Рудабельцы падняліся і пачалі дзякаваць.
Гэта вам дзякуй ад рэвалюцыйнага ўрада Беларусі. І перадайце сваім таварышам, каб трымаліся. Уздымайце на барацьбу суседнія воласці, народ пойдзе за вамі. А там у вас такая крэпасць — ні адзін чорт не дастане. Лясы, балоты — ваш саюзнік. Скажыце, а кулакі, ну багацеі мясцовыя, не спрабуюць выступаць супроць савецкай улады?
— Дасюль яшчэ не вытыркаліся,— адказаў Анупрэй, але ў засценках царскія афіцэрыхі туляюцца, і ўраднік уцёк на далёкія хутары. Відаць, паспрабуюць агрызацца. Зброя ў іх ёсць. Але мы цяпер багацейшыя за іх. І сваё вока ў засценках маем.
— Перадайце таварышам Салаўю і Ляўкову, каб абавязкова трымалі сувязь з Бабруйскам. Уком там пакуль што ў падполлі, але дзейнічае... Ну, як казалі да рэвалюцыі, з богам, таварышы.— Мяснікоў правёў рудабельцаў да дзвярэй, развітаўся з кожным за руку.
12
Мароз адваліўся з ночы. Расталі шыбіны, закукарэкалі пеўні, пачарнела дарога, прыцярушаная саломаю і гноем, пацямнеў лес, толькі сям-там на хвоях яшчэ бялелі снежныя шапкі. Хоць зіма была ў самай сіле, але першая адліга напомніла, што не за гарамі вясна, што трэба думаць, як лепей падзяліць панскую і шляхецкую зямлю, як заараць і пасеяць. Вясны чакае ўся агаладалая бедната. Яна спрадвеку марыць пра свой загончык і палоску сенажаці, пра свайго каня і кварту малака пазелянелым за зіму дзецям. Рэвалюцыя дала зямлю, вярнула мужыкам права на ўсё, што вякамі забіралі ў іх камергер двара яго імператарскай вялікасці Іваненка, яго дзяды і бацькі, а незадоўга да Кастрычніка — сухарлявы барон Урангель.
Але ніколі ніхто не аддаваў нарабаванае без бою. Вось і трэба біцца, каб вярнуць здабытае мужычымі рукамі. І доўга яшчэ прыйдзецца змагацца, многа праліць крыві, каб дэкрэты рэвалюцыі сталі законамі для ўсіх.
Корпус Доўбар-Мусніцкага дайшоў да Пцічы і, кажуць, прэ на Мінск, а тут трэба ўтрымацца, адбіцца, перахітрыць, перамагчы, пакуль падыдзе Чырвоная гвардыя, і разам з ёю турнуць фанабэрыстых легіянераў, каб і смуроду іх тут не было. Хутчэй бы прыехалі хлопцы з Мінска, тады б можна было ўзброіць усю беднату і так ударыць, што толькі б пер'е паляцела.
— Аляксандр Раманавіч, папытаць у вас хацеў,— перабіў думкі Салаўя чарнявы хлапец з цыганскімі вачамі. Ён сядзеў на ганку рэўкома і чакаў старшыню.
— А чый жа ты будзеш?— акінуў позіркам незнаёмца Салавей.— Павырасталі, што і роднага брата не пазнаеш.
— Кандратаў я, Кавалевіча Кандрата, можа ведаеце?
— Хто Кандрата не ведае? А як жа цябе зваць?
— Іванам. Парабкаваў у Ермаліцкіх на футары, от і не бачылі мяне тут, а цяпер тыя ўзялі і прагналі.
— Чым жа ты не дагадзіў сваім гаспадарам?
Іван замуляўся, апусціў вочы і пачаў маршчаком
чыркаць па мокрай маснічыне ганка.
— Любімся мы з іхняю Гэлькаю, замуж за мяне хоча, а старыя як дазналіся, адразу — на дыбкі і пратурылі мяне.
У Салаўя ад здзіўлення пакруглелі вочы.
— Шляхцянка за парабка замуж?
— Ат, якая яна там шляхцянка? Вырадак нейкі. Не ў бацьку ўдалася. Спагадае ўсім, сама, як парабчанка. А цяпер уцякла з дому. Справадзілі былі яе да цёткі на футар. Пабыла-пабыла трохі дый кажа: «дадому пайду», а сама не дадому, а ў Харомцы ўцякла, да ахмістрыні ў нянькі нанялася, за харчы служыць. Стары ўжо да майго бацькі прылятаў. Аддай, кажа, дачку. А той ні сном ні духам нічога не ведае.
Адчапіся, кажа, мне сваіх ратоў няма чым заткнуць. Пакрычалі, пасварыліся, той і паехаў. Так і не ведае, дзе Гэлька.
Старшыня рэўкома моўчкі слухаў Івана. Адны ваююць, мерзнуць, заліваюцца крывёю і паміраюць за зямлю, за свабоду, а гэтыя любяцца, пачынаюць жыццё, і таксама ў муках. І хто? Парабак і шляхцянка! І тут барацьба. Раней такога не чутно было. Відаць, нешта зрушылася ў душах людзей.
— Дык чым жа, хлопча, табе рэўком паможа?
— Пераказвала, каб прасіў хоць з дзесяціну зямлі і трохі лесу на хату. Як прыйдзе, мо тады і павянчаемся.
— За зямлю, браце, яшчэ пабіцца давядзецца з легіянерамі, з Ермаліцкімі і Перагудамі. Яны не тое што лесу на хату, дубца на пугаўё не дадуць выразаць. Адваюем, будзе вам і зямля і хата. Так і скажы ёй. Калі любіцеся, жаніцеся і жывіце на здароўе.
— А як жа, любімся.— Іван апусціў галаву і памаўчаў.— Яна добрая і цягавітая дзеўка.— Потым паглядзеў Салаўю ў вочы.— Калі трэба біцца, дык я хоць цяпер. На ваўка з дубальтоўкаю хадзіў, дзіка на востраве ўлажылі, аж чатыры дранкулі ўсадзіў. А тут, мабыць, трэба большы калібер. Будзе з чым, дык і я ўпішуся ў ваша войска.
Читать дальше