Дык вось — аб вершах, якія нарадзіліся.
І не толькі. Яны выйшлі ў людзі. Маю на ўвазе ўсяго толькі адзін нумар часопіса «Першацвет», на вокладцы якога пазначана: «Кастрычнік, 1995». Чаму «ўсяго толькі адзін»? Ды проста так атрымалася. Мог бы і іншы нумар «абазвацца»: «Першацвет» шчодры на імёны і знаёмствы.
І ўсё ж — аб «нашым»: № 10...
Пэўна, «зачапілі» за жывое двое: Кацярына Варанцова і Ігар Шарай. Іх паэтычныя нізкі стаяць побач, упоплечкі, чуюць дыханне і пульс адна адной...
«Вершы пішу змалку, але пачуццё таго, што гэтая змучаная, усё роўна як сонная, зямля — мая Радзіма, прыйшло не так даўно. Мяне вельмі турбуе лёс Беларусі, беларускай мовы, гісторыі і культуры. На жаль, пакуль я нічым не магу дапамагчы маёй краіне (мне толькі семнаццаць гадоў), акрамя як сказаць у яе адрас колькі шчырых слоў».
Што ж — для семнаццаці і гэта не мала. А яшчэ калі і словы тыя, мяркуючы па фота, — зусім дзеўчаняці, праўда, з чупрынай задзірыстай, па-чаротаўску віхравейнай... Гэта Кацярына Варанцова, са Слуцка:
... топчуць краіну каменныя людзі...
І -
Стаяць і смяюцца каменныя людзі,
смяюцца, таму што ў нямое каменне
паспелі яны апрануць пакаленне...
Каця разумее, што яна з гэтага пакалення. Але — не з «каменных». Бо на вуснах у яе пытанне: «Чаму гэтак сталася, што з намі будзе?..» На вуснах — бо пытанне не толькі і не сама да сябе, а найперш — да пакалення: «Як жа вам, бязглуздым, даказаць, што на гэтай мове можна марыць!» Хай не надта выкшталцона з боку паэтычнага, але затое — не ў брыво, а ў вока!.. Як і гэты запыт — ужо не да пакалення, а ад імя пакалення:
Нам трэба ведаць: з кім: ісці,
галоўнае ж — куды.
Запомнім: гэта Кацярына Варанцова пытаецца і шукае адказы на свае пытанні...
У Ігара Шарая (ён з Белаазерска) пытанняў менш — больш сцверджанняў. Але ў іх гэткі ж самы боль і крыж пакалення, хоць ён не ўсеагульны, не ўсёахопны, а вельмі асабісты, інтымны:
Ну вось і мы здарожыліся.
Колькі нам засталося?
Вечнасць альбо ўздых?
І нашы стрэчы — быццам нашы болькі:
чым больш баляць, тым болей прагнем іх.
Цяжка быць фізіянамістам, асабліва на аснове двух фотаздымкаў. Але от жа гэтыя прычоскі, гэтыя вусны... Якія розныя яны! Зноў і зноў параўноўваю, не крыўдзячы нікога, а знаходзячы «нервовыя» нітачкі ад зрокавага да сутнаснага: Ігар, прыкладам, і да абранніцы — толькі на «вы»:
не трымайце, — калі не да сэрца,
не ганіце, — калі да душы...
Ён і з жыццём у своеасаблівых, як бы тут сказаць, не «гераічна»-наступальных, а ў медытатыўна-засяроджаных стасунках:
О не, яшчэ не думаем аб смерці.
Адкуль жа прысмак смерці на губах?
На што Кацярына Варанцова, як вастрыё стралы, скіроўвае: «і лёгка так згаджаешся на смерць...», — адрасаванае асенняму лісту, а між тым і (невядома-незнаёмаму) Ігару... Хлапечая хватка ў гэтай Каці!..
Не хацелася б вышукваць нейкія праекцыі, скажам, на Каменнага госця, Камандора, у выпадку з «каменнымі людзьмі», я толькі пра тое, што прачыталася мне, мінуючы ўсялякую папярэднюю зададзенасць. Я і чытаў гэта, каб проста чытаць у штодзённай маёй электрычцы «Мінск — Зялёнае»... А вось хацеў бы парадавацца і з вамі, усімі, хто любіць паэзію (ёсць паэты — жыве надзея!). Парадавацца, калі б не горкія думы, прамоўленыя юнымі — мудрымі і абцяжаранымі (?) жыццём...
Р. S. (2008). Хацеў бы парадавацца і цяпер — праз «тузін» гадоў: як узмужнелі тыя паэтычныя парасткі?.. Нічога нідзе не давялося прачытаць... Маўчанне?.. Спытаўся ў Алеся Масарэнкі, натхняльніка і кіраўніка (усё, на вялікі жаль, у былым...) як суполкі юных паэтаў, так і часопіса «Першацвет». Нічога не ведае і ён...
Застаецца пэўным толькі адно: думкі, выказаныя тады юнымі, гучаць падзённа, горка, балюча і сёння — прыкмета сапраўднай паэзіі...
МАСНІЧКА Ў СВЕТ СУНІЧНЫ...
Здаецца, лёс ад самага пачатку творча спрыяў Алене Якаўлевай — яе паэтычныя мроі шчасліва супалі з паэтычнай аўрай роднай вёскі Ігрушка...
Прамовіш адно толькі назву — і ўжо ва ўяўленні адразу ўзнікаюць белыя сады ў вясновай квецені. І дзесьці на ўскрайку поля, на мяжы, — летуценная, задумная, светлай аблачынкай — ігруша...
Я сам мог бы засведчыць гэта. Не злічыць, колькі разоў мой шлях дадому, у Мачулішча, і з дому — то на закалыханым аўтобусе, то на спадарожнай машыне, а то, здаралася, і пешкі (два дзесяткі кіламетраў) — перасякаў гэтую вёску: так — папярок Ігрушкі — ляжыць дарога, калісьці брукаванка з каркаломнымі выбоінамі, цяпер — асфальтаваная шасэйка...
Читать дальше