1962
Арцём Цыбакоў ужо больш як паўгадзіны стаіць на скрыжаванні дарог і дарэмна «галасуе». Грузавікі, самазвалы, новенькія і абшарпаныя «газікі», распырскваючы гразь, праходяць міма. Хоць бы хто прытармазіў, хоць бы адзін шафёр паспачуваў адзінокаму чалавеку, што стаіць пры дарозе ў мокрым брызентавым плашчы.
Боты набраклі, ногі ныюць і заходзяцца ад золі і макраты. Калені трасуцца, па спіне прабягаюць дрыжыкі, дранцвее рука ад холаду і цяжкага партфеля, набітага звычайным скарбам камандзіровачнага.
«Чаму ж не спыняецца ніводная машына? — думае Арцём Цыбакоў.— У кожнай кабіне сядзіць то вясёлая маладзіца, то паблісквае побач з шафёрам круглы, дырэктарскага калібру, твар».
А ён бы і ў кузаве даехаў, гатоў прастаяць гэтыя няшчасныя дванаццаць кіламетраў, каб толькі завідна трапіць у «Чырвоную Ніўку», дзе-небудзь спыніцца, пагрэцца і збольшага абсушыцца перад лекцыяй.
Дык не, ляцяць як на пажар. Аслеплі, ці што, «калымшчыкі»? «Калымшчыкі». Ага! І ўспомнілася Арцёму Цыбакову, што некалі ён сам падпісаў загад — штрафаваць кожнага, хто «калыміць» і возіць «рабчыкаў», прабіваць талоны і адбіраць правы.
Няўжо і дагэтуль баяцца таго загаду? Што яны, адурэлі? Прайшло ж два гады, а слухаюцца. Пара б ужо даўно забыцца. Нарабіў на сваю галаву. Але ж тады яго і сілком не ўсцягнуў бы на самазвал: была пасада — старшыня райвыканкома — гаспадар! Былі «Волга» і персанальны ўвішны шафёр Федзя. Колькі яны папаездзілі! А вось у гэту самую «Ніўку» ніяк не выбраліся: калгас так сабе, «сераднячкі», без герояў і сабатажнікаў, планы ў асноўным выконваў, скаргаў ніякіх не паступала, а дарога такая, што толькі на самазвале і ездзіць туды.
Успомнілася Арцёму Іванавічу, як некалі яго сустракалі старшыні сельсаветаў і калгасаў, як слухаліся яго, як кожны цягнуў да сябе, як умелі пачаставаць і дагадзіць. І перад Федзем завіхаліся: што ні кажы — шафёр начальства! Глядзіш — і закіне слоўца ў дарозе.
Арцём Іванавіч ведаў, што яго называлі «сам» і «гаспадар», што хоць і пабойваліся, але заўсёды ўмелі ўзрадавацца, запрасіць, каб прыязджаў часцей, каб пажыў яшчэ трохі, падказаў і параіў. А сам сабе, мабыць, кожны думаў: «Хутчэй бы ты ехаў адсюль і не прыязджаў болей». Без начальства яно спакайней. Гэта ведаў Арцём Іванавіч па сабе. І да яго ж прыязджалі «зверху».
А цяпер ён стаіць на скрыжаванні, углядаецца ў далячынь размытай веснавой дарогі і марна «галасуе». Што ж зробіш? Лектар таварыства «Веды», добраахвотнік, пенсіянер — ні чыноў, ні ўлады. А шафёры, відаць, не пазнаюць, а можа і знарок не заўважаюць.
З-за павароткі вынырнула блакітная «Волга». Яна прысядае ў лужынах, распырсквае вееры каламуці, вырульвае на абочыны, віляе з аднаго на другі бок. Ад надзеі і радасці страпянуўся Арцём Іванавіч, выскачыў на дарогу, падняў руку, плаўна памахаў ёю, бо ведаў, што едзе нехта свой, спыніцца, нідзе не дзенецца. Ён зараз сядзе ў машыну, няхай і не побач з шафёрам, і прыедзе ў «Чырвоную Ніўку» па ўсіх правілах, як ездзяць салідныя людзі. Ён ведае — ад таго, на чым ты прыехаў, і пашана табе і павага.
Каб яго пазналі, Арцём Іванавіч скінуў з галавы мокры капюшон, і твар яго засвяціўся радасцю. А «Волга», не даехаўшы метраў дзесяць да яго, крута павярнула на запольскую дарогу, пад багажнікам загарэліся чырвоныя агеньчыкі, вырваўся сіні дымок, і, прымінаючы сухі парудзелы палын, памчалася на ўзгорак.
Арцёму Іванавічу зрабілася млосна: ён убачыў знаёмы нумар колішняй сваёй машыны. Няўжо Федзя не пазнаў яго? А можа не хацеў пазнаць? А мог жа спыніцца і падкінуць па старой памяці. Тут жа і язды тае на нейкія пятнаццаць хвілін. Каго ж ён павёз? Пэўна, Сцёпку Голуба, таго самага Сцёпку, што некалі асцярожна стукаўся да яго ў кабінет і не адважваўся сесці. А цяпер — Сцяпан Кірылавіч, сам старшыня, гаспадар раёна...
І так зрабілася крыўдна і горка, адзінока, пуста і халадней, як было. Зноў замжэў ціхі веснавы дождж, зацягнуўся сіняватай смугою далягляд, а на ім то знікала, то з'яўлялася чорная кропка райвыканкомаўскай «Волгі».
«Пэўна, усё ж не пазнаў»,— суцяшаў сябе Арцём Іванавіч і ўспомніў, як бурчаў на Федзю, калі той хацеў падвезці якую-небудзь здарожаную бабульку або інспектара райана. «Усіх не перавозіш. А каб не вярэдзіць добрую душу, не глядзі па баках. Пры староннім жа чалавеку ні пагаварыць, ні падрамаць нельга, а якая-небудзь старая яшчэ пачне галаву тлуміць сваімі скаргамі. Адным словам, забараняю».
Читать дальше