О чалавеча грэшны,
не слухайся здраднай
д'яблавай рады —
не адкладай да заўтра
свайго пакаяння.
Бо ведаць не ведаеш,
калі смерць
спаткае цябе — праз тыдзень,
праз дзень,
a мо праз гадзіну, а мо
калі заспявае певень,
і вось
дг старасці не дабудзеш
i што хацеў здзейсніць —
не здзейсніш.
Дык не марудзь з пакаяннем,
не адкладай на потым,
як раяць воржы.
У старасці час не гэткі,
які быў у маладосці:
кароткі — бы дзень узімку,
няроўны — бы сцежка ў лесе,
i шпаркі — бы птушка ў небе.
А смерць
не толькі ў канцы дарогі,
якой мы ідзем, чакае,
аднак жа суправаджае
заўжды нас, на ўсёй дарозе,
i ўладу сваю прасцірае
на ўсе гады i гадзіны
нашага бытавання.
I ў маладога
здароўе, здараецца, адбірае;
здараецца, што й старому
звязвае, як немаўлятку,
язык: нешта хоча
сказаць, але ўжо не можа;
i розум,
здараецца, чалавеку
цемраддзю акрывае.
А пакаянне
i сэрца разжаленае —
дарунак,
які далека не ўсім
у хваробе іхняй
даецца Богам.
Не маюць
дарунку такога людзі,
якія ім пагарджалі,
якія яго адцуралі,
калі былі ў дужасці i ў здароўі.
Таму згодна з Божым
судом справядлівым,
хто якім быў у жыцці,
i ў смерці
такім апынецца,
i хто
з грахамі прыязніўся
i патрэбы
у пакаянні не меў,
той мае
памерці ў грахах таксама.
У чым чалавека
смерць застае — тым Бог
i судзіць яго: таму
адны заслугоўваюць
вечнай пакуты,
другія — у вечнасць
прысвечанага жыцця.
Зазначым прытым,
што старасць
зусім не садзейнічае пакаянню;
наадварот, цяжарам
кладзецца на чалавека:
больш немачы ў ім, чым сілы,
больш боязі, чым адвагі,
i воржавыя спакусы
кладуць перад ім перашкоды,
якія ці здолее небарака
адолець — бо й часу нямнога
ён мае на гэтым свеце
i мусіць душа неўзабаве
цела пакінуць.
А на смяротным
няпэўным ложы
i час як не час — няпэўны.
Вунь, ужо смерць ідзе
i вядзе
на цела тваё чараду хваробаў,
а д'ябал зласлівы
гурму спакусаў
вядзе на тваю душу.
Калі ж азірнешся
назад, на жыццё, якім жыў,
дык убачыш:
ідзе за табою ў абліччах,
бы ў дэманаў, страшных
мноства тваіх грахоў,
каб з'явіцца
разам з табою на страшным
Божым судзе.
Ты ix забаішся,
i засаромеешся,
i адвернеш
вочы свае ад ix.
A скіруеш
у правы бок — вось жа,
убачыш анёлаў Божых,
якія з цябе пасміхаюцца,
кажучы: не разумее
гэты бядак-чалавек
годнасці чалавечай,
што неразумнай
скаціне ўпадобіўся.
A зірнеш
у левы бок ад сябе, убачыш
жахлівых істотаў — д'яблаў,
што, быццам галодныя львы,
чакаюць
душы тваёй,
i здрыганешся
душою, яшчэ жывою.
I вочы падымеш
у неба, увышыню —
ды Ўсявышні
Бог, справядлівы суддзя,
ад цябе
адвернецца найсвятлейшым
сваім абліччам.
I ты
славы яго засаромеешся
i забаішся,
i вочы апусціш долу —
але i тут
цябе чакае-падсцерагае
жахлівае:
перад табою
стаіць ca сваёю касою
грозная смерць,
пад табой
сярністым агнём бушуе
бяздоннае пекла.
I так
у роспачы,
у грахах,
змарнаваўшы
магчымасці пакаяння,
грэшнік
смерцю бясслаўнаю памірае,
а д'яблы
лютыя каты —
прыходзяць i гвалтам
душу з яго выдзіраюць.
I потым яе заносяць
у цёмныя нетры,
i там
яна бытуе ў пакутах
да суднага дня.
Такі, варты жалю,
канец грахатворцы,
што памірае без пакаяння.
Таму,чалавеча,
не адкладай да заўтра,
да старасці
ці да смяротнага ложа,
як радзяць зламысна воржы,
свайго пакаяння.
Але цяпер,
адкладу не чынячы,
кайся
разжаленым сэрцам
i абмывай слязамі
грахі свае,
i рассыпай
міласцінамі — пакуль
цябе не паклічуць анёлы
на Божы суд.
Нам кажуць
падзеі вякоў старажытных,
як перад самым патопам
людзі пілі i елі,
скакалі, ігралі,
цешыліся i ахвоту
да ўцехаў сабе дадавалі,
але нечакана
вялікай вадою патопу
змыты былі з аблічча
зямлі;
гэтаксама
чыніліся i ў Садоме
падобныя справы,
i грэх
разрастаўся беспакаранна
iзвычкай
людскою рабіўся,
але знянацку
сярністым агнём з нябёсаў
былі спапялёны
нячыстыя грахатворцы.
Таксама былі пакараны
трое князёў габрайскіх:
Дафон, Авірон i Карэй;
яны не чакалі смерці,
але расселася раптам
пад імі зямля i жывымі
ix паглынула пекла.
Таксама
Елізавель-царыца
думала не пра смерць,
а пра чары i пра залёты,
аднак мінуў дзень —
i з'елі
яе сабакі.
I багацею
было напярэдадні сказана,
што ўначы
вырвуць душу з яго цела
анёлы смерці, a ўсім,
што ён назапасіў, будзе
валодаць другі.
Читать дальше