— У што пераапрануць? Усё ягонае на ім…
— Не ў куртцы ж хаваць… Хоць бы кашулю белую…
— Няма ў яго белай кашулі…
— У мяне ёсць, Антаніна купіла… І сарочка, і гарнітур…
У шафе вазьміце, — сказаў Нічыпар, і Казімір спытаў, да шафы пратупаўшы і касцюм з яе дастаючы:
— А ты сам хіба паміраць не збіраешся?..
Дзіўна ўсё ж, што Зэнусь памёр, а Казімір жывы. Ды яшчэ, чаго добрага, Нічыпара перажыве, хоць і старэй шы… Нічыпар паспрабаваў зазірнуць Казіміру ў вочы, але ў іх не напісана было: перажыве, ці не?..
Казімір з папом распранулі Зэнуся, з большага абмылі, пачалі апранаць. Поп куляў нябожчыка з боку на бок, а Казімір нацягваў на яго апратку, купленую Антанінай на смерць Нічыпара…
Апрануты, Зэнусь выглядаў прыгожа. Пагарадскому…
— Яму б і гальштук пасаваў, — сказаў Казімір. Гальштука ў шафе не было, затое была труна на гарышчы, і Нічыпар падняў руку, паказаўшы ў столь:
— У мяне труна на гарышчы…
Зняць труну аднаму папу было не пад сілу, вырашылі зрабіць гэта заўтра…
— Пайду ў сельсавет даведку напішу, што памёр, — зазбіраўся Казімір. — Во лёс: дзіця з жонкай забіць, са мому ледзьве не забіцца, а памерці ў хаце бацькі таго дзіцяці, ды яшчэ…
Казімір асекся.
— Дагаворвайце, — сказаў поп. — Вам таксама не лішне павініцца.
— А я тут пры чым? — заўпіраўся Казімір. — Тут я зу сім не пры чым. — І адразу ж згадзіўся з папом. — Хоць, мусібыць, праўда ваша: не было б таго — не было б гэ тага…
Нібы ўспомніўшы, што ён хворы, Казімір кашлянуў раздругі, сеў на лаву. Расшпіліў паліто, якое не здымаў нават тады, калі прыбіралі Зэнуся.
— Гэтага ж ніхто не бачыў, як яно было… можа, проста зляцеў з дарогі на тым матацыкле, які купіў… Замачыў, можа, купіўшы, і на падпітку быў… Але, калі са мной выпіваў, дык плакаў, што наўмысна. Крычаў, што не вытрываў, гледзячы на твайго сына, які ён падобны на цябе і як яна яго любіць, звар’яцеў ад гэтай самай рэўнасці, сам звярнуў з дарогі, калі яны ўтраіх на тым матацыкле пад той Масквой ехалі. Сабе спіну зламаў, а яны… — І Казімір падняўся. — Вось так… Каяўся ён. Да руй, Нічыпар.
Ніякавата пастаяўшы і не дачакаўшыся адказу, Казімір рушыў да дзвярэй.
— Ну, як сабе хочаш…
— Пачакай, — спыніў яго Нічыпар. — Ты помніш, як мы з табой золата знайшлі?
Казімір прыпыніўся нерашуча:
— Помню…
— І дзе яно?
— Дык здалі…
— Вово… Усё здалі…
Нічыпар не казаў болей нічога, Казімір узяўся за клямку, тая бразнула жалезам аб жалеза, і Нічыпар спытаў:
— А скажы, Казімір, калі б я…
— Што?
— Калі б я тады прапанаваў падзяліць золата, ты ўзяў бы палову? Толькі шчыра скажы, як на споведзі…
— Дык ты ж не прапанаваў, — не марудзячы, адказаў Казімір і, пазмагаўшыся з намоклымі дзвярыма, адчыніў іх і зачыніў за сабой, нават з папом не развітаўшыся.
Поп стаяў, уважліва ўзіраючыся ў твар Зэнуся.
— Як прасвятлеў… Вось што значыць паспавядаўся… пакаяўся… А нашто вы сказалі, што яны на мяне нага ворвалі?
— Хто яны?..
— Зэнусь з Казімірам.
— Дык не толькі яны… Усе… І яны…
Падсунуўшы крэсла бліжэй да Нічыпара, поп сеў.
— Ведаеце, мой бацька і дзед святарамі былі, дзеда саслалі… Пятнаццаць гадоў па лагерах, цудам выжыў. Калі вярнуўся, амаль нічога не распавядаў, толькі адну гісторыю. Іх па Енісеі на баржы да лагеру цягнулі, а ўжо чутка прайшла, што ў вусці Енісею, за Ігаркай, баржы топяць. Разам з тымі, хто на іх… Нехта не верыў: як гэта?.. А хтосьці да смерці рыхтаваўся: маліўся, спавядаўся… І адзін адкрыўся святару ў забойстве. І прызнаўся, што не раскайваецца, не шкадуе, што забіў. Усіх бы, сказаў, пазабіваў, бо лютую меў да ўсіх людзей нянавісць. Так сама і да Бога, які іх стварыў… Амаль жа ўсе астатнія казалі, што любяць Бога як і блізкіх сваіх… І вось калі баржа тануць пачала, выпадкова, бо яе ад буксіра адар вала і аб скалу прыбярэжную ўдарыла, дык людзі на тую скалу адзін па адным караскаліся. Па блізкіх сваіх. Па спінах, па галовах, адзін аднаго топчачы і скідваючы ў ваду. І святара, дзеда майго скінулі… Ніхто й не падумаў дапамагчы яму зратавацца, апроч аднаго чалавека. Таго, які прызнаўся ў забойстве і нянавісці да людзей. Паспавядаўся…
Поп гэтак жа ўважліва, як толькі што ў твар Зэнуся, угледзеўся ў твар Нічыпара. Нічыпар не адвёў вачэй:
— Вы да чаго гэта?.. Поп падняўся.
— Так, успомніў… Свечкі ў вас ёсць? Трэба было б свечку паставіць.
— За абразом на чыстай палавіне. Калі Антаніна дзверы туды не замкнула, яна замыкае…
Читать дальше