К паўдню сцішылася завіруха. Выбліснула сонца, заіскрыліся сумёты і заваленыя снегам стрэхі. Па вуліцы, рыпаючы палазамі, папаўзлі вазы з дрыўмі, саломаю, сенам і з мяхамі амецяў. Аляксандр глядзеў на гэты нетаропкі рух жыцця і думаў, колькі яшчэ прыйдзецца пабіцца, праліць крыві, каб народ зажыў спакойна, па-людску, каб адчуў сябе гаспадаром сваёй зямлі. Рэвалюцыя толькі пачынаецца.
Але мучыла невядомасць. Тое, што расказала Параска, вельмі было падобна на праўду. Трэба параіцца з рэўкомаўцамі і нешта рабіць, тэрмінова, неадкладна. Анупрэй з Максімам Усам па сёлах арганізоўваюць атрады, раздаюць зброю і патроны, прызначаюць узводных. З імі, мабыць, і ваенком — Пракоп Малаковіч. Няўжо яны нічога не чулі і не ведаюць?
Дзверы прачыніліся, і ў пакой увайшоў незнаёмы мужчына ў чорнай паддзёўцы, невысокі, але шырокі ў плячах. Круглы твар зарос густою, калматаю бародкай, а з-пад прыпухлых павекаў глядзелі вострыя пранізлівыя вочы. Ён прывітаўся, стоячы ў парозе, і запытаў:
— Дзе мне пабачыць таварыша Салаўя?
— Я Салавей. А што вы хацелі?
— Хацеў пазнаёміцца і перадаць прывітанне ад Платона Фёдаравіча.
Салавей аж уздрыгнуў. Платон Фёдаравіч Равінскі — старшыня Бабруйскага укома — пасылаў яго сюды, абяцаў дапамагаць і трымаць сувязь.
— Сядайце, таварыш. Хто вы і адкуль? Ці даўно бачылі Платона Фёдаравіча? — засыпаў незнаёмага пытаннямі Аляксандр. Той, не спяшаючыся, кінуў у кут торбачку з нейкім начыннем, скоса паглядзеў на сакратара і вельмі павольна пачаў:
— З Глуска прыйшоў да вас. А прозвішча маё Мазалеўскі.— Ён зноў зірнуў на сакратара і ўсміхнуўся. Ляўкоў аж ускочыў з месца:
— А каб ты скіс, Іван. Ну і змяніўся. Голас нібыта знаёмы, а аблічча — хоць забі, першы раз бачу, і толькі.
Яны павіталіся за руку, перакінуліся некалькімі словамі і селі.
— Дзялы такія, хлопцы. Доўбар-Мусніцкі са сваім корпусам акапаўся ў крэпасці, падняў мяцеж, заняў Бабруйск і рушыў на Асіповічы. Адмовіўся выконваць загады савецкай улады і разагнаў Саветы. Уком пайшоў у падполле, а работу вядзе, як і раней. Таварыш Равінскі прыслаў нашага глускага хлопца, Міцю Жыжкевіча, каб вам перадаць, што генерал не забыўся, як вы сустрэлі яго салдат, і хоча аддзякаваць — ударыць па Рудабельцы. І не абы-як — браняпоезд рыхтуе. У тупіку на Бярэзіне стаіць. Рамантуюць яго дэпоўскія хлопцы, ну і цягнуць, як толькі могуць. Можа б, яго ўжо і адправілі, каб не гэтая мяцеліца. Цяпер дарогу чысцяць. Так што хутка чакайце. Платон Фёдаравіч прасіў, каб і гэтых не горай сустрэлі. А яшчэ адрасок прыслаў: чайную па левую руку на Мураўёўскай, якраз супроць рынку, ведаеце? Калі хто з вашых зойдзе, садзіцеся за крайні столік пры дзвярах. Спытае падавальшчыца, што прынесці, прасіце тузіну вараных ракаў. Яна адкажа: «Ракаў у нас не бывае». «Тады дайце тры шклянкі чаю без сахарыны». Чай яна прынясе, а пад сподачкам будзе пісулька, куды трэба ісці. Платон Фёдаравіч чакае вашых вестак. От і ўсе мае навіны,— закончыў Мазалеўскі.
Ён зірнуў на падлогу. Каля ног нацякла ладная лужына вады, ён адсунуўся, каб не прамачыць вялізных залатаных валёнак.
— Як жа ты дабраўся? — запытаў Ляўкоў.— Гэта ж добры гаспадар у такую нягоду і сабаку не выганіць.
— А я сам сабе гаспадар. Склаў капылы, дратву, вар у торбачку, сказаў дома, што пайду па засценках у заработкі: каму падноскі падаб'ю, каму новыя пашыю. З адным пад'ехаў да Касарыч, другі да Халопеніч падвёз, а тут і прайсці недалёчка. Дома, хлопцы, мне аставацца няма як. Пазаўчора легіянеры ў Гарадку былі. Вілюга з рэўкомам выехалі ў Бярозаўку. Загад членам партыі — разысціся па сёлах. Хто з капыламі, хто з нажніцамі, а хто з рымарскім начыннем пайшоў. Партыйная работа пераносіцца ў масы. А я да вас, калі прымеце.
Ён падышоў да свайго мяшэчка, хуценька развязаў яго, дастаў старыя парудзелыя халявы і нечакана для ўсіх выцягнуў два наганы з поўнымі барабанамі патронаў.
— Канечне, кулямёт было б лепш, але і так не з голымі рукамі прыйшоў.— Ён паклаў рэвальверы на стол.
Аляксандр сядзеў засяроджаны і пахмуры. Потым ем кінуў наганы ў шуфлядку і замкнуў яе. Мазалеўскі залыпаў вачамі.
— Ты што ж, раззбройваеш мяне, таварыш Салавей?
— Ужо раззброіў,— спакойна адказаў Аляксандр і паказаў на мяшэчак з начыннем.— Вунь твая зброя. Яна цяпер надзейней за наганы.
Не зразумеў Салаўя і Ляўкоў.
— Што ты, Аляксандр? Івана я ведаю не адзін год, гэта ж наш чалавек.
— А хіба кажу, што чужы? Партыйны білет, таварыш Мазалеўскі, здасі Малаковічу, а сам...
Читать дальше