А яны беглі і паўзлі, нібы з разварушанага мурашніка, залягалі і падымаліся зноў. Падалі чырвонагвардзейцы, падалі і легіянеры на шэры снег, а з пералеску ішлі і ішлі новыя ланцугі ў зеленаватых шынялях.
Вусаты камандзір загадаў адпаўзаць на другі бок станцыі, у хвойнік, што пачынаўся за Асіповічамі. Неслі параненых на звязаных вінтоўках. Адыходзілі кароткімі перабежкамі, а рэдзенькі ланцужок байцоў прыкрываў таварышаў.
К паўдню на станцыі і па вуліцах мястэчка на адкормленых панскім аўсом конях гарцавалі ўланы. Паблісквалі доўгія палашы, бляшаныя аблямоўкі на казырках рагатых канфедэратак і густа заплеценыя галуны на каўнярах шынялёў і вагончыках.
Асіповічы займаў корпус Доўбар-Мусніцкага.
Адзін за адным шлі на Мінск цягнікі, гружаныя ваенным дабром, паражнякі і цяплушкі, вывозячы параненых, салдацкія кухні і зброю. Машыністы і качагары пакідалі свае абжытыя куткі, жонак і дзяцей, каб толькі вывесці паравозы і саставы, якія належалі рэвалюцыйнаму народу.
Рота вусатага камандзіра спынілася на ўзлессі старога бору. Стагналі параненыя. Іх наспех перавязвалі анучамі, адарванымі ад сподніх кашуль і нагавіц.
Рудабельцы развіталіся з новымі баявымі сябрамі, знялі шапкі, настаялі над забітымі таварышамі, загналі па абойме ў вінтоўкі і рушылі лесам на поўдзень, у свой бок.
На душы было горка. Шкода рабілася чырвонагвардзейцаў, што загінулі ў гэтым баі, і крыўдна — спазніліся на адзін дзень і не паспелі атрымаць зброю. А яе так чакае Салавей і ўсе рудабельскія хлопцы.
З чым яны прыйдуць? Чым будуць бараніцца ад легіянераў і шляхты? А тут яшчэ дайшла чутка, што наступае дзесятая армія кайзера Вільгельма. Гэта, відаць, і праўда. От чаму так асмялелі легіянеры.
— Прынясём дадому невясёлыя навіны, а там чакаюць вінтовак і кулямётаў,— развалілі Нічыпар з Анупрэем.
Шасцёра змучаных, агаладалых рудабельцаў, абмінаючы бальшакі і вялікія сёлы, ішлі ў свой лясны край.
1...
Лёд на рацэ папралізвала вада. У прамыінах віравала чорная плынь і знікала пад парудзелым лёдам. Толькі яшчэ трымаўся прыцярушаны саломаю і гноем зімнік, але і па ім ужо не адважваліся ездзіць — на самай сярэдзіне яго пратачыла вада, паадставалі закрайкі, парудзеў і набрыняў каля берагоў снег. Ды і куды паедзеш, калі на тым баку ў панскіх маёнтках дымяць паходныя кухні, па сёлах гарцуюць легіянеры — забіраюць у мужыкоў апошняе сена, трусяць кожную хату, выграбаюць са свірнаў насенне, рэжуць цялушак, страляюць падсвінкаў і паласуюць шампаламі кожнага, хто спрабуе што-небудзь схаваць або не даць салдатам мяцежнага корпуса.
Ціхая падталая Пціч, нібы граніца, падзяліла вёскі: у Бярозаўцы, Катцы, Харомцах, Халопенічах і ў Глуску стаяць легіянеры, а за ракою, над Рудабельскім валрэўкомам, трапеча на ветры чырвоны сцяг. Мікодым Гошка з Параскаю ламаюць галовы і спрачаюцца, як лепей падзяліць панскую і шляхецкую землі, чым памагчы ўдовам і сіротам. Салавей з Ляўковым лазяць па шляхецкіх хутарах — шукаюць на гарышчах вінтовак, абрэзаў і патронаў, забіраюць бярданкі і дубальтоўкі. Цяпер кожны патрон, жменька пораху, старая ламанка даражэй за хлеб: не сёння-заўтра прыйдзецца біцца, можа памерці на беразе Пцічы, але не здацца, не пусціць ворага ў воласць, не аддаць назад панам зямлі, якую яшчэ так і не паспеў калупнуць сваім плугам рудабельскі хлебароб. Ён чакае вясны, спадзяецца мець свой надзел, верыць у сілу дэкрэта аб зямлі і міры. А ў яго хочуць зноў адабраць гэта права, зноў скруціць мужыка ў бараноў рог. Не, панове, будзем біцца, будзем стаяць на сваім, пакуль трываюць рукі, пакуль бачаць вочы. А памерці прыйдзецца — дзецям аддамо свае стрэбы — няхай бароняць зямлю і чырвоны сцяг над рэўкомам. Хопіць! Хто сам вылузаўся з ярма, таго назад не загоніш.
У воласці рабілася ўсё трывожней і трывожней: так-сяк з Асіповіч прыбіліся Салаўёвы пасланцы. Прыйшлі і расказалі рэўкомаўцам, што нібыта легіянеры ўжо ў Мінску, што пайшлі ў наступленне кайзераўскія дывізіі: немцы займаюць гарады і мястэчкі, асталёўваюцца грунтоўна і, відаць, надоўга. А з-за ракі легіянеры гатовы кожную хвіліну ўдарыць па воласці. І, мабыць, хутка ўдараць. Генерал не даруе рудабельцам раззброеных у Ратміравічах «жалнежаў», не забыўся ён і на бронецягнік. Не сцерпіць, што ў палескіх сёлах, як на маленькім астраўку, жыве савецкая ўлада.
Гэта ўсё разумеў, пра ўсё гэта думаў Салавей са сваімі сябрамі. Вечарам яны сабраліся ў Кавалях, у хаце Максіма Ляўкова. Гарэла газнічка, трашчаў за печчу цвыркун, пахла паранкаю і падгарэлаю бульбай. На печы, звесіўшы босыя ногі, сядзеў чорнабароды Максімаў бацька Архіп, курыў падмарожаны самасад, слухаў, а часам і ўстаўляў слова:
Читать дальше