Пракопіха адразу пазнала Сымона Вежаўца і Амялляна Саковіча. Яны кожную зіму валілі лес ці пілавалі на станцыі дровы. Зямлі было мала, сем'і вялікія, от і хадзілі ў заработкі.
Яны паздароўкаліся і сталі ў парозе. Салавей выйшаў ім насустрач, пасадзіў побач на лаўку і запытаў, ці добрыя ў іх пілы.
— Точым, бо кормімся з іх,— адказаў Сымон і падумаў, ці не новы падрадчык прыехаў на работу наймаць.
— Та-ак, кажаце, пілы добрыя, і самі, бачу, не зломкі.
— А так што любую дзеравіну звалім, куды захочам,— набіваў сабе цану Амяллян.
— От і памажыце нам зваліць адну дзеравіну. Легіянерамі завецца.
Хлопцы адразу не зразумелі, што ад іх хоча гэты чалавек у вайсковай гімнасцёрцы.
— Я — старшыня Рудабельскага валрэўкома. Нашага ваеннага камісара Пракопа Малаковіча вы ведаеце. Мы не павінны пусціць у нашу воласць легіянераў.— І, памаўчаўшы, запытаў:— Ці можа няхай прыходзяць?
— А на чорта яны нам здаліся?— адказаў Амяллян.— Толькі як ты іх не пусціш, калі рукі голыя.
— Рукі ў нас не голыя. Бярыце пілы і пойдзем са мною,— устаючы сказаў Салавей. Услед за ім падняліся і хлопцы.
— Вы толькі скажыце, таварыш прысядацель, што рабіць, а мы гатовы,— азваўся Вежавец.
— Прыйдзем на месца, усё раскажу.
Аляксандр апрануў шынель і выйшаў з хаты. Следам за ім падаліся Сымон з Амяллянам...
Маладзік хаваўся за густымі аблокамі і ніяк не мог прабіцца праз іх. Ноч была шаравата-сіняя. Снег іскрыўся на сумётах. Абапал расслізганай палазамі дарогі сінелі прыцярушаныя інеем прысады. Людзі пад высокім небам сярод прастораў белых палёў здаваліся маленькімі і мітуслівымі. Вакол было ціха-ціха. Але недзе за аб'інелымі лясамі, за марознай смугою ночы напэўна ўжо лязгалі колы браніраванай пачвары, у цёмных вагонах сядзелі салдаты ў канфедэратках і шынялях з ангельскага сукна. Куды і чаго іх гнала? Яны ніколі не бачылі тых людзей, якія жывуць на гэтай зямлі, якія прагнуць свабоды, хочуць быць гаспадарамі свайго лёсу. За што ў іх павінны страляць салдаты?
Не, яны і сёння сюды не прыйдуць, не павінны прыйсці. Аляксандр сцёбае ляйчынаю сівага коніка, рыпяць палазы, з-пад капытоў вырываецца снежная крошка.
Спыніліся ў лагчыне каля маладога хвойніку. Лейцы прывязалі за сук, падкінулі каню абярэмак сена, а самі палезлі на круты насып. Рэйкі цьмяна пабліскваюць, відаць, пачынаюць іржавець, бо цягнікі ходзяць рэдка. Ды і дзіўна, як яны яшчэ ходзяць наогул! Гаспадара чыгункі пакуль што няма.
Толькі часам мяшэчнікі вязуць свае клуначкі солі і васьмушкі махоркі, каб абмяняць на бульбу і крупы. Ды вось ачмурэлы генерал гоніць сваіх «жалнежаў» на непакорлівых рудабельскіх мужыкоў.
А яны сапраўды непакорлівыя, ласкавыя ў любові і бязлітасныя ў нянавісці. Бо ўпершыню мужык адчуў, што ён чалавек, што ён сам можа выбраць сабе дарогу. Ён прагаласаваў за «мір народам», за «зямлю сялянам», за ўладу людзей, чые рукі ў мазалях, чые спіны спаласаваны бізунамі і густа пасолены потам. «Чаго вам хочацца, панове? Чаго? Не чапайце нас, не гнявіце! Бо самы добры чалавек, калі ён у гневе,— бывае страшны. А ў душы мы мяккія і чулыя: перапёлчына гняздо ўбачым у траве і абкошваем яго. Але любы з нас раздзярэ пашчу кручанаму воўку і не пашкадуе таго, хто першы падняў меч. Куды вы лезеце, паны? Броні такой, як у нас, яшчэ свет не бачыў. А вы цягнік пасылаеце! Куды ён дойдзе? Ці падумалі вы?»— разважаў Салавей. А калі спыніліся, запытаў:
— Ну, што будзем рабіць, хлопцы?
Над замеценымі снегам берагамі нешырокай ракі выгнуўся мост на прысадзістых палях. Нічога не гаворачы, Сымон закруціўся ў світу і па сыпкім снезе з'ехаў пад мост, Амяллян следам пусціў пілу і ссунуўся сам.
Зашоргала, завішчала піла па настылым дрэве.
Аляксандр стуліўся за альховым заінелым кустом і пачаў углядацца ўдалечыню: нідзе ні агеньчыка, ні жывое душы, толькі чуваць, як шастае піла і сапуць пад мостам хлопцы.
— Можа каторага падмяніць? — спытаў Салавей.
— Ты пазірай, камандзір, а што якое — свісні,— азваліся пад мастом хлопцы.
Калі падрэзалі ўсе палі, увагрэтыя, вылезлі на мост.
— От і ўсяго страху,— сказаў Амяллян.— Але не і заціскала, не пацягнуць. Мусілі па два рэзы рабіць.
— Развод малаваты,— растлумачыў Вежавец.— Прымай работу, таварыш старшыня.
— Ранічкаю легіянеры прымуць. А пакуль што дзякую вам ад рэўкома і ад савецкай уласці вабчэ.
Калі вярнуліся ў вёску, Сымон сказаў Салаўю:
— Мы не толькі пілаваць умеем, таварыш старшыня, а і страляць мажэм. Вазьміце нас у свой атрад.
Читать дальше