Відаць, Федзя добра запомніў яго навуку...
Пастаяў яшчэ Арцём Іванавіч на дарозе, паглядзеў і падаўся пехатою. Ішоў, а ў галаву лезла ўсялякая непатрэбшчына: чамусьці ўспомніліся чырвоная дывановая дарожка на сядзеннях райвыканкомаўскай «Волгі» і тэрмас з гарачаю каваю, які ён заўсёды браў у дарогу. От каб цяпер хоць глыточак! Прыгадалася, як праводзілі яго на пенсію, як абдымаў той самы Сцёпка Голуб, як казаў, што заўсёды вучыўся ў яго, прасіў, каб часцей заходзіў, часам памагаў парадаю, у яго ж такі вялікі вопыт. Колькі разоў тады было сказана «дарагі», «паважаны», «выдатны» і «чулы».
А прайшоў месяц, год, вось ужо і два гады мінула, так яго ніхто і не ўспомніў, не зайшоў і не запрасіў да сябе. Кожны заняты сваім. Толькі акуратна прыходзіць паштальён і дае распісацца за пенсію. Толькі раз на месяц распісацца! Цяпер і Новы год, і Кастрычнік, і Май Арцём Іванавіч сустракаў адзін. Адзінота гняла яго. Вось і згадзіўся чытаць лекцыі ў калгасах: жывому ж чалавеку хочацца быць сярод людзей. Але мясіць веснавую гразь, мокнуць пад дажджом, валяцца на сельсавецкіх канапах — не ў яго гады і не з яго здароўем. «Вось адчытаю ў «Ніўцы» — і прыйдзецца адмовіцца. А што буду рабіць? Нудзіцца і, як вол доўбні, чакаць інфаркту? Адмовіцца проста. Трэба дамагчыся, каб лектарам давалі транспарт. А сам? Прыходзіў жа некалі дырэктар школы, прасіў, каб падвезлі ў суседняе сяло настаўніцу — лекцыю прачытаць аб шкодзе рэлігіі. Не даў жа. Відаць, і яна мясіла гразь так, як я цяпер».
На дарозе пачуліся хлюпанне і бразгат. Арцём Іванавіч азірнуўся і ўбачыў, што яго наганяе фурманка. Ён паціху адышоў убок і стаў. На возе сядзеў сухенькі дзядок у аблезлай ватоўцы і выцертай салдацкай шапцы. Ён наганяў лейцамі невялічкага перапалага коніка і цмокаў пасінелымі губамі.
Убачыўшы на дарозе чалавека, стары прыпыніўся:
— Добры дзень, чалавеча. Куды гэта бог нясе ў такую халепу?
Арцём Іванавіч адказаў і паглядзеў на старога з такою надзеяю, што той адразу пасунуўся ў перадок і сеў на падкурчаныя ногі.
— То сядайце, калі так. Можа як да вечара даскрыпаем.
Арцём Іванавіч кінуў на перацёртую салому мокры партфель, задраў цубкія полы плашча і сяк-так пералез цераз драбіну. Ён доўга масціўся, не ведаючы, куды дзець ногі і аб што абаперціся. Ухапіўся рукамі за слізкія халодныя білы. Сядзець было нязручна і мулка. Воз валюхаўся на выбоінах, ныла паясніца, а па нагах, здавалася, поўзаюць калючыя мурашкі.
Стары маўча.ў, круціў лейцамі і цмокаў на свайго коніка.
Арцём Іванавіч дастаў памяты пачак «Беламора», выкінуў некалькі адсырэлых зламаных папярос, адну падаў дзеду, узяў сам і пачаў чыркаць запалкамі, але яны ніяк не гарэлі. Стары спрытна выцягнуў з-за пазухі целагрэйкі карабок, прыпаліў і даў прыкурыць свайму седаку.
Як толькі закураць з аднаго пачка незнаёмыя мужчыны, у іх адразу развязваюцца языкі. Стары папыхкаў папяроскаю, паправіў шапку і хітравата запытаў:
— Нашчот сяўбы да нас?
— Не, зусім па другому дзелу,— нехаця адказаў Арцём Іванавіч.
— Мо па масле ці па яйку? — не сунімаўся стары.— Як кажуць, масла пагасла: ні зіма, ні вясна. Каровы мордамі зямлю таўкуць ды леташнюю жвайку жуюць.
Стары зацягнуўся папяроскаю, хітра ўсміхнуўся, відаць, нешта ўспомніў.
— Гэта можа гады чатыры таму было, калі прысядацелем у раёне быў гэты, як яго там, Цыбак ці чорт лысы, ну той, што на пензію турнулі, вы ж ведаеце, мабыць! Дык што ён удумаў? Вясна, акурат як сёлетняя, халадэча, дождж, бяскорміца, а яму яйкі 'здавай. Лектрыкі ў нас тады не было яшчэ, а ён, хітры-мудры, загадаў: хочаш літру газы ўзяць — дзесятак яечак у краму нясі. Так упоцемку і сядзелі, пакуль куры не занесліся. Казалі, курыная слепата на сяло напала. Смех і грэх. А што яму цяпер адыходзіць? Нічога не рабі, а грошыкі ідуць. Тожа гэты самы, як яго там, культ быў,— і стары дробненька захіхікаў бяззубым ротам.
Арцёму Іванавічу зрабілася горача. Язык стаў шурпаты і тоўсты, у горле перасохла, але ён перасіліў немату і загаварыў:
— Хіба ж ён сабе стараўся? Чалавек любою цаною дзяржаўныя планы выконваў, за ўвесь раён адказваў, а пра яго цяпер байкі выдумляюць.
— Хіба ж людзям стараўся? Каб народу лепей было? — перапытаў стары.— Ці пра дзяржаву дбаў? Зямля не паспее прасохнуць, а ўжо крычаць, як маладыя пеўні, ад світання да ночы: сей, сей, зводку давай, старшыню да поўначы ў раёне параць. Круціцца той, круціцца, адчапіцеся толькі, наце — пасеяў. Насенне ўкінулі ў халодную гразь, яно і заклякла. Затое ў зводцы густа, а ў полі пуста. От і выходзіць: любою цаною за крэсла сваё трымаўся, каб не знялі, барані божа. Гэта мяне ўжо ніжэй няма куды здымаць: як ні круці, хлебароб хлебаробам і будзе. А начальства, яно ого-го! Як прысмокчацца да карытца, не вельмі адкінеш... Но-о-о, сабатажнік! — Ён сцебануў лейцамі па худых клубах сівога канька, той трохі прабег і зноў пайшоў, валюхаючыся з лужыны ў лужыну.
Читать дальше