Успомню,
Як ішлі з сявенькамі
Дзяды па вузенькіх шнурках
I, перш чым кінуць,
зерня жменьку
Пяшчотна лашчылі ў руках.
Ступалі ціха, крок за крокам,
Адно у клопатах было:
Не заараць яго глыбока,
A кінуць так, каб узышло...
Лісты разгладжваю далоняй,
Гару ў жывым святле надзей:
Я, нібы зерні, словы сёння
Хачу пасеяць між людзей.
Мне, як дзядам маім, нялёгка,
Ва мне ix мары ажылі —
Не мелка сеяць, не глыбока,
А каб у сэрцы узышлі!
Грамадзянскія матывы, адкрытая (і абгрунтаваная!) публіцыстычнасць вершаў «На беразе Урала», «Антыюбілейнае», «Гімн вечна жывым», «Пігмеі», балючая няўрымслівасць твораў пра вайну («Балада пра ўзараную зямлю», «Шырокія дарогі i вялікія» і інш.) суседнічалі з цнатлівымі i кранальнымі вершамі пра каханне, пра маладосць. I было ў гэтых вершах яшчэ нейкае сумнае пачуццё імгненнасці, незваротнасці часу i бунт супраць гэтай незваротнасці, a дзе-нідзе i падсвядомы жах перад ёй. Але пры ўсім пры тым вершы яго гучалі аптымістычна, бадзёра, a тужлівыя ноткі не з'яўляліся беспрычынна, адпавядалі гарманічнаму зліццю пачуццяў радасці і гора ў душы чалавека. Бо ноччу ён пісаў пра раніцу, а восенню — пра вясну.
Цяжка, вельмі цяжка было б яму не адгукацца хутка на ўсё, што адбываецца на свеце. Усе праявы жыцця, яго самыя ледзь заўважныя адценні, якія, бы зіхоткія дыяменты-промні сонца, ліліся з усіх бакоў, сагравалі i цешылі — вось заўсёдная i бясконцая тэма яго паэзіі, вечная тэма паэзіі ўвогуле.
Выйшла ў свет «Азбука», пачалася праца над наступнай кнігай, авалодаўшы пачуццём, неабходна стала ўтаймаваць думку, адкрыўшы лёгкасць — узняць глыбіню.
Пісаў ён шмат, за адну ноч з'яўлялася да чатырох вершаў, якія, праляжаўшы з месяц у шуфлядзе стала, альбо ішлі ў друк, альбо вярталіся ў шуфляду назусім. Спяшаўся. Атрымоўвалася нямала няўдалых вершаў, іншыя проста не хапала часу дапрацаваць. На ноч заўсёды рыхтаваў каструлю чорнай, без цукру, кавы, да раніцы яна апаражнялася. Нават калі ехаў працаваць дахаты, у Ордаць, браў каву з сабой. Аднойчы даручыў кухарства маці. Вясковай жанчыне гатаваць падобныя стравы было ў навіну, але малака яна не пашкадавала. Сын рассмяяўся i ад такой кавы адмовіўся, маўляў — не дзейнічае. Затое яна падзейнічала на маці i сясцёр — яны ніяк не маглі заснуць. Яшчэ ўсміхаўся, калі ўспамінаў нядаўняе наведванне ўрача: той катэгарычна забараніў «піць, курыць i пісаць». Пра сваю працу склаў напаўжартаўлівы верш:
Рыфмамі вершы звязваю,
Атрымлівай — што каму,
I запіраю ix, вязняў,
Ў шуфляду, нібы ў турму.
Хто меней сядзіць, хто болей,
Аж покуль не будзе указ,
I не амнісціруе волю
Начальнік няўмольны — Час.
Начальнік! Працуй спакойна,
Табе давяраем мы.
Толькі адных дастойных
Ты выпускай з турмы!
Нямала ўражанняў i вершаў прывёз з Поўначы, зноў прыходзілі ўспаміны дзяцінства, далёкія i размытыя адгалоскі вайны, малюнкі пасляваеннай вёскі. Вельмі цяжка пералічыць усе тэмы твораў Анатоля Сербантовіча 1966-1968 гадоў.
Менавіта ў гэты час паэт ўсур'ёз звяртаецца да жанру паэмы, які дагэтуль не прыносіў яму асаблівага поспеху. З'яўляюцца арыгінальныя паэмы «Міннае поле», «Абвал», «Мост», «Зорныя абдымкі», «Страх». Тры першыя ўвайшлі ў кніжку, чацвёртая — у неапраўдана скарочаным выглядзе, пятая — увогуле ніколі не друкавалася. Паэмы «Страх» i «Зорныя абдымкі» — найбольш буйныя рэчы з умоўнай «бальнічнай» нізкі, нізкі вялікай, якая папаўнялася на працягу ўсяго жыцця i знайшла адлюстраванне ва ўсіх трох зборніках (спецыяльна паэтам не выдзялялася).
«Страх» — паэма пра ўласцівасці нашага мыслення, нашай псіхікі, расслабленай над уздзеяннем хваробы. Малюнкі на сцяне, галасы, нявырашаныя пытанні — усё гэта ў д'ябальскім напружаныі, усё як праклён i ў той жа час — пакутлівае i цяжкае самапазнанне. Паэт любіў гэты твор i пазней, крыху перапрацаваўшы, чытаў сябрам i знаёмым.
«Зорныя абдымкі» ў сваім скарочаным i прыгладжаным выглядзе маюць больш прыватны i звужаны сэнс у параўнанні з рукапісным варыянтам. Зноў бальніца, зноў карагод хітрых масак, i днём i ноччу безліч суровых ценяў, сімвалаў, увасобленае ў нешта ірацыянальнае каханне, барацьба жыцця i смерці. A ў рукапісным варыянце — яшчэ i сумеры глабальныя, подых вечнасці, жудасныя накуты ў крайнасцях паміж чалавечай слабасцю i ўсеадольнасцю:
Я пахаваю i жывых i цені,
I стане свет навек глуханямым.
I я пайду адзін ria гэтым свеце.
Читать дальше