Калі гэткай
раптоўнаю смерцю людзі,
згаданыя тут,
паміраюць,
дык мы не павінны
вочы заплюшчваць i думаць,
што мы неўміручыя,
i адкладаць
сваё пакаянне да заўтра,
да старасці
ці да смяротнага ложа,
як вушчаць
нам ашуканцы-воржы.
Павінен, аднак,
хрысціянін-вернік
ведаць i разумець,
што з некім
другім чалавекам
здараецца, тое можа
здарыцца неспадзеўна
i з ім самім.
Бо такое слабое
i нетрывалае наша цела,
што часам
хопіць аднюткай
заразнай кроплі,
якая з паветра
ўпадзе незаўважна,
каб смерць
чалавеку прынесці.
О сумятлівы
і хапатлівы сладару,
хіба не грахамі
ты кормішся?
Нібы камень,
што коціцца шпарка з гары,
мы такім жа
шпаркім няспынным бегам
бяжым да смерці.
I што не бачна
нам на сабе, тое добра
відаць на суродзічах нашых:
учора яшчэ размаўлялі з намі,
а сёння ляжаць у цёмнай
труне маўкліва.
Няхай жа ім дапаможа
цяпер іхні гонар —
ён быў вялікі;
няхай жа цяпер паспрыяе
ім іхняя слава —
яна лунала высока;
няхай ім цяпер паслужыць
раскоша, што ix акружала,—
яна была адмысловай;
няхай ix цяпер накормяць
ласункі-лізункі;
няхай напояць
напоі салодкія;
хай аздобяць
уборы святлістыя
i надухмяняць
пахошчы!..
Нямы, страхотны,
i ты неўзабаве ляжаш
у цёмную яму —
смярдзець i ежай
быць чарвякам нікчэмным.
Таму дарма ганарышся
i хвалішся сваім царствам,
сваім багаццем,
сваёй прыгажосцю i моцай,
сам — куфар нечысціні,
сам — кораб гнілечы,
сам — гляк смуроду.
Кім ёсць ты на справе самой,
тым урэшце
i апынаешся: недарэчнай
i не патрэбнай нікому рэччу,
заразным тленам,
гнілою зямлёю.
Таківось канец
грэшнага чалавека:
усё абяцалі яму грахі,
a ўсё ў яго ўрэшце забралі.
Таму, адкладу не чынячы,
людзі, о людзі,
пакайцеся шчыра ўжо сёння,
слязамі ўжо сёння абмыйце
усе свае, вартыя жалю,
справы:
вы зневажалі Божую веліч
сваімі грахамі —
i перш чым на Божы суд
паклічацеся,
перш чым будуць
палічаны вашы грахі,
палічыце ix самі!..
Ведаю, што засмуціў
душы i сэрцы вашы
казаннем сваім аб страшных
i жаласных з'явах смерці.
I хоць яно
страшыць i засмучае,
але прыводзіць хутка
да пакаяння праўдзівага
многіх людзей,
не пазбаўленых праўды,
i ад пякельных
пакутаў ix выбаўляе.
Належыць
мне зараз уцешыць вашу
заплаканую душу
расказам пра тое,
як адыходзіць з гэтага свету
праведны чалавек.
Ведайце, з гэтага свету —
з юдолі слёзнай,
з вязніцы цёмнай,
з сялібы няпраўды,
з бярлогі разбойнікаў,
з дому грахоў —
ён з вясёлай
душой адыходзіць.
Ён радуецца, што застаецца
нарэшце ззаду
няволя Егіпту — краіны,
якая
з грахамі схаўрусавалася,
i што ўваходзіць
у край запаветны —
у нябесны Ерусалім,
у сваю
аднойдзеную Айчыну.
Не смутак i не жалоба
праведніка праводзяць,
а абдымае радасць,
калі ён выходзіць з цямніцы,
грахамі населенай
i пільнаванай
зламыснымі духамі,
i ўваходзіць
сцяжынай нябеснаю
ў нябесны Ерусалім;
калі ён прыходзіць
да першаіснай,
напісанай на нябёсах,
царквы саборнай
i там сустракае
мноства анёлаў Божых,
святых i праведных духаў:
там будзе
у радасці вечнай з імі
праведнік бытнаваць.
Дык вось, калі век чалавека,
адмераны Богам Творцам,
канчаецца,а чалавек
трымаўся ў жыцці хрысціянскай
праўдзівай веры
i не чыніў нічога,
што Божыя запаведзі
забараняюць,
тады да яго прыходзяць
анёлы, святыя i светлыя,
i як бачыш
з абліччам вясёлым лёгка
з ягонага цела вымаюць
яго святую душу.
I, пэўна ж,
усцешаны праведнік дужа
з прыходу анёлаў i з іхніх
паводзінаў шчасных.
Яны ж, узяўшы,
душу яго, што не мае
цямноты граху, імкнуць
яе ўвышыню, да трона
трохіпастаснага Боства
i пакланяюцца разам з ёю
Творцу свайму, а ён
багаслаўляе душу
праведную багаславеннем
сваім усявышнім вечным
i кажа весці яе
у праведны збор.
Анёлы
бяруць i адводзяць яе тады,
радуючыся, у месца
спакою i светлыні.
I там сустракаюць
яе другія святыя
анёлы
i патрыярхі вітаюць,
i пацалункам
любові святой цалуюць,
радуючыся яе
прыходу i перамозе
над звабамі гэтага свету
i хітрасцю воржавай.
I жыве
у светлай сялібе душа
праведніка да другога
прыйсця Ісуса Хрыста,
Госпада нашага,
з канчатковым
судом вызначальным, якім
будуць судзіцца людзі.
A калі б тут
азваўся які малавернік
з нязгодаю i сказаў:
дзе гэта пісана, каб анёлы
людскую душу імкнулі
з зямлі ў нябёсы,
i хто гэта бачыў,—
я адкажу:
той гэта бачыў, перад чыімі
вачамі як на далоні
усё стварэнне —
усёвідушчы
Сын Божы бачыў.
I праз Яго
мы таксама бачым,
як узялі i гтанеслі
анёлы ў нябёсы
Лазареву душу,
а душу
грэшнага багацея
панеслі д'яблы
у сутарэнні падземныя —
у пекла.
Сам Бог засведчыў
i паказаў нам, які
страшны канец рыхтуе
грэшнік сабе i які —
не страшны,
а радасны — угатаваны
праведніку.
Читать дальше