам Гаспадар ваш
усе запазыкі вашы
i чынш за вас
заплаціў.
I калi
чыніце ўпотай што-кольвек,
дык не падманвайцеся:
«Хто ж нас бачыць?»,
бо ўсе вашы ўчынкі
бачыць Айцец ваш,
які — на нябёсах
i для якога
нічога няма,
што было б схавана,
нікога няма,
хто быў бы
утоены ў сваіх справах.
Читать дальше