— А хіба дрэнна быць чырвонагвардзейцам? — глянула Праскоўя на Юшкова і на Кузьму. Кузьма маўчаў. Яму думалася: чаму яна нічога не пытае пра свайго мужа? Даведацца пра ягоную смерць не магла. Значыць, проста забылася пра яго. Убачыла новых кавалераў, новых бугаёў — і забылася. Няўжо яна такая?
Ён нахмурыўся і сказаў:
— Кандрат табе прывет шле. І Сяргею. Праскоўя перамянілася з твару, дакранулася рукой да шчакі, ціха прамовіла:
— Дзякую...
І нават не пацікавілася — як у мужа справы, як са здароўем. «Праўду кажуць, кароткая бабская памяць, — толькі мужык за парог, а яна з другім на палок... І гэтая, пэўна, з такіх жа...»
Кузьма шумна ўздыхнуў і сказаў Юшкову:
— Давай, Іван, яшчэ па адной вып'ем. За светлую памяць Анюты...
У гэты час загрукалі ў калідоры — нехта абіваў снег з ног. Адчыніліся дзверы, і ў пакой увайшоў — не, хутчэй за ўсё ўскочыў — Васька Шворан. Быў ён расчырванелы, вясёлы. Шапка збіта на патыліцу. З-пад шапкі тырчаць мокрыя і таму бліскучыя валасы. Ён глянуў на Кузьму і адразу, задыхаючыся, спытаўся:
— Ты шапку абяцаў салдацкую з фронту прывезці. Прывёз?
— А ў нас здароўкаюцца, браце мой, — строга глянуў на яго Юшкоў і нават пагрозліва выскаліў зубы, як гэта ён умеў рабіць, жартуючы.
Васька, глянуўшы на такога сярдзітага дзядзьку, зрабіў крок назад, да дзвярэй.
Кузьму зрабілася вельмі няёмка — як гэта ён, сапраўды, забыўся. Словы на вецер пусціў, паабяцаў і забыўся. А хлопец чакаў. Хто ж яму болей прывязе? Можа, нават ноччу снілася гэтая шапка.
Ён узняўся з крэсла, падышоў да Ваські, паклаў яму руку на плячо.
— Прабач. Забегаўся я па службе, закруціўся. Шапку я табе ў наступную нядзелю прывязу, абавязкова. Добра?
У цёмных Васькавых вачах трапятала такое расчараванне, такая крыўда, здавалася, вось-вось слёзы пырснуць. Але ён пракаўтнуў у горле камяк крыўды, згодна кіўнуў галавой:
— Добра. Хай у тую нядзелю. Дык я пабягу на вуліцу.
І, яшчэ раз спалохана глянуўшы на Юшкова, Васька выскачыў з хаты.
— Праштрафіўся я, — разгублена ўсміхнуўся Кузьма.
Яшчэ трохі пасядзелі за сталом, але размова не клеілася. Кузьма адчуваў, што ва ўсім вінаваты ён сам. Не ідуць у яго з горла словы, як успомніць тое балота, у якім сканаў Кандрат Лусковіч, як паглядзіць на яго жонку. Юшкоў, пэўна, таксама знайшоў бы, што сказаць, але ў яго свая прычына — прыйшоў першы раз, не ведае, што ў Праскоўі з Кузьмой, і таму маўчыць, чакае.
— Засумавалі мае госцейка — уздыхнула Праскоўя. — Не ўмею я весяліць. — Яна раптам паглядзела на іх, сказала: — Ведаеце што. Пойдзем у электратэатр на Захар'еўскую. Там пра вайну паказваюць.
— Гэта дзела, — узрадаваўся Юшкоў. — Піць нам болей не паложана, а прагуляцца — з вялікай прыемнасцю...
Ён глянуў на Праскоўінага сына:
— Сяргея таксама возьмем?
— З ім Васька пасядзіць. Той самы, каго вы так напалохалі...
Утраіх яны выйшлі на вуліцу. Праскоўя, у доўгім сінім паліто з вялікімі бліскучымі гузікамі, у чорных боціках, з прыгожай футравай шапачкай на галаве, стала пасярод, узяла Юшкова і Кузьму пад рукі. Шчокі яе чырванелі — ці то ад марозу, ці ад хвалявання.
Кузьма спінаю адчуваў жаночыя позіркі з акон барака. «Ну цяпер трымайся — усе костачкі перамыюць, — халадзеючы, падумаў ён. — Нам яшчэ нічога. Нам, як той казаў — зрабіў сваё, ды ў кусты. А яна? Салдатка. Жанчына з дзіцем на руках. І на табе — адразу двух мужыкоў падчапіла пад рукі, пад вокнамі ва ўсіх пайшла».
Ён адчуваў яе цёплы мяккі локаць. Было няёмка: няўжо так хутка забылася яна пра Кандрата? Але было і прыемна. Было прыемна ісці побач з ёй, прыгожай, смелай, яшчэ такой маладой. «Хай глядзяць, — падумалася яму, — не векаваць жа ёй у чатырох сценах, не труціцца, як Анюце. Яна, можа, больш, чым хто, мае права на чалавечае, на жаночае шчасце».
— Эдэм, — прачытаў Юшкоў вялікія літары над уваходам у электратэатр: — А што гэта такое?
— Не ведаю, — сказала Праскоўя. — Так электратэатр называецца...
Кузьма яшчэ ні разу тут не быў. Усё яго здзіўляла: і мноства народу, вясёлага, добра апранутага — прычым вельмі многа было дзяўчат і жанчын; і крэслы, што доўгімі шарэнгамі стаялі адно каля аднаго; і яркае святло, якое лілося аднекуль зверху. На сцяне вісела вялікая белая матэрыя, падобная на звычайную прасціну.
— Нашы месцы тут, — сказала Праскоўя, і яны селі непадалёку ад уваходу.
Кузьма сеў злева ад Праскоўі. Неўзабаве патухла святло, недзе зайграла, забрынкала музыка, і белая матэрыя асвяцілася. І па ёй забегалі жывыя людзі. Кузьма ўжо чуў, што ёсць такая штука, у якой на сцяне паказваюць жывых людзей і розныя машыны, але ўпершыню сам убачыў такое. Ён сядзеў, моцна ўчапіўшыся рукамі ў ручкі крэсла, і не дыхаў. «Трэба ж дадумацца да такога», — здзіўляўся ён.
Читать дальше