Натальля Арсеньнева
Пад сінім небам
Пад сінім небам… (Замест прадмовы)
Ад злых, няветлых песьняў гора,
ад змораў шэрае зямлі
у неба сіню, ў неба мора
ты зрок прысталы падымі.
У сінім небе няма распачы
глухой, што гасіць паволі ўсё,
пад сінім небам усё іначай —
здаецца сьветлым, як сны, жыцьцё,
Такім нязнаным, дзіўным, узьлётным,
жыцьцём-натхненьнем бязь сьлёз, турбот.
У сінях неба несьмяротных
бясконцым сьветам сплыве год.
Дык гэй у неба, у край бязь сьценяў,
Ад зла, нязбыўнага ў жыцьці,
на белых крылах летуценьня,
Пясьняр, па слова-чар ляці!
*** Сонца вясьнянае ў золаце косаў…
Сонца вясьнянае ў золаце косаў,
срэбныя вербы на плёсах бялёсых,
восені зырка-чырвонай пажары,
ночныя зводы і ночныя чары,
сэрца развагі і сэрца парывы,
песьні, што ўлетку сплываюць на нівы,
плач лесуна, сінь вазёр лебядзіных,
жахі глухое паўночнай гадзіны,
долі пакора і з доляй змаганьне,
роднай старонкі ціхое каханьне, —
ўсё, што у думках нясьцішных пяе, —
вершы мае.
Сонца заходзіць… На вежах кляшторных
скрозь загараюцца тысячы зорных
зырка-чырвоных агнёў…
Хораша… Сэрца ж міжвольна імкнецца
ў край, што яшчэ харашэйшым здаецца,
родны, найлепшы з краёў.
Там… Там усё быццам так, а іначай
хваляй у сэрца ліецца гарачай,
там… Там усё мне мілей:
сіняе, сіняе неба бясконца,
шчыра вясёлае, яснае сонца,
далеч бязьмежных палей.
Там, там у гожыя, цёплыя ранкі
песьняю срэбнай вітаюць жаўранкі
першыя пробліскі дня,
песьняю будзяць ціхія лагчыны,
дзе яшчэ пасмам густым, цёмна-сінім
сонна калышацца ймгла.
Сонца расу там усьмешкаю сушыць,
вецер там краскі калыша, варушыць,
хваляй плыве па лугох,
хвоек зялёных шумяць верхавіны,
ў жаху адвечным трапечуць асіны
ў змрочных, гушчарных барох.
Вёсны там… Пешчы нясьмелыя сонца
будзяць жыцьцё пакрысе у старонцы,
робіцца неба сіней,
вецер крыніцай пад небам плюскоча,
нешта зямлі веснавое шапоча,
звоніць, пяе ў лагчыне.
Леты там… Хвалі па жыце лунаюць,
колер зялёны на срэбны мяняюць,
срэбны на сіні, сівы…
Сьцежкай вузкой у жытох заблудзіцца —
золатам можна накрыцца, заліцца:
жыта — вышэй галавы.
Восень там… Постаці жоўтых бярозаў,
ліст, парудзелы ад першых марозаў,
скрозь пад нагамі шуміць,
плавае зь лёгкаю хваляю ветру,
срэбрам блішчыць у празрыстым паветры
ніць, павучыная ніць…
Зімы там… Песьні дзікія завеі,
ночы глухія, у небе лілеі —
краскі сьцюдзёныя зор,
бор, што прыбраны у сьнежныя шаты,
высіцца пышны, магутны, багаты,
топчачы сьценяў узор…
Вёскі там… Мох, саламяныя стрэхі,
чырвань рабін у садку для пацехі,
студня з даўгім жураўлём,
куст недацьвілай, апалай паўрожы,
крыж учарнелы ў канцы раздарожжы,
дах ад дажджу над крыжом.
Вечарам травеньскім тут, на растані,
людзі пяюць, адмаўляюць літаньні,
кленчаць на цёплай зямлі…
Кленчаць, а сонца за вёскай зьнікае,
ніткай густой, залатой падтыкае
крыж, і людзей, і палі…
Верай магутнаю, сьветлаю сілаю
вее над гэтай грамадкай пахілаю,
надзіць прыгожасьцяй май…
Нават адзін абразок гэткі ў полі —
й сэрца цябе не забудзе ніколі,
родны мой край!
За ніўямі, балатамі,
за хваёвымі барамі
ёсьць празрыстая крыніца.
Ўсе атруты, ўсе пакуты
з сэрца людскага, бы путы,
зьніме дзіўная вадзіца.
Лечыць цела, што збалела,
і душу, калі змарнела,
веру, моц ліе у грудзі.
Вось гадамі з калітамі
да яе й брыдуць лагамі
горам гнобленыя людзі.
Толькі ж горкая дарога
да яе… Людскім нябогам
гэтым — сьмеласьці ды сілы
не дастала… З паўдарогі
іншых пушчы і разлогі
завярнулі… Тых вунь зьбілі
з ног ці гора, ці турботы,
ці мо сьлёзы адзіноты.
Зноў жа гэтыя згубілі
веру ў долю, ў свае сілы,
ў сілу дзіўнае крыніцы.
А бязь веры — стой дзень цэлы,
не, ня дасьць здароўя целу
жыцьцядайная вадзіца.
Ды нялёгка і далёка
нават зь вераю глыбокай
дашукацца той паляны,
дзе зялёнаю лагчынай
мкне удалеч ручаіна,
гоіць сэрца, гоіць раны
над вадою над жывою,
дзе ківаюць галавою
сіняватыя вярбіны,
дзе на словы людскай мовы
сьвежы, сонечны, бы новы,
грае бор на ўсе галіны!
Тут у цішы ўбогі, хворы,
пазабыўшы крыўды й гора,
неўзабаве схамянецца.
Сілы — дасьць яму крыніца,
веру — сонца, што іскрыцца,
сьмеласьць — неба, што сьмяецца.
Дзень сьпяе пра шчасьце з воляй,
ноч спаўе ціхой патоляй,
замірыць з жыцьцём нямілым…
Гляне ў неба — й зноў паўстане
на няроўнае змаганьне
верны сын зямелькі шчырай!
Читать дальше