— Ешце, мужчынкі, намерзліся ж і нагаладаліся.
Мужчыны селі, пачалі браць зверху гарэлікі, аскрабаць іх і са смакам есці. Першы загаварыў Салавей:
— Сілы ў нас невялікія, патронаў і вінтовак яшчэ меней, а генерал прэ і прэ. Чым будзем адбівацца, таварышы? Як будзем бараніць савецкую ўладу?
— Я думаю паслаць нашых людзей у Мінск да таварыша Мяснікова. Няхай дадуць трохі зброі, патронаў, а можа і на кулямёт разжывемся,— прапанаваў Малаковіч.
— Хоць бы невялічкую гарматку далі, мы б ім тады паказалі, як трэба ваяваць,— усхапіўся Драпеза.
— От і збірайся ў дарогу, Анупрэй. Падбяры сабе хлопцаў, напішам паперу, возьмеце пару добрых коней, пад'едзеце, дакуль можна, а там прабірайцеся, дзе бокам, а дзе скокам. Не маленькія, галовы на плячах ёсць. Кудою лепш праехаць, падумаем разам. Члены рэўкома згодны?— спытаў Салавей.
— А чаму ж не?— даядаючы бульбу, адказалі мужчыны.
11...
...Доўга дабіраўся Анупрэй Драпеза са сваімі хлопцамі да Мінска: пад'язджалі на платформах, залазілі ў салдацкія цяплушкі, мерзлі на паўстанках. Ніхто толкам не ведаў, куды і адкуль ідуць цягнікі. А яны ўсё ж час ад часу хадзілі.
Каля паўдня прыехалі рудабельцы ў Мінск. Вузкія вуліцы замецены снегам. На вакзале поўна салдат, жанчын, дзяцей, старых. Усе лаюцца, крычаць, некуды бягуць, штурхаюцца. Плача маладая жанчына ў пацёртым паліто і старэнькім капялюшыку, на яе ніхто не зважае. На лаўках і пад лаўкамі спяць змардаваныя людзі, храпуць і цяжка дыхаюць адкрытымі ратамі. Наўкол смецце і бруд.
Анупрэй, Якаў Гошка, Нічыпар Званковіч і яшчэ трое карпілаўскіх хлопцаў, апранутыя ў кажушкі і світкі, хто ў валёнках, а хто і ў лапцях, падаліся па Падгорнай вуліцы шукаць Ваенна-рэвалюцыйны камітэт. Шыльдаў ніякіх не было, прыходзілася пытацца.
Нарэшце ўвайшлі ў вялікі зеленаваты дом. І тут, як на вакзале, поўна людзей, гамана і тытунёвы дым, па лесвіцы ўніз і ўверх з паперкамі, з паўрозкамі тэлеграфных стужак снуюць вайсковыя і цывільныя, за прычыненымі дзвярамі ляскаюць машынкі, нехта крычыць у тэлефон.
Анупрэй падышоў да салдаціка з чырвонай павязкай на рукаве і пачаў дапытвацца, дзе знайсці Мяснікова. Той здзіўлена і неяк падазрона паглядзеў на вяскоўцаў і пацікавіўся, хто яны такія і што ім трэба ад Галоўнакамандуючага Заходнім фронтам.
— Толькі пакажы дзе, а што трэба, мы самі скажам,— настойваў Анупрэй.— Ты ж тут за днявальнага стаіш, от і кажы, калі ў цябе пытаюць. Хадзіць з дзвярэй у дзверы няма часу.— І ён паказаў рэўкомаўскую паперку.
— Смаліце, мужычкі, на другі паверх,— кіўнуў на лесвіцу дзяжурны.
Усе рушылі следам за Анупрэем па вузкім цемнаватым калідоры. Іх абміноўвалі, а часам штурхалі паспешлівыя ваенныя, бурчалі, што сноўдаюцца тут усялякія.
У невялічкім пакойчыку ім насустрач падняўся маладзенькі хлапец з прыпухлымі чырвонымі вуснамі, гладка прычасаны на прабор, апрануты ў зялёны, занадта шырокі ў плячах, фрэнч. Анупрэй, нічога не гаворачы, працягнуў яму паперку, напісаную Салаўём і Ляўковым. Той дачытаў просьбу рэўкома, зірнуў на мужчын, яшчэ раз на паперку, усміхнуўся, ветліва папрасіў хвіліначку пачакаць і, не зачыняючы дзвярэй, запрасіў у вялікі кабінет.
У пакоі сядзела некалькі ўжо немаладых вайскоўцаў, каля самага стала прымасціўся сівавусы каржакаваты дзядзька, падобны на паравознага машыніста. Калі ўвайшлі рудабельцы, усе сціхлі. Да іх падышоў яшчэ малады чарнявы мужчына ў суконнай салдацкай гімнасцёрцы, рухавы і вельмі зграбны. Падаў кожнаму руку, запрасіў сесці на пацёртую скураную канапу і раптам весела засмяяўся:
— Некалькі месяцаў назад на гэтай канапе сядзеў... хто б вы думалі? Сам Доўбар-Мусніцкі. А цяпер сядзяць рудабельскія партызаны, так, так, іменна партызаны, і просяць зброю, каб біць гэтага фанабэрыстага генерала. Вось дык іронія лёсу. Добра вы яго лупцуеце, таварышы, па-сапраўднаму, па-бальшавіцку. Зброяю мы вам паможам.— Ён звярнуўся да прысутных ваенных: — Як, думаеце, зручней іх узброіць, таварышы?
— У Васіля Віктаравіча ёсць, ды адтуль і бліжэй дабірацца да іх лясной рэспублікі,— параіў высокі вусаты вайсковец у кавалерыйскім шынялі.
— Сапраўды, гэта, бадай, зручней за ўсё.— Мяснікоў падышоў да стала, узяў аркуш паперы і пачаў хутка пісаць тоўстым сінім алоўкам. Перачытаў, заканвертаваў і зноў падышоў да канапы. Перадаючы Анупрэю пакет, растлумачыў: — Зараз жа паедзеце ў Асіповічы. Туды толькі што адправіўся таварыш Каменшчыкаў. Атрымаеце трыста вінтовак. Як думаеце, пакуль што хопіць?— Рудабельцы заўсміхаліся.— Дзве палявыя гарматы, шэсць кулямётаў, патроны, снарады. Вось запіска ваеннаму каменданту вакзала. Ён вас адправіць з першай аказіяй. Спяшайцеся, бо ў Асіповічах не вельмі спакойна.
Читать дальше