Сёння жыццё форта выглядае ідылічна. Гістарычнае таварытва Мінесоты адрэстаўравала яго. Абслуга носіць грамадзянскае адзенне і ваенную форму 1827 года, ілюструючы ў малюнках і сцэнах «жывую гісторыю». Салдаты стаяць на варце, піляць і колюць дровы, пякуць хлеб, вырабляюць мэблю, рамантуюць у майтэрнях зброю і рыштунак. Жанчыны кухараць, шыюць, мыюць... Бойка ідзе гандаль у краме прадметамі ў стылі тых часоў. Ля прылаўка тоўпяцца цікаўныя, перакідваюцца жартамі і рэплікамі з прадаўцом — ён таксама ў адпаведным касцюме, і ў абліччы — настрой эпохі. Вось унук угледзеў дудачку, цягне бабулю да прылаўка, тая ў чымсьці сумняваецца. Тады прадавец бярэ дудку, гучыць мелодыя. Сумненні развейваюцца: бабуля вымае з сумачкі долары — зусім сучасныя...
А ў цэнтры пляца каманда бамбардзіраў зараджае гармату: рытуал разлічаны па секундах, выкрыкваюцца камандзірскія загады; нарэшце — кульмінацыя: стрэл! Натоўп наведнікаў рассейваецца — тым больш, што афіша заклікае: «Агледзець усе будынкі і задаваць пытанні персаналу». Апошняе падкрэслім спецыяльна: абслуга, не пазбаўленая і акцёрскіх здольнасцей, «уцягвае» на сваіх аб'ектах у дзею, уступае ў дыялог з наведнікамі: ідзе далучэнне да гісторыі, выхаванне гісторыяй. А будынкі, дарэчы, «Круглая вежа» і «Дом палкоўніка Снэлінга» - «самы стары будынак» і «самы стары дом у штаце Мінесота»... А гэтае «самы стары» — усяго толькі... з 1825 года. Прыгадаем і нашу Белую вежу і наша «маладое» Траецкае прадмесце ў Мінску і пагодзімся: як не хапае нам гістарычнага напаўнення на гэтых астраўках гісторыі. Хай бы ў тым жа прадмесці запанаваў і побыт, і касцюм эпохі — як бы прыцягвала гэта людзей, як бы выхоўвала! А на чарзе ж грунтоўная распрацоўка праграмы дзейнасці гісторыка-этнаграфічнага музея пад адкрытым небам. Дык ці не прыдасца тут вопыт далёкага форта Снэлінга ў штаце Мінесота?
Ведаючы, што ў Мінску распрацоўваецца праект заапарка, заўважу і такую дэталь — як гэта зроблена ў Дэтройце: там гледачы, наведнікі не тоўпяцца ля вальераў і клетак, а праходзяць над імі па спецыяльна абсталяванай паветранай дарозе-памосце. Гэты маршрут «праводзіць» над самымі цікавымі мясцінамі, дазваляе зазірнуць у самыя патаемныя куточкі, не турбуючы звяроў і птушак, — як бы ў натуральных умовах (небяспечныя месцы дарогі падстрахаваны засцерагальнай сеткай у дадатак да звычайных парэнчаў-бар'ераў).
Размах музейнай справы ў ЗША проста здзіўляе. Збіраюць усё і экспануюць усё — ад шаманскіх масак эскімосаў да навінак суперсучаснай тэхнікі, дзе, як да прыкладу, у Вашынгтонскім муеі авіяцыі і касманаўтыкі, можна нават зайсці ў кабіну касмічнага карабля, прымерацца ды прыкінуць ва ўяўленні сваё пачуванне ў палёце, а то і стаць пад касмічны душ спецыяльнай камеры-лазні — праўда, без вады. І не здзіўляйцеся, калі дазнаецеся, што амаль усе музеі тут бясплатныя (білеты прадаюцца толькі на якія-небудзь спецыяльныя, часовыя экспазіцыі ці дэманстрацыі — хоць бы касмічнага кінападарожжа, дзе звычайнае крэсла ў зале, дзякуючы аптычным, гукавым і іншым эфектам, раптам сапраўды пачынае здавацца крэслам «Чэленджэра» — таго самага «шатла» — касмічнага апарата шматразовага выкарыстання: ілюзія тваёй прысутнасці ў яго кабіне, побач з астранаўтамі, такая, што пачынаеш сапраўды адчуваць нешта накшталт бязважкасці — крэсла як бы выплывае з-пад цябе...).
З асаблівым: гонарам вадзіў нас Жорж Шынкар па музеі Генры Форда ў Дэтройце. Сам тэхнар, захоплена і з веданнем справы расказваў ён то пра інжынерскую вынаходлівасць і дасціпнасць Стаймеца, да якога звярнуліся па дапамогу: як пазбегнуць вялікай вібрацыі генератара? Узяў Стаймец аловак, паслухаў рытм механізма і, накрэсліўшы крыжык на махавіку, сказаў: «Тут прасвідруйце адтуліну». І дзіва — генератар набыў устойлівасць, перастаў разгойдвацца. Калі ж спыталіся ў Стаймеца аб плаце, ён, не вагаючыся, назваў лічбу: 5000 долараў.
— За што?! — абурыўся Форд.
Адказ быў такі ж лаканічны:
— Адзін долар за аловак і 4999 за тое, што знаў, дзе паставіць крыжык...
То пры ўваходзе ў залу музея, пазначаную сімвалам — машынай маркі «Форд» з надпісам «Абцякальная Амерыка», — пачынаў Жорж тлумачыць, што ёсць абцякальнасць: «Такою вось, як форма гэтага аўтамабіля — абцякальнай, — павінна быць і эканоміка, каб хутчэй рухацца ў сваім развіцці...»
То спыняўся ля ветрака і, нагадваючы пра пошукі чыстых крыіц энергіі, што прапагандуе партыя зялёных у ФРГ, — паказаў з міжвольным, неўсвядомленым, але нейкім сімвалічным на наш слых пераносам націску на першы склад: «Ветраны млын»...
Читать дальше