— А ты сам расстарайся. Трэба было пашукаць пад шляхецкім застрэшшам. Там то пэўна е.
— А то няма? На цэлы ўзвод хапіла б. І Казік ягоны не з пустымі рукамі прыехаў. Ахвіцэрык!
— Дзе ён цяпер і што робіць?— адразу ажывіўся Салавей.
— Туляецца нечага, і ад мяне ўсё хаваўся. Так ні разу яго з морды і не бачыў. Цяпер, кажуць, асмялеў: па фальварках ды засценках лётае, нібы ў сваты. А каго сватае, ліха яго матары ведае.
— Гэта праўда, браце. Цяпер яму не да дзевак.
Заварушыліся шэршні, раіцца пачынаюць. Так што наперад ідзі, а назад азірайся, каб шляхта з-за вугла не ўтнула. Яны на наш сцяг, як бык на чырвонае, глядзяць і зямлю капытом рыюць. Заравуць і кінуцца. Змікіціў, Іван, як зямелька дастаецца?
Іван пачынаў разумець, чаму хаваецца Казік, чаго ездзіць па засценках, за што ўзненавідзеў сястру і чаму, як толькі прыехаў сын, Андрэй прагнаў яго, Івана, з свайго хутара. Баяцца, каб часам не ўбачыла чужое вока, што робіцца за тоўстымі сценамі.
— Так што, Іване, дабывай стрэльбу. А як, падумай. За Пцічою легіянеры стаяць, па сёлах шастаюць, часам адстаюць ад абозаў. Папалюй за каторым, от і карабін. А зброя цябе выручыць не раз. І дзесяціну сваю на першых парах будзеш з карабінам араць, каб назад Ермаліцкія зямлю і жонку на адабралі. А лесу на хату дамо і надзел нарэжам.
— Яно праўда. Захочаш сабаку выцяць — палку знойдзеш. Абы было што бараніць. Так і Гэльцы перакажу. Няхай прыходзіць.
Іван моўчкі патупаў на ганку і шпарка, нібы нешта ўспомніўшы, адразу заспяшаўся па раскіслай вуліцы.
У рэўкоме Аляксандра чакала Параска. Яна прыбралася, як на свята. Ладны кароценькі паўкажушок расшпілены, квяцістая хустка спаўзла на патыліцу, адкрываючы гладка прычасаныя чорныя валасы, на нагах — зграбныя чаравікі на гузіках. Відаць, усе гэтыя ўборы ад самага вяселля ляжалі ў скрыні неадзяваныя. Смуглявыя шчокі па-дзявочаму зардзеліся. У зрэнках чорных глыбокіх вачэй паблісквалі агеньчыкі, толькі каля вуснаў леглі глыбокія баразёнкі ад горкіх пакут, клопатаў і нястач.
Салавей хацеў пажартаваць, спытаць, куды гэта яна так прыбралася, але сумеўся ад думкі, што кабета можа ўпершыню адчула сябе патрэбным людзям чалавекам, якому абрыдла хадзіць у зацёпкаыых рызманах. Ён прыхаваў усмешку, павітаўся і спакойна запытаў:
— Ну, як бедната варушыцца, Параска?
— А трохі варушыцца, хоць і на адных драніках сядзіць. Хадзілі мы гэта з Мікодымам ў Лаўстыкі і ў Рудню. Сабралі самую галечу, расказалі, як зямлю дзяліць думаем. Мікодым гаворыць, і я часам слоўца ўстаўлю. А людзям верыцца і не верыцца, што панская і шляхецкая зямля будзе іхняга. Баяцца тых легіёнаў. Кажуць, шомпаламі пісяжаць за панскае дабро. Каму ж ахвота падстаўляць сцегнякі?
— Трэба, каб нас легіянеры баяліся, а не мы іх. Прывязуць хлопцы з Мінска трохі стрэльбаў, мы тады ім пакажам, у які бок уцякаць.
13...
Рудабельскія «паслы» ў Асіповічы так-сяк дабраліся на змярканні і адразу кінуліся шукаць Каменшчыкава. Ён сам толькі што прыехаў сюды, і ніхто не ведаў, дзе яго можна знайсці. Старая стрэлачніца тыцнула замасленым флажком у цемень:
— Шукайце унь там у тупіку вагон. Прыехаў учора нейкі камандзір, а той ці не той, самі дапытаецеся.
Доўга хадзілі рудабельцы па пуцях, хлюпаючы па расталым снезе. На іх пакрыквалі вартавыя: «Правальвай, правальвай, няма чаго тут лазіць». І яны ішлі далей. Нарэшце ў акне адзінокага вагона ўбачылі — гарыць свечка. Пастукаліся ў замкнутыя дзверы. Асіплы голас запытаў, хто і чаго трэба.
— Таварышу Каменшчыкаву запіска з Мінска.
Дзверы адчыніліся, і высунулася галава ў папасе.
— Відаць, цяжкая запіска, што столькі вас яе валачэ,— змрочна пажартаваў асіплы голас.— Хто з вас старшы, залазь сюды, Анупрэй намацаў прыступку, ухапіўся за парэнчы і знік у вагоне.
У купэ было накурана і людна. Пры мітуслівым святле свечкі Анупрэй разгледзеў чалавек восем вайсковых. Яны сядзелі вакол стала, пра нешта спрачаліся і гаварылі ўсе разам. Пасярэдзіне стаяў невысокі чалавек у расшпіленым фрэнчы. Калі ён загаварыў, усе замоўклі.
— Корпус Доўбар-Мусніцкага Чырвоная гвардыя адціснула з-пад Рагачова. Цяпер з Бабруйска легіянеры рушылі на Мінск. Многія салдаты корпуса пад выглядам сялян пераходзяць нашы пазіцыі...— І тут ён заўважыў Анупрэя, перарваў сваю гаворку і звярнуўся да яго: — Што скажаце?
— Мне таварыша Каменшчыкава.
— Слухаю вас.
Анупрэй моўчкі падаў канверт ад Мяснікова. Той прабег запіску вачыма, прыкусіў губу, задумаўся. Па яго постаці, па тым, як трымаецца і гаворыць, Драпеза адразу пазнаў нядаўняга афіцэра. На плячах фрэнча яшчэ не злінялі сляды ад пагонаў. «Ну, гэты знойдзе прычыну, каб не даць»,— падумаў Анупрэй і неспадзявана пачуў:
Читать дальше