— Кінь ты ўсё гэта, — павесялеў Юшкоў і збіў на патыліцу сваю шапку. — Слухай. Сёння мы з табой пойдзем у горад. Рамнёў адпусціў да вечара. Куды, думаеш, нам ірвануць? У губернатарскі сад ці, можа, на Троецкую гару?
— Хто ж зімой у сад ходзіць? Зімой трэба некуды ў цёплае, — Кузьма ўзрадаваўся гэтай навіне і, падумаўшы, прапанаваў:
— Пойдзем да адной знаёмай...
Юшкоў разявіў ад здзіўлення рот і зморшчыў лоб, але не стаў распытваць, бадзёра стукнуў кулаком аб кулак:
— Ну то слухай свайго бацьку, ён дрэннаму не навучыць. Бягом на конку!
Калі ўжо ехалі на концы, Кузьма сказаў:
— Да Лусковічавай жонкі Праскоўі завітаем...
— Цю-ю, — прысвіснуў Юшкоў. — Да жонкі... А я думаў, чым-небудзь саладзейшым пахне.
Ён раптам пасур'ёзнеў, глянуў на Кузьму:
— Да чыёй, кажаш, жонкі? Кандрата Лусковіча? Дык яго ж ужо...
— Забіла, — дагаварыў Кузьма. — Але Праскоўя пра гэта не ведае. І не павінна ведаць.
Юшкоў прахукаў, а потым пракруціў вялікім пальцам у лёдзе на шкле дзірачку. Прыціснуўшыся да шкла загарэлым ілбом, глядзеў у гэту дзірачку і быў падобны на хлапчука, што падглядвае за нечым забароненым, дужа цікавым. Час ад часу ён гаварыў:
— З чырвоным сцягам прайшлі... Малец бяжыць па рэйках, пэўна, свіснуў што-небудзь у гандляркі... Улан з нашай дзяўчынай ідзе... Камендант гарнізона Крывашэін у сваім аўтамабілі паехаў...
Гаварыў гэта ўсё ён сур'ёзна, быццам ад гэтага залежала, даедуць ці не даедуць яны да Праскоўі Лусковіч. Кузьма з лёгкай усмешкай глядзеў на свайго сябра і баявога камандзіра і ўжо не першы раз думаў: які ўсё-такі Юшкоў непадобны на іншых, як жывуць у ім побач і суровы адчайны мужчына і наіўнае даверлівае дзіця.
Злезлі з конкі, купілі ў краме цукерак і пайшлі на Багадзельную. Кузьма адчуваў, як нарастае ў ім хваляванне.
— Ты ж глядзі, Іван, пра Кандрата ёй ні слова. Жывы, здаровы, прывітанне перадаваў. Вось і ўсё, — нагадаў ён Юшкову.
Праскоўя мыла падлогу. Яна так і застыла з мокрай анучай у руках, босая, расчырванелая. Малы сядзеў на ложку і з яловых шышак рабіў звяроў і птушак.
— Прымай гасцей, гаспадыня, — сказаў Кузьма, прыпыніўшыся на парозе.
Яна яшчэ больш пачырванела, хуценька кінула ім пад ногі анучу.
— Заходзьце... заходзьце...
— Юшкоў, — стукнуўшы абцасамі, пакланіўся і падаў Праскоўі руку Юшкоў.
Праскоўя, відаць было, рада прыходу гасцей, і радасць гэтая разлівалася чырванню па шчоках, маладзіла яе, рабіла рухавай і дужа прыгожай. Кузьма не мог адарваць ад яе вачэй. Ён з нейкай незвычайнай цеплынёй і вастрынёй адчуў, што ў ім загараецца, напаўняе сэрца радасць. Колькі ж ён не быў тут, у гэтым маленькім ціхім пакоі? Месяцы са два. Значыць, увесь гэты час, можа, незаўважна для сябе, падсвядома, ён чакаў вяртання сюды, чакаў сустрэчы. І яму было прыемна бачыць тыя самыя фікусы на акне, самаробныя зэдлікі і крэслы, белыя фіранкі, бярэмца сухіх дроў каля печы. Столькі за гэтыя месяцы адбылося змен на свеце, столькі пралілося слёз і крыві, столькі было гора і шчасця, а тут усё заставалася такім, як тады, быццам чакала яго.
— Які ж ты, брат, жоўценькі, — падышоў да Праскоўінага сына Юшкоў і ўзяў яго на рукі. — Цягай дзядзьку за вусы. Не хочаш? А як завуць цябе?
— Сяргейка, — адказаў малы.
— Бяры цукеркі, Сяргей.
Селі за стол. Праскоўя прынесла на закусь усё, што магла: агуркі, капусту, хлеб. Паставіла бутэльку з чырвонай наліўкай.
Кузьма глянуў на Юшкова.
— Можна, — сказаў Юшкоў. — За знаёмства і за ўсё добрае можна...
Выпілі. Кузьма адчуў, як па ўсім целе пакацілася мяккая цёплая млявасць.
— А дзе ж Анюта? — спытаўся ён.
— Няма яе, — спахмурнела Праскоўя.
— Можа ў Піцер паехала?
— Няма. Атруцілася. У нас на фабрыцы сушыльная печ ёсць, дзе табаку сушаць. Дык яна ў абед залезла туды, зачынілася... Калі знайшлі рабочыя, ужо мёртвая была.
Гэтая навіна аглушыла Кузьму. Не хацелася паверыць, што ўжо няма на свеце гэтай ціхмянай, сумнай, няшчаснай і прыгожай дзяўчыны. Ён успомніў, як яна гаварыла з ім, як усё старалася не глядзець у твар, а калі ён пайшоў з барака, доўга пазірала ўслед, прытаіўшыся за фіранкай. Некалькі хвілін усе маўчалі, бо навіна абдала холадам, замарозіла вусны. Потым Кузьма пацікавіўся:
— А як у цябе справы? Праскоўя ўспыхнула:
— У мяне ўсё пакуль што добра. Я ўжо начальства. У рабочым кантролі на фабрыцы саетаю.
— Ого! — прыгладзіў вусы Юшкоў. — Дык мы з табой, Праскоўя, абое ў людзі выбіліся пры Савецкай уладзе. Кузьма вось толькі адстае.
Читать дальше