— А я лічыў, што вы галоўнае ведаеце. Тэ-э-кс,— і доктар пачаў гаварыць, як звычайна гавораць з цяжкахворым.— Калі Браніславу Аляксандраўну выключылі з камсамола і знялі з работы, Касоўскі яе кожную ноч выклікаў на допыты: патрабаваў, каб ачарніла вас, пагражаў і зневажаў, угаворваў і абяцаў залатыя горы, а яна прасіла аднаго, каб саслалі разам з вамі. Так ён і не запісаў ад яе ніводнага слова супроць вас.
Месяцаў пяць яна нідзе не працавала, учарнела і цуралася людзей, нікому не верыла, усіх баялася. Сустрэў я неяк яе на вуліцы і папрасіў зайсці ў амбулаторыю. Яна прыйшла і згадзілася працаваць у нас рэгістратарам. Вы ж ведаеце яе дабрату і чуласць. Ніхто так не ўмеў зразумець, падтрымаць і суцешыць хворага. Яна радавалася, што зноў апынулася сярод людзей, ніколі не спяшалася дадому. Пасля работы ішла ў перавязачную і Дапамагала сястры, да поўначы ў палатах чытала хворым кніжкі. Калі Касоўскі «злавіў палкоўніка Быліновіча», яна больш за ўсіх клапацілася пра мяне: угаварыла наглядчыка і перадавала мне цукар і махорку. Вы ж ведаеце, што значыць вестачка з волі. А як яна радавалася, калі я вярнуўся ў бальніцу, як клапацілася пра мяне. Мы з ёю доўга пра ўсё гаварылі, хоць я і даў падпіску «не разглашать». Тады Броня ўпершыню пры мне заплакала.
Доктар уздыхнуў і адпіў халоднага чаю. Андрэй папрасіў дазволу, адчыніў фортку і закурыў, пускаючы дым на вуліцу.
— Так мы і працавалі з ёю аж да самай вайны. А ў першы дзень выпісалі ўсіх хадзячых хворых. Ды і ўтрымаць іх у бальніцы было нельга: дома ж дзеці і сем'і засталіся. А тут пакінулі толькі чалавек дзесяць пасляаперацыйных.
Ноччу да мяне прыехаў Іван Васільевіч, наш сакратар райкома. Мы з ім цішком пагрузілі перавязачныя матэрыялы, інструменты і ўсё, што было ў аптэцы. Я сказаў дзяжурнай сястры, што еду да цяжкахворага і, мабыць, прабуду некалькі дзён. Яна ўсё зразумела і толькі выцерла хусцінкай вочы. З гэтага дня пачалося маё лясное жыццё. Падрабязнасці расказваць не буду, вы ж, напэўна, пра партызан і чыталі і ў кіно бачылі.
Дні тры ў мястэчку ніякай улады не было. Ведалі толькі, што з усіх бакоў адрэзаны і, апрача лесу, уцякаць няма куды. Толькі Касоўскі адразу некуды знік. Мабыць, не столькі ад немцаў хаваўся, колькі ад сваіх — ведаў, што ледзь не кожнаму гарачага сала за скуру заліў, вось і баяўся расплаты. Пасля расказвалі, што да цесця на хутар падаўся, бараду адпусціў, у лапці абуўся, але месяцы праз два немцы яго падыбалі.
Андрэй усміхнуўся, што і да доктара прыліпла слоўца з лагернага жаргону. Ды хіба да аднаго доктара? Усе «законна», «дахадзяга», «баланда», «філоніць» і самую мудрагельскую лаянку ён упершыню пачуў там, а цяпер часам гэтым жаргонам казыраюць некаторыя гарадскія падлеткі. Але ён не перабіваў Аляксандра Сцяпанавіча, хацелася хутчэй пачуць самае галоўнае, а доктар нібы знарок марудзіў, адцягваючы развязку.
— Забралі гэтага Фаму, прывезлі сюды, дні тры патрымалі ў гестапа і, што вы думаеце, выпусцілі. А за што? Перапісаў усіх камуністаў, камсамольцаў, служачых райвыканкома, сем'і камандзіраў Чырвонай Арміі, сказаў, што райкомаўцы і работнікі ваенкамата ў лес пайшлі. А куды, пэўна не ведаў і ведаць не мог: не любілі, баяліся і не верылі яму. Сам Іван Васільевіч яго асцерагаўся. Колькі людзей праз гэтага паганца загінула, падумаць страшна. І якіх людзей! А ён паліцэйскі чын заслужыў і зрабіўся такі прававерны, што нікому дыхнуць не даваў. «Гэта табе не пры бальшавіках,— крычаў ён,— я цябе навучу свабоду любіць». І вучыў. З яго рук ніхто жывым не выходзіў.
Андрэй то бачыў Фомку Касоўскага малым хлапчуком, калі ён у класе ўсіх абгульваў у пёры, то важным і незалежным аператыўным работнікам у блішчастых хромавых ботах, габардзінавым рэглане і ў блакітнай шапцы. Ён навучыўся хітра прыжмурваць вочы, нібыта бачыў чалавека наскрозь, а ўсмешачка яго кожнаму гаварыла: «А я ўсё ведаю, ад мяне не схаваешся». І Андрэй пачынаў пазбягаць свайго былога аднакласніка. А вось у чорным шынялі паліцая нават Касоўскага не мог сабе ўявіць. І тут падумалася, што людзі без веры і праўды, без пераконанняў і прынцыпаў здатныя на ўсё. Вайна праявіла душу кожнага, паказала, хто чаго варты. Фомка і да вайны і ў вайну не грэбаваў нічым, абы толькі мець тлусты кавалак. А сумленне? Наўрад ці яно было калі ў яго, ды і замінае яно такой «рабоце».
Андрэй чуў, што нешта гаворыць доктар, але яго словы шумелі, як роўны дождж, і толькі імя Броні вярнула яго да расказу Аляксандра Сцяпанавіча:
Читать дальше